Мацей Радзівіл: Нас ніхто не запрашаў на адкрыццё Нясвіжскага замка
Пра нашумелы ліст Някляева і кампаніі князі даведаліся з інтэрнэта і вырашылі… ехаць у Нясвіж. Але асвячэнне замкавай капліцы... раптоўна адмянілі!
Інтэрнэт ускалыхнула навіна: Лукашэнка запрасіў Радзівілаў на адкрыццё Нясвіжскага замка 11 снежня. А граф Прушынскі, разам з Някляевым і Шушкевічам напісалі адкрыты ліст да “Нясвіжскага ардыната Караля Радзівіла” – просячы яго паставіць умову: прыедзем толькі калі вызваляць палітвязняў. Князь Мацей Радзівіл у інтэрв’ю Еўрарадыё раставіў усё на свае месцы.
Той самы ліст Някляева-Шушкевіча-Прушынскага. Здымак svaboda.org
Мацей Радзівіл: “Мы не атрымлівалі ніякага запрашэння ад беларускага Міністэрства культуры ці ад замка”.
Пра само адкрыццё Мацей Радзівіл таксама нічога пэўнага не ведае – афіцыйна ніхто Радзівілаў не запрашаў.
Мацей Радзівіл
Мацей Радзівіл: “Была інфармацыя 3-4 тыдні таму, што 11 снежня будзе адкрыццё замка. Мы збіраліся прыехаць, у тым ліку мае дзеці, дзеці Караля. Думалі нават замовіць аўтобус, каб прыехаць усім разам. Але потым нам сказалі, што не будзе ніякага адкрыцця. І мы не ведаем, ніхто не ведае, калі будзе адкрыццё музея”.
Дык а што ж тады з адкрытым лістом, каб Радзівілы патрабавалі вызвалення палітвязняў?
Мацей Радзівіл: “Гэты ліст мы бачылі толькі ў інтэрнэце – ён прыйшоў на мэйл Караля Радзівіла, майго сваяка. Я вельмі незадаволены, што яны напісалі ліст толькі да Караля і называюць яго “ардынатам Нясвіжскім”. Граф Прушынскі не можа вырашаць, хто цяпер з’яўляецца ардынатам”.
Рэч у тым, што Караль Радзівіл паходзіць увогуле з іншай лініі Радзівілаў – Алыцкай (цяпер гэта Валынская вобласць Украіны). Нясвіжскага ж ардыната сёння афіцыйна няма, хоць некаторыя лічаць такім Марціна Радзівіла, чый бацька Антоні быў пахаваны ў нясвіжскім касцёле ў 2000 годзе.
Мацей Радзівіл лічыць гэты ліст вельмі палітычным.
Мацей Радзівіл: “Мы ніколі не ўмешваемся ў беларускую палітыку, бо мы жывем у Польшчы. Я думаю і я ведаю з майго польскага досведу ў часы камунізму, што культурныя сувязі вельмі важныя. Не для палітыкаў, а для ўсіх людзей, якія бяруць удзел у культурным жыцці краіны”.
За апошнія тры гады Радзівілы бывалі ў Нясвіжы шэсць разоў. У цэнтры: пані Эльжбета, пан Мацей, пан Мікалай
Аднак ці плануюць Радзівілы браць удзел у адкрыцці замка – калі яно нарэшце будзе прызначана?
Мацей Радзівіл: “Я яшчэ не вырашыў, што я буду браць удзел. Я думаю, што наш прыезд у Беларуь і ўдзел у адкрыцці – ці рашэнне аб байкатаванні – гэта не з’яўляецца важным. Мы не настолькі знакамітыя і важныя людзі. Калі я напішу ліст, што магу прыехаць у Беларусь на адкрыццё замка толькі калі вызваляць усіх вязняў – гэта будзе смешна. Я ж не прэзідэнт Злучаных штатаў, каб ставіць такія ўмовы”.
Тым не меней, Радзівілы ў Нясвіж едуць… у гэтую суботу! Аб 11-й гадзіне там адбудзецца асвячэнне замкавай капліцы – якое правядзе сам мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Мацей Радзівіл кажа, што яны лічаць капліцу найважнейшай часткай замка. І яе асвячэнне – гэта і ёсць сімвалічнае адкрыццё адноўленага замка ў разуменні сям’і.
Мацей Радзівіл: “Мы хочам прыехаць у гэтую суботу, каб прыняць удзел у рэлігійным свяце – асвячэнні замкавай капліцы. А потым будзе імша ў нясвіжскім касцёле за ксяндза Рыгора Каласоўскага, вельмі важнага чалавека для Нясвіжа, для людзей, якія жылі і жывуць там”.
Да асвячэння капліцы князь Мацей яшчэ год таму падрыхтаваў годны падарунак – прафесійную копію абраза Маці Божай Нясвіжскай, якая ў суботу сімвалічна вернецца на сваё месца ў алтары капліцы.
Радзівілы вяртаюць Маці Божую ў замак. Злева направа Мацей Радзівіл, экс-дырэктар замка Валеры Сталярчук, Мікалай Радзівіл. 2010 год.
Мацей Радзівіл: “У аднаго з маіх сваякоў ёсць арыгінал абраза Маці Божай Нясвіжскай. І я замовіў найлепшай капіістцы Польшчы Барбары Брэтынгер копію гэтага абраза. Калі я паказаў арыгінал і копію майму сваяку Каралю – той не адрозніў, дзе што. Год таму я падараваў гэты абраз замку, каб ён вярнуўся на сваё месца ў капліцы”.
Маці Божая Нясвіжская
Вяртанне абраза ў 2010 годзе адбылося ў сямейнай крыпце Радзівілаў у Фарным касцёле Нясвіжа
Ідэя падараваць замку арыгінал не разглядалася, бо яшчэ Радзівіл Рыбанька на адвароце абраза напісаў сваёй рукой, каб “усе Радзівілы да канца света маліліся гэтай Божай Маці, і каб абраз заўсёды заставаўся ў сям’і”.
Ужо пасля нашай размовы з князем Мацеем раптоўна з'явілася інфармацыя, што асвячэнне капліцы пераносіцца ў "сувязі з просьбай нясвіжскага музея". Абвешчана гэта за два дні да ўрачыстасці, у якой мусіў браць удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ці не таму, што Радзівілы едуць -- хоць іх не запрашалі?..
Даведаўшыся гэта, сваю паездку Радзівілы таксама адмянілі.
Капліцу аднаўлялі хутка: так яна выглядала ўсяго два месяцы таму.
А так мусіць выглядаць у выніку (здымак пачатку ХХ стагоддзя)