Памілаваныя прэзідэнтам забойцы нават у вясковую краму не заходзяць

111229 Luka6uk Pomilovanie.mp3

На прэс-канферэнцыі 23 снежня Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу сваёй гуманнасці згадаў двух жыхароў вёскі Пухавічы Гомельскай вобласці, якіх ён памілаваў сваім указам у 2009 годзе.

Еўрарадыё даведалася, ці апраўдалі тыя давер кіраўніка краіны.

Участковы інспектар Руслан Хакімаў, на тэрыторыі адказнасці якога знаходзіцца вёска Пухавічы, прызнаецца — праблем з памілаванымі забойцамі ў яго няма.

Руслан Хакімаў: “Да адміністрацыйнай адказнасці з таго часу гэтыя асобы не прыцягваліся. Даводзіцца раз на месяц ці раз на два месяцы наведваць іх па месцы жыхарства з мэтай праверкі, бо яны стаяць на ўліку, як раней асуджаныя. Я наведваю, удакладняю, дзе яны працуюць, як жывуць. І на гэтым праверка завяршаецца дакладаю рапартам на імя начальніка Крымінальна-выканаўчай інспекцыі, што нейкіх заўваг няма”.

Нагадаю, пухавіцкія мужыкі “адзначыліся” забойствам аднавяскоўца. Былога крымінальніка Мікалая Макарэвіча, які тэрарызаваў ажно 600 жыхароў вёскі Пухавічы, патрабаваў грошай, гарэлкі і цыгарэт, а за адмову пагражаў падпалам, Сяргей Аліферовіч і Ігар Макарэвіч забілі сякерай. Кіраўнік краіны, які сам выйшаў з вёскі, так і сказаў старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукала: “Нельга іх саджаць! Што гэта -- вялікі чалавек загінуў? Бадзяўся па турмах, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску”.

У выніку, 9 ліпеня быў падпісаны ўказ аб памілаванні. Асуджаных на 5 гадоў Аліферовіча і Макарэвіча не толькі вызвалілі, але і знялі з іх судзімасць.

Зараз, кажа ўчастковы, не заўважаныя нават у злоўжыванні гарэлкай. Калі б недзе ў гэтым сэнсе адзначыліся — адразу б патрапілі да ўчастковага на заметку. Словы міліцыянера пацвярджае прадавачка мясцовай крамы.

Прадавачка: “Нармальныя яны мужыкі! Яны не бушавалі ніколі і п’янымі моцна, каб ужо асабліва пілі, не былі. Такога за імі ніколі не было. І тады, і цяпер. Яны з раніцы, як яшчэ цёмна, паехалі на працу і прыцемкам прыехалі ніхто іх амаль не бачыць, калі шчыра. Ігара я за ўвесь час толькі пару разоў бачыла цыгарэты набываў. А Сяргей Аліферовіч увогуле ў краму не заходзіць ніколі”.

Працуюць абодва ў суседнім мястэчку Чырвонае. Сяргей Аліферовіч — у “Камунгасе”, Ігар Макарэвіч — на прыватным прадпрыемстве “Рытм-сэрвіс”.

Па словах жанчыны, усе сяльчане на баку памілаваных забойцаў. Маўляў, і забілі яны таго мясцовага “тэрарыста” правільна, і памілавалі іх справядліва. Участковы наконт аднагалоснай падтрымкі рашэння кіраўніка краіны ўсімі жыхарамі вёскі выказваецца больш асцярожна.

Руслан Хакімаў: “Прозвішчы жыхароў гэтай вёскі Аліферовіч, Купрацэвіч і Макарэвіч па-большасці. І там праз хату хтосьці камусьці сваяком даводзіцца. Таму хтосьці са сваякоў забітага і асуджаюць гэтых людзей, а сваякі гэтых забойцаў, ці як іх можна назваць, кажуць, што правільна ўсё было”.

Але ў нейкія канфлікты гэта “супрацьстаянне” не перарастае. Хоць саму вёску Пухавічы ўчастковы называе праблемнай.

Руслан Хакімаў: “Сама па сабе вёска неспакойная. Бывае, што ўсё нармальна-нармальна, а потым нешта ды адбудзецца. Нейкі крадзёж ровары там звычайна крадуць. Праўда, вось ужо два дні не чуваць вёскі гэтай. А звычайна там пераважаюць дробныя скандалісты, сямейныя скандалы. Але “такіх” здарэнняў больш не было”.

Памілаваныя, кажа ўчастковы, не былі заўважаныя нават у дробных сямейных скандалах. Праўда, Ігар Макарэвіч — разведзены. Сям’я — жонка і двое дзяцей — ёсць толькі ў Аліферовіча. І ні разу, кажа прадавачка вясковай крамы, жонка Аліферовіча не паскардзілася па сакрэце на паводзіны мужа.

Апроч выпадку з забойцамі “пухавіцкага падпальшчыка” самай яскравай праявай прэзідэнцкай гуманнасці стала замена смяротнага пакарання на пажыццёвае зняволенне. Здарылася гэта толькі аднойчы — у 1999 годзе, калі кіраўнік краіны сваім указам выратаваў ад смерці чалавека, асуджанага за забойства з абцяжарваючымі абставінамі. Па словах сябра прэзідэнцкай камісіі па памілаванні Мікалая Самасейкі, у той год на смерць было асуджана 13 чалавек — аднаго прэзідэнцкі ўказ уратаваў. Праўда, ні прозвішча памілаванага, ні месца здзяйснення злачынства не вядомыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі