На дзіцячае харчаванне ў Беларусі бракуе мяса

111031 Pilecki Mjaso.mp3

Куды раптоўна падзелася беларускае мяса, невядома. Вольга Масаловіч, спецыяліст аддзела збыту Аршанскага мясакамбіната, адзінага ў Беларусі вытворцы такой прадукцыі, расказвае аб прычынах праблемы.
“Міністэрства гандлю скінула нам размеркаванне па бясплатным забеспячэнні дзетак да двух гадоў. У першую чаргу, мы закрывалі іх”.

Размеркаванае Мінгандлю харчаванне раздаецца па талонах, якія выдаюць бацькам з малазабяспечаных сямей. Усім іншым, даводзіцца задавольвацца замежнымі кансервамі. Пераважна, расійскай вытворчасці. А яны каштуюць у 2-3 разы даражэй.
У тых сталічных крамах, якім пашчасціла атрымаць прадукцыю Аршанскага мясакамбіната, наракаюць на змяншэнне асартыменту.
“Не было паставак. Магчыма, два тыдні. Зараз яны ёсць у продажы. Магчыма, не ў поўным аб’ёме, але яны ёсць. “Ялавічына” і “Ялавічына з бульбай”. Асартымент вузкі. Да дваццаці відаў было”.

Як даведалася Еўрарадыё, дэфіцыт аршанскіх кансерваў выкліканы не толькі сацыяльнымі пастаўкамі. На мясакамбінаце для дзіцячых кансерваў… не хапае мяса.
“Не хапае сыравіны на прадпрыемстве. Для дзіцячага харчавання ідзе адборнае мяса. Напэўна, у сувязі з тым што, можа быць, насельніцтва не здае. Гэта цяпер толькі. Раней было дастаткова дзіцячага харчавання і ўсяго астатняга”.

Цалкам верагодна, што мяса вяртаецца ў нашу краіну ў выглядзе расійскіх дзіцячых мясных кансерваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі