Ля рэчкі Дрыса знайшлі цэлую алею “ідалаў”
Калі выявілася, што Расонскі ідал — падробка, яго вярнулі ў Полацк. Цяпер ён стане “народнай творчасцю XX стагоддзя”.
Драўляная фігура стаіць цяпер на кафедры гісторыі, у кабінеце археолага Дзяніса Дука. Менавіта ён знайшоў “старажытную” знаходку і падняў яе разам з дайверамі са дна рэчкі Дрыса.
“Я Дуку сказала: вось табе твой ідал, забірай яго так жа сама па акце, як ты яго нам і даваў. Мы яму яго ўрачыста вярнулі”, — кажа Еўрарадыё загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольга Ляўко.
Падобна на тое, што ў Інстытуце гісторыі ад “ідала” пазбавіцца рады.
Вольга Ляўко: “Акты ў нас захоўваюцца, усё ў нас ёсць, а ідала ў нас няма. На шчасце. Таму што гэта не ідал. Гэта сучасны выраб”.
Як нечакана даведалася Еўрарадыё, на беразе рэчкі Дрыса, недалёка ад месца, дзе знайшлі ідала — за тры кіламетры, стаяць такія самыя драўляныя лялькі! Магчыма, адна з іх і патрапіла ў рэчку?
Вольга Ляўко: “На беразе рэчкі, недалёка ад таго месца на дрэвах, стаяць такія ж драўляныя лялькі — цудоўныя разныя скульптуры. У мяне адразу было адчуванне, што там ёсць нейкі падвох. Канчаткова я ў гэтым упэўнілася, калі ўбачыла алею зоны адпачынку ўздоўж ракі Дрыса. Там ёсць адно гарэлае дрэва, у якога выгарэў ствол… Я так думаю, што згарэла дрэва, ад яго адпілавалі галінку… з галінкі паспрабавалі зрабіць нейкую рэч, пасля падумалі, што нафіг яна трэба, кінулі яе… можа хтосьці яе спіхнуў у ваду”. “На беразе рэчкі, недалёка ад таго месца на дрэвах, стаяць такія ж драўляныя лялькі — цудоўныя разныя скульптуры".
Аказваецца, пра тое, што “ідал” знаходзіцца на дне рэчкі, ведалі ўсе 20 гадоў, што ён там праляжаў. Чаму ж дастаць вырашылі толькі цяпер? Еўрарадыё пагаварыла з дайверамі, якія дасталі скульптуру з ракі Дрыса.
“Спачатку проста ніхто не надаваў гэтаму значэння, а пасля, як кажуць, успомніў чалавек “за бутэлечкай”, што пабачыў такую рэч… Паехалі, праверылі, паведамілі археолагам… У тыя часы нікому ў галаву не прыйшло на нейкую дзеравяку звяртаць увагу”, — кажа Еўрарадыё кіраўнік дайвінг-клуба "Капітан Морган" Вячаслаў Рамановіч.
Расонскага ідала, магчыма, у хуткім часе перададуць у музей, дзеліцца планамі археолаг Дзяніс Дук:
“Перадамо як народную творчасць XX стагоддзя”.
Фота: http://smolbattle.ru/index.php?showtopic=9810