На тысячу шлюбаў 635 разводаў

Калі ў 2009 годзе разарвалі шлюб 35 тысяч пар (3,7 разводаў на 1000 чалавек), то ў 2010 – разыйшліся ўжо 36,6 тысяч (3,8 разводаў). Апошнія звесткі Белстата сведчыць, што за чатыры месяца ў краіне на тысячу шлюбаў 635 развода (4 развода на 1000 жыхароў)!

"Першае, гэта – грошы, эканамічны фактар, - дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ Святлана Бурава спасылаецца на даследванне па сямейных канфліктах, кажучы пра прычыны разладаў. - Па-другое, псіхалагічны, з-за дзяцей. Мужчыны мала ўдзельнічаюць у іх выхаванні, жанчыны гэтым не задаволеныя. Далей, пераразмеркаванне гендэрных роляў, хатнія абавязкі. І, канечне ж, п'янства"


На думку эксперта, маладыя пары ўвогуле легкаважна ставяцца да шлюбу.


Святлана Бурава: "Лёгкае стаўленне да інстытуту шлюба, нежаданне браць на сябе адказнасць... У шмат якіх маладых пар любыя цяжкасці вядуць не да пошуку шляхоў адолення праблемы. Ім лягчэй разбегчыся, чым нешта разам рабіць, каб умацаваць інстытут шлюба".


У краінах Еўрасаюза паказчык разводаў на 1000 жыхароў складае 2,1. Найбольшы ён  у Бельгіі (3,0), Чэхіі (2,8), Літве (2,8) і Ліхтэнштэйне (2,5). А найменшы – у Італіі (0,9), Ірландыі (0,8) і Македоніі (0,6), а на Мальце навогул – ноль! Прынамсі  афіцыйна.


Толькі на мінулым тыдні мальтыйцы на рэферэндуме з невялікай перавагай (каля 53%) прагаласавалі за дазвол разводаў. "Гэта не той вынік, які б мне хацеўся, але мы мусім кіравацца воляй народа. Парламент мусіць прыняць закон, які дазваляе разводы", - сказаў прэм'ер каталіцкай краіны.


Такім чынам, па разводах Беларусь займае другое месца пасля Расіі на еўрапейскім кантыненце.


Табліца. Колькасць разводаў на 1000 чалавек у 2009 годзе

 

Краіна

Колькасць разводаў на 1000 чалавек

Расія

4,9

Беларусь

3,7

Малдова

3,3

Украіна

3,2

Бельгія

3

Чэхія

2,8

Літва

2,8

Ліхтэнштэйн

2,7

Данія

2,7

Краіны Еўрасаюза

2,1

Ірландыя

0,8

Італія

0,9


Аднак у суседніх Расіі і Ўкраіне колькасць разводаў наадварот скарачаецца. У 2010 годзе у Расіі было на 8,6% разводаў меней за папярэдні год, ва Ўкраіне - на 14%. Святлана Бурава мяркуе, што ўкраінскія і расійскія пары часцей жывуць разам, не рэгіструючы шлюб.


Святлана Бурава: "На ўзроўні гіпотэзы магу сказаць, што ў Украіне і Расіі яшчэ больш фактычных сужыхарстваў без рэгістрацыі. Бо для сацыёлагаў – гэта таксама шлюб"


Зрэшты, калі глядзець суадносіны разводаў да заключаных шлюбаў, то шэраг краін Еўрасаюза Беларусь абганяюць, напрыклад, Бельгія, Эстонія, Чэхія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі