Прэм’ера на Еўрарадыё: "На Ямайку" з "Без Билета"! (спампаваць)

Каб выратавацца ад авітамінозу і вельмі доўгай зімы, лідар "Без Билета" Віталь Артыст напісаў песню ў стылі рэгі:

"У мяне такое ўражанне, што ў нас была не адна зіма, а дзве! — распавядае Еўрарадыё Віталь Артыст. — Штодзень, днём і ўначы, хацелася і марылася пра лета! І вось, на гэтай хвалі, як жыхар паўночных шыротаў, які марыць пра добрае надвор’е, я напісаў гэтую песню".

У запісе паўдзельнічаў хіп-хоп прадзюсер з Расіі Кірыл Барысаў, вядомы па супрацоўніцтве з Noize MC. Дзякуючы яму ў песні з’явіўся "арэол" хіп-хопа:

"Яго біты ўзмацнілі песню і зрабілі з “безбілетнага” хіта гарматны стрэл! — захапляецца Артыст. — Справа ў тым, што музыка рэгі — мая любоў, яна супадае з маімі ўнутранымі вібрацыямі. Але мне падабаецца светлы бок рэгі і раста-культуры, не звязаны са спажываннем нечага забароненага. Сонца, мора, і вандроўкі!"

Ужо праз тыдзень “Без Билета” збіраюцца падтрымаць новую песню кліпам.

Сонечны настрой гурт абяцае перанесці і ў будучы альбом. У пласцінку ўвойдуць 10 кампазіцый, а стыль, у якім цяпер працуюць музыкі, “Без Билета” ахрысцілі як “спартовая раста” або “спорт-раста-стайл”.

У новым альбоме па-ранейшаму знойдзецца месца для філасофскіх псіхадэлічных нумароў, абяцае Артыст, але акцэнт усё ж будзе зроблены на любоў да сонечнай музыкі.

“Гэта сонца, мора, прыгоды, фізкультура, жыццё ды каханне! У мяне ёсць даволі выразнае ўяўленне, якім будзе альбом: сонечным ды часткова замяшаным на хіп-хопе. Я нават ужо назву для яго прыдумаў! Але, паколькі ведаю пераменлівасць нашых поглядаў, я лепш не буду яе пакуль называць”.

А яшчэ, да пачатку вясны "Без билета" падрыхтавалі падобрку сваіх самых сонечных песень! Спампаваць яе можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі