Найбольшыя шанцы выйсці па амністыі маюць Севярынец і Бяляцкі?

“Я мяркую, што хіба толькі Севярынец. Ён адбывае не пазбаўленне волі, а абмежаванне, і не мае спагнанняў. Там толькі такі момант, што амністыя не распаўсюджваецца на тых, хто ўжо падпадаў пад яе (Павел Севярынец ужо быў амніставаны ў 2004 годзе — Еўрарадыё). Аднак ёсць тэрмін даўнасці — 3 ці 5 гадоў”, — расказвае праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч.

 120614 Pilecki Amnesty.mp3

Мае шанцы выйсці па амністыі на свабоду і паплечнік Стэфановіча — Алесь Бяляцкі. Яму налічылі пеню на ўжо выплачаны штраф, аднак “вясноўцы” гэта абскардзілі і фармальна Бяляцкі пакуль нічога не вінен.

“Фармальна пакуль Алесь не мае нейкіх запазычанасцяў. У перспектыве будзе мець, але мы тут ужо будзем максімальна старацца, каб амністыя на Бяляцкага ўсё ж распаўсюджвалася”.

Паводле Стэфановіча, амніставанымі могуць быць і тыя фігуранты справы “аб масавых беспарадках”, якія атрымалі ўмоўныя тэрміны альбо тэрмін з адтэрміноўкай — Някляеў, Фядута, Палажанка, Халіп і іншыя. А вось рэшце спадзявацца няма на што: так званыя парушэнні рэжыму падчас адбывання пакарання перашкодзяць. А яны ёсць ва ўсіх палітзняволеных, што знаходзяцца за кратамі.

Свае высновы Валянцін Стэфановіч робіць, грунтуючыся на законе аб амністыі 2010 году. Якім будзе сёлетні варыянт, пакуль невядома. Былая адвакатка Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка лічыць, што ён не павінен шмат у чым адрознівацца ад мінулага.

“Амністыя адна з іншай прыкладна аднолькавыя. І ўмовы вызвалення прыкладна аднолькавыя. Асноўныя — наяўнасць парушэнняў, якія могуць перашкодзіць чалавеку выйсці. І асобна варта сачыць за тым, па якіх артыкулах амністыя не прымяняецца ўвогуле”.

На думку Сідарэнкі, амністыю могуць не прымяніць па тым самым артыкуле “аб масавых беспарадках”. Тады шмат хто можа пад яе не падпасці.

Юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла яшчэ больш песімістычны. Ён лічыць, што ўлады не выпусцяць нікога з палітвязняў. Максімум — скароцяць тэрміны альбо перавядуць з крытай турмы ў калонію.

“Тыя, хто знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі на доўгі тэрмін, магчыма, атрымаюць паслабленні ў выглядзе скарачэння тэрміну. Хто ўпершыню трапіў за краты — на год скароцяць гэты тэрмін. Камусьці амністыя дасць магчымасць перайсці ў калонію з турмы, хтосьці зможа падаць хадайніцтва на ўмоўна-датэрміновае вызваленне”.

Ці скарыстаюцца беларускія ўлады зручнай магчымасцю наладзіць адносіны з ЕС, пабачым неўзабаве. Чакаць новага закону аб амністыі засталося каля двух тыдняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі