Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Город” ад гурта KilFil (слухаць)
Гэта песня пра нейкае “сваё” месца. Трэк запісаны ў Маскве. Але для фронтмэна KilFil Алеся Ката-Зайцава “Горадам” застаецца родны Мінск.
"Город"
Міжнародны гурт KilFil прэзентуе на Еўрарадыё свой другі сінгл “Город”.
“Горад, якому прысвечаная гэтая песня, фізічна не існуе, — тлумачыць Алесь. — Гэта такі вобразны горад. Але ўласна для сябе я магу акрэсліць яго як нейкае сваё месца. Для мяне апошнія гады гэтымі месцамі былі Мінск і Масква. Напэўна, у кожнага ёсць свой горад, які яго натхняе. Які дае моцы, энергіі. Менавіта пра такое месца гэтая песня і ёсць”.
Па словах Алеся, KilFil рыхтуе да выдання шэраг сінглаў. Пакуль што гурт знаходзіцца ў пошуках свайго гучання. Таму песні даволі розныя, і з кожнай з іх музыкі хочуць зрабіць падзею.
“Мы спрабуем розныя гукавыя прыёмы, розны саўнд, — кажа Алесь. — Таму не заўжды атрымліваецца так, што гэта можна спалучыць у адну канцэпцыю і выдаць пад адной вокладкай. Пакуль што мы проста кіруемся адчуваннем, як тая ці іншая песня мусіць прагучаць: у саюзе з чымсьці яшчэ ці проста сама па сабе”.
1 сакавіка KilFil упершыню выступіць у Мінску ў межах “Бульфэста”.