Маладыя дызайнеры з Беларусі і Польшчы зладзілі ў Варшаве супольную выставу

111121 Eurafokus_0.mp3

Апагеем праекта стала іх супольная выстава, якая адбылася ў Варшаве.

Да гэтай падзеі маладыя дызайнеры ішлі некалькі месяцаў. Пра тое, як праходзіў гэты шлях, распавядае адна з арганізатарак этна-праекта Алена Трафімава.

Трафімава: “Мы ўсе сустрэліся ў Варшаве: наведалі этнаграфічны музей, займаліся народнымі танцамі, праслухалі некалькі лекцыяў знакамітых дызайнераў і этнографаў. Пасля мы адправіліся ў Кракаў. Там, у мясцовым этнаграфічным музеі, для нас падрыхтавалі спецыяльны курс этна-дызайна. Пабывалі мы і ў вёсцы Заліпе, дзе цягам некалькіх стагоддзяў жыве традыцыя мастацкага роспісу сценаў хат”.

З Польшчы 16 дызайнераў выехалі ў Беларусь, дзе іх чакала не менш насычаная праграма. Дарэчы, раней ніхто з васьмі польскіх маладых дызайнераў не наведваў нашую краіну.

Трафімава:Тут таксама былі лекцыі, наведванні этнаграфічных музеяў, музеяў пад адкрытым небам Азярцо і Дудуткі. Пасля гэтага ў Мінску была адкрытая выстава працаў удзельнікаў праекта, якая пераехала спачатку ў Кракаў, а потым у Варшаву”.

Па словах арганізатараў, мэта праекта – паказаць яго ўдзельнікам падабенства і розніцу беларускага і польскага этнасаў, а таксама натхніць іх на стварэнне беларуска-польскіх этнаграфічных дызайнерскіх працаў. Такія працы і пабачылі наведвальнікі выставаў у Мінску, Кракаве і Варшаве.

Трафімава: “На выставах было прадстаўлена 16 планшэтаў, па адным ад кожнага ўдзельніка. А на кожным планшэце – па два праекта. Адзін ўвасабляў у сабе тое, чым маладыя дызайнеры натхніліся ў Польшчы, а другі – у Беларусі”.

Па словах Алены Трафімавай, удзельнікі этна-праекту пасябравалі між сабой, а некаторыя нават вырашылі рабіць сумесныя працы.

Трафімава:Яны ўжо пачалі рабіць нейкія сумесныя праекты і плануюць удзельнічаць у супольных выставах”.

Фінансаванне беларуска-польскага этнадызайна ажыццяўляла МЗС Польшчы.  Кіраўніцтва Беларусі пакуль такіх праектаў не фінансавала.

Выставу маладых дызайнераў у Варшаве можна наведаць да 3 снежня па адрасе вуліца Кошыкова, 24, пакой 12.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі