Музыкантам з чорных спісаў дапамогуць абараніць іх правы
У Мінску стартавала кампанія “Рок-салідарнасць”, мэта якой – падтрымаць незалежных рок-музыкантаў.
Каардынатары праграмы разам з забароненымі рокерамі і неабыякавымі аматарамі беларускай музыкі паспрабуюць разам вырашыць праблему “чорных” спісаў.
Каардынатары “Рок-салідарнасці” заявілі пра пачатак акцыі, раздаўшы ў Мінску больш за 1000 дыскаў “Песні свабоды-2”. Некаторыя з музыкаў, якія прадстаўленыя на складанцы, цяпер знаходзяцца пад забаронай.
“Мы раздавалі дыскі і казалі людзям, што стартавала такая кампанія, і што мы хочам дапамагчы музыкантам абараніць свае правы. – распавядае каардынатар кампаніі Аляксей Лукашэвіч. - На дыску была налепка, на якой было пазначана, як і дзе можна знайсці больш інфармацыі пра кампанію. І ўжо зараз мы бачым, што ўсё больш і больш людзей дадаюцца да нашай суполкі ў Фэйсбуку і Вконтакте”.
Так, акцыя з раздачай дыскаў – толькі адзін з этапаў “Рок-салідарнасці”. У планах кампаніі, кажа Аляксей Лукашэвіч, перш за ўсё, наладзіць кантакт з забароненымі музыкантамі і паказаць ім, што яны не адны. Акрамя таго – данесці больш шырокаму колу насельніцтва інфармацыю пра тое, што існуюць такія спісы і артысты, якія не могуць выступаць. І, натуральна, вырашыць гэтае пытанне разам з чыноўнікамі.
Зараз арганізатары вядуць “перамовы” перш за ўсё з “цмокамі” беларускага року - Лявонам Вольскім, Аляксандрам Кулінковічам, Змітром Вайцюшкевічам, Алегам Хаменкам і Ігарам Варашкевічам. Затым збіраюцца працаваць і з іншымі музыкантамі, якія трапілі ў спіс “забароненых”.
“На гэтым тыдні мы плануем сустрэцца з музыкантамі і паразмаўляць больш сур’ёзна. Што яны хочуць? Як на гэта глядзяць? Ці патрэбная ім самім такая падтрымка. Таму што рабіць кампанію салідарнасці з забароненымі музыкантамі без іх удзела – неяк няправільна”.
Нагадаем, што пасля негалоснай забароны шэрагу беларускіх гуртоў было адмоўлена ў публічным з’яўленні на сцэне. З самых розных нагод канцэрты адмяняліся адзін за адным, а музыканты самастойна спрабавалі знайсці выйсце з гэтай сітуацыі. Адны выступаюць за мяжой, іншыя пачалі працу над новым альбомам ці спрабуюць самастойна і таемна ладзіць выступы, нехта проста сядзіць у чаканні.
Як далей будуць развівацца падзеі – залежыць ад усіх удзельнікаў кампаніі. Дарэчы, каардынатары запрашаюць далучыцца да яе ўсіх жадаючых, але адразу акцэнтуюць увагу - ніякіх пікетаў і забароненых акцый не будзе.
“Усё будзе залежаць ад людзей: чаго яны хочуць, у чым згодны ўдзельнічаць. Кожны можа выказаць сваю ідэю і разам мы паспрабуем яе рэалізаваць. Мы збіраемся наладзіць актыўную сувязь з усімі ўдзельнікамі праграмы, але, бяспечную для ўсіх”.
Даведацца больш пра “Рок-салідарнасць” можна ў сацсетках: ў Фэйсбуку і Вконтакте