Кліп “Не быць скотам” Ляпісы знялі за 12 гадзін
Нацыянальную сімволіку раздрукавалі з інтэрнэта, а вопратку пашылі ўкраінскія стылісты. Пра здымкі кліпа Еўрарадыё распавёў рэжысёр Аляксандр Сцекаленка.
Нашумелы кліп “Не быць скотам” гурта “Ляпіс Трубяцкой” за 2 дні сабраў каля 150 тысяч праглядаў у інтэрнэце. Як распавёў Еўрарадыё аўтар роліка, украінскі рэжысёр Аляксандр Сцекаленка, відэа здымалася ў Кіеве месяц таму. Вобразы і сюжэт, кажа рэжысёр, прыдумляліся лёгка, бо сама ідэя верша Купалы ляжыць на паверхні.
“Наколькі я ведаю, сітуацыя ў Беларусі сумная. Але я спадзяюся, што дзякуючы такім людзям, як Сяргей Міхалок, яна заўтра зменіцца. У кліпе ёсць спроба перадаць нейкую такую ўнутраную энергію, якая рана ці позна стане знешняй энергіяй, яна прарвецца. І яна, уласна кажучы, і была закладзеная ў самім вершы Янкі Купалы. Менавіта таму мы ў кліпе паказвалі такія сімвалы, якія, я спадзяюся, многае азначаюць для большасці людзей Беларусі: узоры, сцяг і г.д. Мы знарок не хацелі паказваць сучасных людзей. А гэта нібыта нейкія архетыпы. Гэта людзі, якія спецыяльна апранутыя пад той час, але маецца на ўвазе любы час, у які могуць адбывацца гэтыя падзеі. Безумоўна, мы хацелі зрабіць гэты кліп актуальным. Спадзяюся, ён такім і атрымаўся”.
На здымкі кліпа пайшло прыкладна 12 гадзін. І калі над вобразамі персанажаў папрацавалі стылісты, то “Пагоню” з бел-чырвона-белым сцягам давялося ўзяць наўпрост з інтэрнэта.
“Сімволіку знайсці не цяжка, як вы разумееце, – тлумачыць рэжысёр. – Увогуле, мы ўзялі яе з інтэрнэта, раздрукавалі ды і ўсё. Што тычыцца адзення, над ім працавалі нашы стылісты. Нешта знайшлі, нешта перашывалі, па-рознаму было”.
З творчасцю Купалы рэжысёр знаёмы толькі павярхоўна, але ніякіх цяжкасцяў падчас працы над відэа не ўзнікла, а незразумелыя словы верша рэжысёру пераклалі:
“Зразумець песню мне было даволі лёгка. Нейкія незразумелыя словы мне пераклалі. Але, як вы разумееце, насамрэч тэкст песні даволі прамы. Там няма нічога, што патрабуе нейкага агромістага складанага асэнсавання. З гэтым акурат ніякіх цяжкасцей не ўзнікала”.
Адзначым, што акрамя кліпа на “Не быць скотам” Аляксандр Сцекаленка ўжо зрабіў два відэа для “Ляпісаў”.