Мікрараён у Заслаўі залівае фекаліямі, ледзь пройдзе моцны дождж (фота)
Пытанне з будоўляй новай каналізацыі не могуць вырашыць з пачатку 1990-х.
Еўрарадыё атрымала шакуючыя фоткі з Заслаўя. Некалькі гадоў запар адзін з мікрараёнаў горада літаральна залівае фекаліямі, ледзь толькі пройдзе моцны дождж. Днямі каналізацыя чарговы раз нагадала пра сябе.
“Здарылася зусім шэраговая з’ява, — распавядае Яўген з Заслаўя. — прайшоў нармалёвы дождж, які быў цягам двух гадзінаў, з трох да пяці. І каналізацыя дала пра сябе ведаць... Гэта бывае кожны раз, калі выпадаюць дастаткова моцныя асадкі. Ідзе патапленне мікрараёна”.
2006 год
Па словах Яўгена, патоп з фекаліямі атрымліваецца пасля кожнай залевы.
“У нас прыватны сектар і стаяць кольцы студні. Калі ўзровень вады падымаецца вышэй за ўзровень зямлі, то “гэта” пачынае выходзіць, бо кольцы ўжо ўсю стокавую ваду прынялі. Дзяржаўныя органы цудоўна ўсё ведаюць: цягам 20 гадоў пытанне гэта падымаецца, разам з узроўнем вады, а апошнія 7 гадоў падымаецца вельмі актыўна. Быў прыцягнуты Камітэт дзяржкантролю, было прыцягнутае Упраўлення справамі прэзідэнта. Але заўжды прыходзяць стандартныя адпіскі”.
2008 год
2008 год
2009 год
У адпісках пішуць, што праект рыхтуецца. Што праект на экспертызе. Што праект прыняты і сродкі пад яго вылучаныя. Што каналізацыя вось-вось будзе перабудаваная. А пасля – ізноў, што праект на экспертызе. Днямі жыхары мікрараёна дакацілі гэтае зачараванае кола да старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры.
“Так. 23 чэрвеня быў адкрыты прыём у старшыні Мінаблвыканкама, на якім мы чарогвы раз узнялі гэтае пытанне. Ад нашага раёна прысутнічалі я, мая маці і непасрэдна людзі, адказныя за дадзенае пытанне, УКБ [Упраўленне капітальнага будаўніцтва. — Заўв. Еўрарадыё] Мінскага раёна. І калі ў начальніка УКБ запыталі, што вы думаеце па гэтым пытанні, то ён пачаў казаць, што неабходна ўзгадненне з людзьмі, па ўчастках якіх будзе праходзіць гэтая труба. І таму падобныя такія рэчы. Мая маці адкрыта смяялася. І калі Батура запытаўся: “А што такое?” — маці пачала распавядаць, што ніякага ўзгаднення жыльцоў па дадзеным пытанні не трэба, бо там ужо ляжыць труба. Труба там была яшчэ ў 1990-я, але яна проста не спраўляецца. І труба гэтая — не “сотка”, пра якую кажуць у праекце, а “двухсотка”.
Сутнасць пытання зводзіцца да таго, што трэба прыехаць, пракапаць траншэю і пакласці трубу па метражу парадка трохсот — пяцісот метраў. Проста дабудаваць той участак, які не дабудавалі ў пачатку 1990-х”.
2011 год
2011 год
Прычыну таго, што фекальныя патопы ў Заслаўі працягваюцца, Яўген бачыць у мясцовых чыноўніках.
“У нашым мікраране, людзі, якія адкавзалі за дадзенае пытанне ў розныя часы, яны адзінае, што зрабілі — пабудавалі свае крамы, дарогі да сваіх дамоў і спакойна сышлі з пасады — і так па колу”.