Мацей Шайкоўскі: У Беларусі я адчуваю сябе як дома

120615 BackStage 1.mp3

120615 BackStage 2.mp3

120615 BackStage 3.mp3

З Мацкам мы пазнаёміліся гадоў гадоў 10 таму, а можа і больш. “Капэла” ўжо тады набірала абароты, а Мацэк ладзіў канцэрты этнічнай музыкі ў Дзяржаўным этнаграфічным музеі ў Варшаве, працаваў на радыё і займаўся яшчэ тысячай карысных для польскай культуры рэчаў. Мінуў час. Зараз яго Kapelіа ze Wsi Warszawa — сусветна вядомы гурт, а сам Мацэк — заснавальнік супер-гурта R.U.T.A.”, які выконвае песні бунтаў, і ўладальнік Пашпарту Палітыкі — прэстыжнай узнагароды часопіса “Палітыка” ў галіне “Музыка”. Пашпарт ён атрымаў “за ідэі, якія аднаўляюць польскія традыцыі найлепшым чынам”.


Пасля канцэрта Kapelі ze Wsi Warszawa ў Мінску Мацэк даў невялікае інтэрв’ю Еўрарадыё. Інтэрв’ю-маналог з развагамі пра Захад і Усход, музыку і людзей.

Kapela ze Wsi Warszawa ў Мінску

********  


Еўрарадыё: З якімі думкамі вы ехалі ў Мінск і з якімі вяртаецеся на Радзіму?

Мацей Шайкоўскі: Гэта вельмі добрае пытанне! Выглядае ўсё такім чынам, што паўсюль ёсць нейкае ўяўленне. Думаеш: там, дзесьці, на Усходзе, так, шмак… Уехаўшы ў Беларусь, першае, што падумаў, а гэта была пятая раніцы: бываем тут заўсёды праездам у Расію, стаім у Брэсце, пакуль змяняюць колы цягніка, тры гадзіны, і ніколі надаўжэй тут не затрымліваемся. Але зараз праехалі мы добрую частку Беларусі і адразу звярнулі ўвагу тое, якая тут неверагодная прырода, якая прастора, якая добрая вібрацыя! Мы пачулі, што тут існуе іншая вібрацыя, чым у Польшчы, тут ёсць тое натуральнае, што Захад знішчыў. Такая дзікая прастора і прырода! Тут усё цалкам па-іншаму. Мы бачылі буслоў, дзясяткі птушак, лугі, лясы! Едзеш-едзеш — і табе не сумна!.. Мы граем музыку, якая звязаная натуральным, арганічным чынам з прыродай. Гэтая музыка з’яўляецца афірмацыямі прыроды і адначасова яе голасам. Калі б спеў птушак можна было перакласці на інструменты, уласна, атрымалася б музыка, як “Яр”, Kriwi, як Тодар, “Троіца”, Kapela… Бо гэта музыка прыроды, музыка Маці-Зямлі. Мы шукаем такія анклавы. Існуюць анклавы ўжо ў гэтым свеце, напрыклад, Белавежская пушча — гэта тое, што нас яднае, тое, пра што мы мусім дбаць. А ў Польшчы не дбаюць пра гэта.

Еўрарадыё: У нас таксама рознае можа быць…

Мацей Шайкоўскі: Не! У Беларусі нельга гэтага знішчаць! А ў Польшчы можна праводзіць лясную гаспадарку, якая ёсць прыкрыццём для таго, каб лес знішчаць. Гэта скандал! Калі мы граем недзе ў свеце, то заўсёды запрашаем усіх наведаць Белавежскую пушчу на мяжы Польшчы і Беларусі — адзіны ў сваім родзе натуральны лес у Еўропе! Можа недзе спрабуюць нешта падобнае адкрыць — натуральнае тая індустрыялізацыя знішчыла. А ў нас ёсць! Гэта неверагодны скарб! Мы мусім толькі абуджаць свядомасць, што гэта важнае месца. Я гэта адчуваю.... Я тут адчуваю цудоўную вібрацыю, я тут адчуваю сябе як дома: тут ёсць тая ж сардэчнасць людзей і славянская душа. Ведаеш, што гэта за душа?! (смяецца)

Еўрарадыё: Ведаю-ведаю! Дык можа збіраецеся зладзіць экспедыцыю ў беларускія вёскі?

Мацей Шайкоўскі: Мы вельмі хочам! Нават думалі, каб нешта такое зладзіць ўвосень гэтага году. Аднак каляндар імпрэз і нашы справы сведчаць пра тое, што няма на гэта часу. Шкада, канешне. Запрашаю да нас на Бебжу, на Сувальшчыну, туды, дзе яцвягі калісьці жылі — міфічнае племя, якое выразалі крыжакі. Яны не былі хрысціянамі, іх знішчылі, але засталася культура, мова, нейкія неверагодныя духі мінулага, якія абуджаюцца. На гэтых землях нараджаліся вялікія творцы… Гэта сур’ёзная справа. Адкрываю там нейкую частку сябе. Там ёсць усё для пазнання гісторыі, прасторы і людзей… Зараз у Варшаве жыве Наста Някрасава. Яе гурт FolkRoll атрымаў на “Новай традыцыі” ў 2009 годзе галоўную ўзнагароду — гран-пры, а граў беларускую музыку. Пры гэтым фестываль арганізаваны Польскім радыё і накіраваны на развіццё польскай музыкі. І тут выйграе беларуска з беларускім гуртом, з беларускімі песнямі, атрымоўвае ўзнагароду Чэслава Немана, які таксама нарадзіўся на Беларусі і быў найгеніяльнейшым вакалістам, якога мелі і мы, і вы. Наста ўдзельнічае ў гурце “R.U.T.A.”, і з ёю зараз мы падрыхтавалі “Песні бунтаў” — гэта будуць беларускія, украінскія і польскія песні. Мне падаецца, што надыйшоў час спаткання, пазнання… Палякі мала ведаюць пра беларусаў… Ёсць нейкія стэрэатыпы — а тут трэба пазнаць, пагаварыць, прыехаць… Паглядзі, якія падобныя нашы мовы! Трэба адчуць гэтую музыку! Якая розніца паміж канцэртамі тут і на Захадзе? Тут людзі адразу адчуваюць музыку сэрцам. Адразу! Яны слухаюць кожны гук і не аналізуюць яго, а папросту ўбіраюць у сябе. А на Захадзе яны спрабуюць яе зразумець рацыянальна: пакласці да нейкай шуфлядкі ў галаве, з нечым параўнаць — а можа гэта элемент кельцкі, а можа брэтонскі ці нейкі іншы? Яны таксама яе адчуваюць, вядома, але цалкам па-іншаму, праз розум — а тут адразу сэрцам… Паўсюль цяжка, бяда, нейкія справы… Але яны не настолькі важныя для людзей.  Людзі — гэта людзі, і ўспрыманне нас тут вельмі пазітыўнае. Нешта падобнае было ў Літве. Гэта было шаленства! Літоўцы таксама крыху іншыя, аднак іх адчуванні былі падобнымі да рэакцыі беларусаў.

*************

У сакавіку Kapelа ze Wsi Warszawa выдала шосты па ліку альбом Nord”, у запісу якога ўзялі ўдзел знакаміты шведскі гурт Hedningarną і канадская шаманка Сэндзі Скофілд.

*************


Еўрарадыё: Звычайна пад вашу музыку людзі танчаць. Ці не засмуціла цябе мінская сядзячая зала?

Мацей Шайкоўскі: Не, што ты, не трэба танчыць! Маша! Яны сядзелі і былі заслуханыя. Я бачыў, яны ўсміхаліся! Гэта было нешта цудоўнае. Я бачыў добразычлівасць, радасць, сардэчнае прыняцце. Гэта было для нас тое, пра што можна марыць, прыняцце! Мы вельмі ўдзячныя за гэта. Тут яшчэ зала спецыфічная, тут трэба падбіраць музыку. Але мы бачылі, што яны ўбіраюць яе сабой. Таму і мы ўвайшлі ў стан трохі гіпнозу, нашай пляменнай трансовасці. Напрыканцы загучала песня Pada dezczyk з Сувальшчыны — паўночна-заходняя Польшча, якая пераходзіць у Падляссе, а тут ужо і Беларусь! Вось такая вібрацыя і людзі гэта адчувалі!

Вакалістка і цымбалістка гурта Magdalena Sobczak Kotnarowska


Еўрарадыё: У гэтым годзе Kapela ze Wsi Warszawa адзначыць сваё 15-годдзе…

Мацей Шайкоўскі: Так! Запрашаем усіх да Цешына — гэта ў гарах на мяжы з Чэхіяй. Там, у тэатры Міцкевіча, які таксама быў беларусам, спаткаюцца нашы сябры, якія гралі ў “Капэле”, уласна, “Капэла”, з музыкамі з розных сцэн. Будзе, напрыклад, Цэзары Студняк з Юстынай Шафран з музычнага тэатра “Капітоль”, з якімі мы зрабілі мюзікл “Музыканты Вялікага поля” — аперэтку, лёгкую музычную камедыю, вельмі смешную. Смяяліся, галоўнае, мы, як пазней апынулася, з таго, што мы былі выключанымі на сцэне, але гэта было вельмі радасна. Будзе дыджэй Фелікс, ці Калібер 44 — легендарны польскі хіп-хопер. Будзе Паблапава — з гурта Vavamuffin, будуць фальклорныя выканаўцы з цешынскага хору і гурале з Ліпніцы Вельскай, якія былі першымі настаўнікамі “Капэлы” — у 1996 годзе мы ездзілі да іх вучыцца граць на скрыпках, вучыцца адкрыццю горла, беламу адкрытаму спеву і народным песням. Таксама прыедзе сеньёр Людвік Млынарчык — неверагодная асоба, лютнік, геніяльны скрыпач, настаўнік музыкі і заснавальнік гурта. У яго вельмі высокі і моцны голас і выдатна “рэжа” на скрыпцы… Гэта ўсё будзе 7 ліпеня і мы ўсіх запрашаем!

**************

І яшчэ. Напрыканцы выступу “Капэлы” ў Мінску Мацэк выйшаў да мікрафону і сказаў цёплыя словы ў адрас беларускіх музыкаў, падштурхнуўшы  тым самым публіку да павагі свайго, тутэйшага.


Мацей Шайкоўскі: Напрыканцы дазвольце распавесці, наколькі важнай для нас з’яўляецца беларуская музыка. Слухаем вашы гурты шмат гадоў, пачынаючы ад такіх легенд, як “Палац”, Тодар і WZ-Orkiestra, N.R.M., Маша і гурт “Яр”, “Троіца”, Наста Някрасава, да такіх легенд, як “Гражданская Оборона” — спадзяюся, ведаеце. Дзякуем вам, да сустрэчы, Беларусь!

Еўрарадыё ў сваю чаргу віншуе Kapelu ze Wsi Warszawa з 15-годдзем! Жадаем вам аднойчы атрымаць “Грэмі”, і не адну, і, вядома, часцей радаваць нас, беларусаў, сваімі канцэртамі. Тут жа добрая вібрацыя!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі