Паліна Рэспубліка задзьмула 18 свечак і ўступіла ў новы этап жыцця

120409 Ma6a polina.mp3

Калі ў нядзелю ўвечары вы назіралі вялікі феерверк у раёне Парка Чалюскінцаў, ведайце – ён быў запушчаны ў гонар 18-годдзя спявачкі Паліны Рэспублікі. З гэтай жа нагоды ў сталічным Графіці Паліна дала свой першы вялікі сольны канцэрт.

“Цяжка сказаць, якія пачуцці мяне перапаўняюць, - радуецца поспехам Паліны яе маці. – Ну, вядома, гонару, шчасця, вялікай любові – я яе вельмі люблю. Усё, што яна робіць – добра, ці кепска – я заўсёды яе вельмі люблю. Я ганаруся тым, што ў яе столькі сяброў, прыемна, што прыйшлі людзі яе паслухаць”.

Шчыльнасці публікі на канцэрце юнай Паліны можа пазайздросціць любы дарослы гурт



18-ты Дзень нараджэння мусіў стаць асаблівым у жыцці юнай спявачкі. Па-першае, ён павінен быў пачацца і скончыцца пазітыўна – так Паліна сабе загадала. Па другое – падвесці пэўную рысу ў творчасці новаспечанай беларускай зоркі.

“Гэты канцэрт, напэўна, можна назваць уваходам у нейкую музычную браму, таму што пасля яго ўсё будзе куды больш сур’ёзна. На яе ўжо, я думаю, можна глядзець як на абсалютна сталага, сфармаванага творцу, а не як на дзяўчынку 17 гадоў, якая піша цікавыя прыкольныя песенькі, - робіць прагнозы журналіст Сяргей Будкін. - Я думаю, што калі Паліна выканае свой план, а яна хоча выдаць ажно два альбомы ў гэтым годзе, то ўсё і далей пойдзе. Я думаю, што яна не перагарыць, што яна адэкватна ацэньвае свае сілы. І на фоне агульнай дэградацыі музыкантаў у Беларусі, на фоне заняпаду, які мы назіраем, гэта яскравы такі прамень”.


Святочны канцэрт, падчас якога Паліна выканала ўсе песні са свайго рэпертуару, цягнуўся паўтары гадзіны. За гэты час спявачка то заставалася на сцэне адна з гітарай, то выклікала на дапамогу кантрабасіста Эрыка і акардэаніста Ўладзя, задзьмухвала свечкі на вялізным торце і прымала кветкі з падарункамі, паказвала кіно са свайго дзяцінства і амаль не плакала ад шчасця. Усё атрымалася! Яе песні спявала бітком набітая зала Графіці.

“Кожны дзень, калі ты яе сустракаеш, ты думаеш: Калі-небудзь я ўсім раскажу, што я вучылася з гэтай дзяўчынай! – дзеліцца ўражаннямі ад свята ўзбуджаная аднакурсніца Паліны. - Мы марым, што яна ўсё ж такі праславіцца. І справа не ў гэтай самай славе і прызнанні, а справа ў тым, што яна робіць. І яна робіць гэта не толькі дзеля творчасці, а і дзеля нас, і гэта вельмі прыемна. Знаходзіцца з ёй побач – гэта шчасце, таму што яна проста вельмі добры чалавек”.

Шасцікілаграмовы торт ад мамы Паліны для гасцей свята


Тыя, хто ўпершыню чуў у гэты вечар Паліну, параўноўвалі яе з Земфірай і бачылі ў ёй будучую Аліну Арлову. Іншыя наракалі на эксперыменты юнай спявачкі з гуртом Hasta la Fillsta і пераконваліся ў яе самадастатковасці. Аднак усе – сябры, прыхільнікі, бацькі – дажалі Паліне шчасця.

“Гэтая бабуля, між іншым, надала вельмі шмат увагі Паліне. Асабліва – увяла ў свет песень, - не хавае шчаслівых слёз бабуля Паліны. - Я спяваю ў народным хоры вельмі шмат гадоў, і вучыла яе народным песням з самага дзяцінства. Яна ведала ўвесь мой рэпертуар. Я жадаю ёй вялікага моцнага кахання, здароўя, здзяйснення запаветных мараў, каб яна стала добрым рэжысёрам і ўсяго найлепшага”.

Дзядуля і бабуля Паліны. Тая самая, якая вучыла Паліну спяваць 


Апроч безумоўнага таленту і густу, Паліна Рэспубліка ўражвае сваёй выхаванасцю і шчырай дзявоцкасцю. Такія дзеці, упэўненая мама Паліны, з’яўляюцца ў сем’ях, дзе пануе любоў.

Мама Паліны: “Ёсць адзін рэцэпт выхавання дзяцей – дачок ці сыноў – гэта любоў у сям’і. Не патрэбныя ніякія методыкі, а трэба проста шчыра любіць сваё дзіця – не проста любіць, а жыць яго жыццём. Цікавіцца кожным момантам яго жыцця: чым ён дыхае, што ён есць, што ў яго адбываецца ў жыцці”.

Мама Паліны і малодшы брацік

 

Еўрарадыё далучаецца да святочных віншаванняў і жадае Паліне, каб і другая, і трэцяя, і дваццаць пятая яе мара спраўдзіліся, новых песень і цікавых прапаноў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі