Мазыр застаўся без вады (абноўлена)
Камунальнікі называюць прычынай аварыю на помпавай станцыі ў вёсцы Прудок.
На Мазырскім водаканале, да якога датэлефанавалася Еўрарадыё, аварыю звязваюць з аварыяй на электрасетках. Напярэдадні суткі быў моцны снегапад, з-за якога паваліліся дрэвы.
Жыхарка Мазыра: "З раніцы вады няма: ні халоднай, ні гарачай, а ў некаторых раёнах, мне казалі, няма і электрычнасці. Я сама з кватэры не выходзіла, але мне казалі, што ў крамах вады няма, нават газіроўку раскупляюць. Інфармацыі ніякай няма і ў аварыйную датэлефанавацца нельга".
Як пішуць гараджане на форуме інтэрнэт-газеты "Полесье своими глазами", людзі сапраўды сталі масава скупляць ваду ў крамах.
Паводле папярэдніх звестак, 13 снежня ў Мазыры не будуць працаваць дзіцячыя садкі і навучальныя ўстановы.
Еўрарадыё датэлефанавалася да яшчэ адной жыхаркі горада, вось што яна распавяла:
"Спачатку вады не было, у некаторых раёнах уключылі, у некаторых — не... Інтэрнэт адключалі, зараз ужо ёсць. Ой, тут і ў школах дамоў паадпускалі, сказалі, што вады няма...".
Фота — gazeta-pavlovo.ru