Кыргызстан. Людзей не выпісваюць з лякарняў, студэнтам не аддаюць залікоўкі

111028 LukashS.mp3

Еўрарадыё: Гэтыя выбары – тэст на дэмакратыю ў Кыргызстане. Як выглядае сітуацыя?


Ілля Лукаш: На парламенцкіх выбарах усе без выключэння палітычныя сілы былі зацікаўленыя ў шчырасці і адкрытасці, як урадавыя так і апазіцыйныя партыі. Менавіта дзякуючы адкрытасці, партыя, што на 80% складаецца з прыхільнікаў былога прэзідэнта Курманбека Бакіева, заняла першае месца. Зараз сітуацыя крыху іншая. Праўрадавы кандыдат, былы прэм’ер-міністр, што сышоў у адстаўку на час выбараў, Алмазбек Атамбаеў, з’яўляецца абсалютным лідэрам. Па дадзеных розных сацыялагічных службаў, якія можна паставіць пад сумнеў, яго рэйтынг складае ад 50% да 70% і з месцаў валам ідуць звесткі пра прымяненне адміністратыўнага рэсурса. Часам даходзіць да абсурду: людзей не выпісваюць са шпіталяў, студэнтам не аддаюць залікоўкі пасля здачы іспытаў і ваенныя галасуюць датэрмінова.

Еўрарадыё: То бок, праблема датэрміновага галасавання і фальсыфікацыі вынікаў актуальная для Кыргызстана?


Ілля Лукаш: Так. Але ў адрозненні ад папярэдніх выбараў, упершыню прадстаўнікі ад розных кандыдатаў прысутнічаюць на датэрміновых выбарах і самі ставяць подпісы на лістах. Бо згодна з новым палажэннем павінны быць прадстаўнікі ад мінімум трох кандыдатаў, інакш не будзе прызнана, што выбары на гэтым участку адбыліся.

Еўрарадыё: А колькі ўсяго кандыдатаў, якія палітычныя сілы прадстаўленыя?


Ілля Лукаш: У выніковы выбарчы бюлетэнь увайшло дваццаць прозвішчаў. Аднак ужо пасля  раздрукоўкі бюлетэняў чатыры чалавекі знялі свае кандыдатуры. Два прозвішчы выкрэслівалі ў ЦВК, а два будуць выкрэсліваць у мясцовых участках, прычым уручную, што ўжо выклікае пытанні і як мінімум іронію. Апроч Алмазбека Атамбаева ёсць тры сур’ёзныя кандыдаты, якія могуць набраць ад трыццаці-сарака да дзесяці адсоткаў. У першую чаргу гэта Адахан Мадумараў, Камчыбек Ташыеў і Кубатбек Байболаў. Спецыфічнасць сітуацыі палягае таксама на рэгіянальным прадстаўніцтве лідэраў выбарнай гонкі. Калі, напрыклад, Алмазбека Атамбаева лічаць выхадцам з поўначы і прадстаўніком інтарэсаў паўночнікаў, то Ташыеў і Мадумараў – прадстаўнікі поўдня. Кубатбек Байболаў стаіць крыху асабняком, ён былы сілавік. З аднаго боку ён аб’ядноўвае гэтыя дзве часткі. Але з ім іншая сітуацыя, па розных ацэнках ён трапляе ці не трапляе ў тройку лідэраў.

Еўрарадыё: А хто з гэтых кандыдатаў найбольш дэмакратычны, каго б хацелі бачыць кіраўніком Кыргызстану заходнія краіны?


Ілля Лукаш: Я думаю, што гэтыя выбары можна смела назваць выбарам з трох тупікоў, калі гаварыць пра трох фаварытаў. Калі ж гаварыць пра Кубатбека Байболава – то пытанне ў тым, колькі ён набярэ галасоў – 10-20%, наўрад ці больш. Усе кандыдаты кажуць пра адно, пра тое, што трэба пераглядаць некаторыя палажэнні канстытуцыі, якія прадугледжваюць парламенцкую рэспубліку і адпаведна павышэнне палітычнай канкурэнцыі і празрыстасць. Таму, на жаль, гэтыя выбары могуць скончыцца як мінімум узмацненнем жорсткасці ў перспектыве, а магчыма, нават хваляваннямі адразу пасля выбараў. Пра гэта кажуць усе эксперты.

Еўрарадыё: То бок, шансаў на дэмакратыю ў Кыргызстане пакуль няма?


Ілля Лукаш: Я думаю, што ёсць шансы. Скажам, Алмазбек Атамбаеў і яго партыя фармуюць кааліцыю, яго партыя самая галоўная ў гэтай парламенцкай кааліцыі, і яна зацікаўленая ў тым, каб хаця б некаторы час гэтую кааліцыю захоўваць. А пакуль у нас будзе парламенцкая форма кіравання, спадзяванні на дэмакратыю ёсць. Менавіта пасля стварэння гэтага парламента і пасля таго як парламент пачаў умешвацца ва ўсе справы без выключэння, пачынаючы ледзь не ад прызначэнняў дырэктароў школ, грамадзянскія актывісты і праваабаронцы атрымалі доступ да ўсіх без выключэння сфераў палітычнага і грамадскага жыцця, і зараз мы бачым грамадзянскі кантроль у многіх сферах жыцця. Па-мойму, гэта і ёсць дэмакратыя.

Другое пытанне – наколькі зараз атрымаецца на месцах змагацца з ужываннем адміністратыўнага рэсурса. Тое, што зверху, напрыклад, праз ЦВК, ціснуць будзе вельмі складана – гэта адназначна. Старшыня ЦВК – сябра апазіцыйнай партыі. Адзін з яго намеснікаў – сябра іншай апазіцыйнай партыі, якая акурат з’яўляецца ворагам партыі, да якой належыць старшыня. Другі намеснік – з праўрадавай партыі. Таму праз ЦВК праз адміністрацыю прэзідэнта ціснуць не атрымаецца. Калі і будзе адбывацца штосьці ў плане фальсіфікацый ці парушэнняў, то гэта будзе на нізавым узроўні. Але акурат гэта і ёсць поле для таго, каб дэмакраты раслі знізу. А такая тэндэнцыя ўжо абнадзейвае.

Еўрарадыё: А якія настроі пануюць у грамадстве?


Ілля Лукаш: Шчыра кажучы, людзі ў нейкай ступені сумуюць па тых часах, калі быў адзін цэнтр прыняцця рашэнняў. З іншага боку, кожнаму чалавеку са здаровым сэнсам, апроч кола блізкіх сваякоў і сяброў экс-прэзідэнта, зразумела, што вяртанне да бакіеўшчыны немагчымае. Але настроі такія, што мінімальная цэнтралізацыя ўлады неабходная, бо зараз атрымліваецца так: парламент прымае закон, праз два дні камітэт гэтага ж парламента па фінансах гаворыць, што на гэта няма грошай, парламент збіраецца зноў і адмяняе закон. Потым збіраецца сорак чалавек ля будынку парламента і патрабуюць вярнуць закон, і парламент зноў яго прымае. Гэта абсурдная сітуацыя, гульня ў кошкі-мышкі з самімі сабой, бясконца цягнуцца яна не можа. Таму нейкая цэнтралізацыя ўлады відавочна патрэбная.

Калі гаварыць пра Атамбаева, партыя якога ўзначальвае кааліцыйную большасць у парламенце, то, магчыма, гэта і быў бы жаданы кампраміс, калі партыя прэзідэнта кіруе ў парламенце. З іншага боку, гэта выклікае небяспеку для дэмакратыі, бо ў гэтай сістэме каардынат трэба пратрымацца без залішняй узурпацыі хаця б два-тры гады, каб мы паспелі зразумець усе плюсы і мінусы сітуацыі. Пакуль што мы бачым толькі мінусы, а плюсы бачаць тыя людзі, што не сядзяць па хатах, а ідуць і актыўна адстойваюць свае інтарэсы. Але некаторыя акурат сядзяць па хатах, тыркаюць у нас пальцамі і кажуць, што гэта мы не даем нікому працаваць і паўсюль лезем. Гэта сумна.

Еўрарадыё: Была інфармацыя, што ў Кыргызстане заблакаваныя на час выбараў прамыя эфіры замежных тэлеканалаў. Ці ёсць перад выбарамі парушэнне свабоды СМІ і як на гэта глядзіць АБСЕ?


Ілля Лукаш: Размова вялася толькі пра замежныя тэлеканалы, у першую чаргу расійскія, якія пад час парламенцкіх выбараў абсалютна нахабна ўмешваліся ў нашыя ўнутраныя выбарчыя працэсы. У дзень цішы яны паказалі па тэлебачанні ролік, дзе лідэр апазіцыйнай партыі, што ўласна была лідэрам красавіцкай рэвалюцыі 2010 года, быў паказаны ў самым непрыглядным святле, быў выцягнуты і паказаны ў прайм-тайм ролік, звязаны з сэкс-скандалам. Пры гэтым лідэр другой партыі сядзеў як князь і каментаваў з паўухмылкай. Зразумела, што гэта выклікала азлобленасць у вялікай колькасці насельніцтва і заканадаўцы падстрахаваліся, прынялі закон пра забарону прамой трансляцыі. Але хоць прамая трансляцыя павінна была быць закрытая, зараз па тэлебачанні мы назіраем усяго на гадзіну адставанне ад НТВ і Россія-24, а астатнія каналы як вяшчалі напрамую, так і працягваюць без зменаў.

Я не ведаю, як яны вырашылі гэтае пытанне. Праблема ў тым, што ў Кіргізіі любяць прыняць гучны закон, а выконваць яго не спяшаюцца. Назіральнікі з АБСЕ ніяк увогуле на гэта не адрэагавалі. Адрэагавалі нашыя арганізацыі, што сочаць за свабодай слова - медыйныя арганізацыі, Інтэрньюс Кыргызстан,  Медыяполіс, інстытут, што адказвае за свабоду слова. Яны казалі, што гэта цэнзура, але змяніць сітуацыю не ўдалося. Выразнага пратэсту не прагучала.

Еўрарадыё: Мяркуючы па цяперашняй сітуацыі, будзе прызнана, што гэтыя выбары адпавядаюць стандартам АБСЕ?


Ілля Лукаш: Я думаю, што ўсё залежыць ад таго, як спрацуюць нізавыя ўзроўні. Мяркую, што ўсё ж прызнаюць. Назіральнікаў насамрэч вельмі шмат. Я літаральна за апошнія два-тры дні сустрэў чалавек дзесяць выпадкова, якія аказваецца з’яўляюцца назіральнікамі. Яны едуць менавіта ў вёскі, у аддаленыя рэгіёны, дзе будуць назіраць, бо ў горадзе асабліва парушыць не дадуць. Тут на кожным участку будуць прадстаўнікі ад кожнага кандыдата. А вось у рэгіёны, дзе будуць прадстаўнікі толькі аднаго кандыдата, або некалькіх, якія могуць сесці і мірна падзяліць галасы, туды і едуць міжнародныя назіральнікі. Вынікі прадказаць пакуль што немагчыма, нават у плане прызнання легітымнасці выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі