Рэканструкцыя Купалаўскага — па плане ці не? (фота)

Частку будынка Купалаўскага знеслі. Адны кажуць, што ўсё паводле плану, другія што ўзнікла небяспечная сітуацыя, трэція кажуць пра парушэнні і адхіленні ад праекту.


"Будынак стары. Зразумела, што можа даваць расколіну. Падчас разборкі атрымалася, што дало расколіну. Вось гэты кавалак зараз разбіраюць", – распавядаюць на будаўнічай пляцоўцы.


Знеслі тры сцяны ў задняй частцы будынку, якія фармавалі сцэну. Астатняе ўзмацнілі і кранаць не будуць.


"Яна ўзмоцненая і не трэсне. Узмацнілі сцены і праёмы унутры".


Ужо ноччу пачнуць капаць яму пад новы падмурак. Але галоўны інжынер будаўнічага ўпраўлення кажа Еўрарадыё, што ўсё ідзе па плане.


"Усё ідзе па плане і па праекце, без экстраных зменаў. Зараз будзе будавацца прыбудова маналітная".

Працы пачнуцца ў бліжэйшы час. Сцэну тэатра будуць пашыраць, таксама пашыраць і розныя бытавыя памяшканні. Старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, пагаджаецца, што пашырэнне было неабходнае, але не такімі метадамі.


"Праект прадугледжваў дэмантаж канструкцый 50-х гадоў ХХ стагоддзя. І ўключэнне аўтэнтыкі ўжо ў новыя канструкцыі. Бо плошчы трэба было пашыраць, бо тэатр сапраўды не адпавядаў сучасным стандартам".


Каробка, якую знеслі, адносілася да канца ХІХ стагоддзя. На думку Астаповіча, лягчэй за ўсё спісаць неабходнасць зносу на слабыя канструкцыі. Трэба шукаць іншыя шляхі ўмацавання. Напрыклад, стварыць дублюючыя канструкцыі і перанакіраваць нагрузку на іх.


"Усе гавораць самае рознае. Адны кажуць, што гэта выкананне праекта. Ва ўпраўленні па ахове спадчыны, патлумачылі, што была аварыйная сітуацыя. Але гэта яўнае адхіленне ад праекту, бо быў прадугледжаны дэмантаж пазнейшых наслаенняў. У чарговы раз аўтэнтычныя канструкцыі зносяцца, каб на іх месцы ўзніклі новыя".


У Аддзеле знешніх сувязей тэатра тлумачаць, што ад пачатковага варыянта сапраўды даводзіцца адыходзіць, бо ад пачатку немагчыма было ўлічыць усё. Але любыя адхіленні праходзяць шмат інстанцый і ўзгадняюцца. Немагчыма зрабіць сучасны тэатр, каб зусім не пацярпела гістарычная частка будынка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі