Рыгора Кастусёва абралі кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі БНФ

14.50 Па выніках галасавання за кандыдата ў прэзідэнты ад партыі Рыгора Кастусёва прагаласавалі 150 чалавек. Супраць выказаліся 13. У галасаванні прынялі ўдзел 163 дэлегаты.

Кіраўніком выбарчага штабу партыйнага кандыдата ў прэзідэнты стане Аляксей Янукевіч.

14.15 З'езд прыняў заяву з нагоды жорсткага збіцця сябра партыі Змітра Пармона. ПБНФ патрабуе распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў спецслужбаў, якія збівалі ўдзельнікаў велапрабегу памяці Максіма Багдановіча. Таксама партыя запатрабавала адстаўкі кіраўніка МУС Куляшова і спынення пераследу грамадзян за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі.

14.06 Па словах Аляксея Янукевіча, прапанова аб выключэнні Крэчкі і Вячоркі з партыі сапраўды паступіла. Але на сённяшнім з'ездзе яе разглядаць не будуць — у пазачарговага з'езду іншая задача. Да гэтага пытання звернуцца падчас чарговага пасяджэння сойма, якое плануецца правесці праз 2 тыдні.

13.57 Як стала вядома Еўрарадыё, прадстаўнік "Моладзі БНФ" з Маладзечна Валянцін Цішко падаў пісьмовую прапанову аб выключэнні з партыі цяперашняга старшыні моладзевай філіі Андруся Крэчкі і Франка Вячоркі.

На яго думку, вылучэнне "Моладдзю БНФ" Баршчэўскага як "свайго" кандыдата спрыяе расколу як у самой партыі, так і ў яе моладзевай фракцыі. Сітуацыя, калі ПБНФ вылучыць Кастусёва, а моладзь пачне працу на Баршчэўскага, можа прывесці альбо да адколу моладзі ад партыі, альбо да расколу яе на дзве фракцыі. Пытанне аб выключэнні павінна разглядацца падчас працы цяперашняга з'езду.



13.30 Дэлегаты пацікавіліся, дзе Кастусёў будзе браць грошы на выбарчую кампанію, бо партыя знаходзіцца ў фінансавай яме. У адказ прэтэндэнт адзначыў, што гэта сапраўды вельмі складанае пытанне і адказу на яго пакуль няма, але праца ў гэтым кірунку вядзецца.

Пакуль дэлегаты атрымліваюць бюлютэні на галасаванне, Еўрарадыё пагаварыла з Рыгорам Кастусёвым. Па яго словах, кіраўніком выбарчага штаба стане Аляксей Янукевіч. Калі ж экс-старшыня Лявон Баршчэўскі таксама вырашыць ісці кандыдатам у прэзідэнты, то, кажа Кастусёў, яны зробяць усё магчымае, каб у партыі не павялічыўся раскол. Ужо цяпер пачаліся перамовы з Вінцуком Вячоркам, каб ён дапамог у вырашэнні гэтай канфліктнай сітуацыі.

13.15 У сваім выступе Кастусёў паабяцаў, што пойдзе на выбарах да канца і не "падляжа" пад іншага кандыдата. Ён заявіў, што пры неабходнасці абавязкова пойдзе на плошчу і павядзе за сабой людзей.

13.02. Безальтэрнатыўным кандыдатам стаў Рыгор Кастусёў.

12.55 З'езд прагаласаваў за Палажэнне аб кандыдаце ў прэзідэнты ад партыі. У Палажэнні прапісаная забарона кандыдату на самастойную адмову ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Кандыдата забавязалі падтрымаць мірную акцыю пратэсту на плошчы, калі вынікі галасавання будуць сфальсіфікаваныя.

Пачалося вылучэнне прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзідэнты. Называюцца імёны Рыгора Кастусёва і Лявона Баршчэўскага. Наконт Баршчэўскага пачаліся спрэчкі з-за яго адсутнасці і выказанага ім раней пажадання не вылучаць яго без згоды і ў яго адсутнасць.

Сяргей Мальчык нагадаў словы Баршчэўскага. Той казаў, што згодны стаць кандыдатам толькі ў тым выпадку, калі ўзначаліць партыю альбо калі зможа кантраляваць партыю праз сойм. Дарэчы, самога Мальчыка таксама прапаноўвалі ў кандыдаты, але ён узяў самаадвод.

12.20 Падсумоўваючы выступы дэлегатаў, кіраўнік ПБНФ Аляксей Янукевіч асудзіў пазіцыю тых, хто выступае супраць удзелу партыі ў выбарах. Ён выказаў шкадаванне, што з'езд праігнаравалі Баршчэўскі і Вячорка, але адзначыў, што іх пазіцыя - гэта іх права. На думку Янукевіча, з'езд праходзіць легітымна, і калі будзе вырашана вылучыць свайго кандыдата, дык так і будзе.

З'езд падтрымаў Янукевіча і выказаўся за вылучэнне партыйнага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Супраць выказаліся 2 чалавекі, 7 устрымаліся.

Дарэчы, на з'ездзе адсутнічаюць прадстаўнікі іншых палітычных сіл краіны. няма і назіральнікаў ад грамадскіх арганізацый альбо ініцыятываў.



12.00 Хрыстафор Жыляпаў з Віцебску выказаў сумнеў, што партыя здолее сабраць 100 тысяч подпісаў за свайго кандыдата. Таму ён прапанаваў вылучыць партыйнага кандыдата, апублікаваць яго праграму, пачаць кампанію і адначасова весці шчыльныя перамовы з прадстаўнікамі нацыянальных дэмакратычных сіл пра вызначэнне адзінага. І толькі калі гэтыя перамовы не будуць мець плёну, тады ісці з партыйным кандыдатам да канца.

11.30. Прадстаўнік Гродна Сяргей Мальчык адзначыў: можна казаць з упэўненасцю 99,99%, што на выбарах выйграе Лукашэнка. Тым не менш, на думку Мальчыка, удзел у выбарах з партыйным кандыдатам дасць ПБНФ магчымасць не толькі кансалідавацца, але і гучна нагадаць пра сябе людзям. Прычым дзейнічаць ён прапанаваў партыйнай калонай, а не ў камандзе адзінага кандыдата.

11.15.
Пачаліся выступы дэлегатаў. Пакуль ніводзін з выступоўцаў не падтрымаў ідэю ўдзелу ў выбарах партыйнага кандыдата. Гучалі нават прапановы байкатаваць выбары. А дэлегат Церахаў заклікаў адмовіцца ад свайго кандыдата і падтрымаць адзінага, кім бы ён ні быў.

Дарэчы, на з'ездзе адсутнічаюць былыя кіраўнікі партыі Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка. Няма і кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі Віктара Івашкевіча. Яны яшчэ перад з'ездам выказалі недавер гэтаму партыйнаму сходу, не пагадзіўшыся з прынцыпамі яго фармавання.



11.10 Сакратар Управы БНФ Уладзімір Лабковіч прапанаваў праект пастановы з'езду. У ёй, акрамя рашэння пра вылучэнне кандыдата, прапаноўваецца даручыць старшыні і намеснікам партыі неадкладна пачаць кансультацыі з максімальна магчымым колам нацыянальна арыентаваных сілаў дзеля правядзення агульнай кампаніі выбараў і прыняць рашэнне аб магчымасці ўдзелу партыі у працэдуры вызначэння супольнага кандыдата.

10.57
Маладзечанскі прадстаўнік "Моладзі БНФ" Валянцін Цішко паведаміў, што адразу пасля агульнага з'езду пройдзе з'езд моладзевай філіі. На ім нібыта будзе фармавацца штаб кандыдата ў прэзідэнты экс-старшыні партыі Лявона Баршчэўскага. Цішко заклікаў лічыць такую дзейнасць "Моладзі БНФ" раскольніцкай.

10.55. Паведамляецца, што на з'езд прыбылі 172 дэлегаты.

10.50. Актывіст з Клецку Сяргей Панамароў у сваім выступе заявіў, што ў выбарах удзельнічаць нельга. На яго думку, трэба займацца ратаваннем БНФ, кансалідаваць партыю, якая развальваецца. Закончыў свой выступ Панамароў прапановай падтрымаць Мілінкевіча.

10.40 У палацы культуры Трактарнага завода ў сталіцы зранку 29 траўня пачаў працу ХІІІ пазачарговы з'езд БНФ. Упершыню з 1994 года партыя вырашыла вылучыць свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары.

У праграме з'езду пазначаныя выступы прэтэндэнтаў у кандыдаты, але перад пачаткам паседжання дэлегатам раздалі ўлёткі з інфармацыяй толькі пра аднаго - Рыгора Кастусёва.

Адкрыў з'езд лідэр партыі Аляксей Янукевіч. Ён даў негатыўную ацэнку мясцовым выбарам і назваў іх рэпетыцыяй перад прэзідэнцкімі. Янукевіч не выключыў, што сцэнар іх правядзення будзе такі ж, і папярэдзіў, што адстойваць вынікі галасавання партыя будзе на плошчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі