Самая крутая абітурыентка краіны Таня Бараноўская: “Думаю, 392 балы хопіць"
Стобальнікі манітораць прахадныя балы і... хвалююцца. Хоць падаюць дакументы ў першыя дні.
Стобальнік па матэматыцы выпускнік гімназіі № 4 Баранавіч Андрэй Собаль дакументы аднёс у БДУІР. Гаворыць, што выбраў самую прэстыжную спецыяльнасць у краіне — "інфарматыка і тэхналогіі праграмавання", а тэставанне па матэматыцы здаў “проста так”.
“Я ж на тэставанне хадзіў проста так, бо атрымаў дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе і мог паступаць без экзаменаў. Выбраў самую прэстыжную спецыяльнасць ў маім ВНУ і ўвогуле ў Беларусі. Не хвалююся, бо ўжо паступіў”, — тлумачыць Андрэй.
З 356 баламі нават без рэспубліканскага дыплома па алімпіядзе Андрэй меў добрыя шанцы. У мінулым годзе дастаткова было 346 балаў.
Стобальніца па беларускай мове з Гродна Вікторыя Якімчык падала дакументы толькі на чацвёрты дзень уступнай кампаніі. Гаворыць, што хацелася быць упэўненай.
“Глядзела па базе, якія БДУ абнаўлялі, і не хвалююся — я другая ці першая”, — расказвае абітурыентка, хто будзе “хімічыць” у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Дзяўчына выбрала факультэт, зыходзячы з рацыянальнасці. Разважае, што са сваёй спецыяльнасцю зможа знайсці працу без праблем. Віка рэкамендуе тым, хто будзе паступаць ў будучым годзе, ні ў якім разе не арыентавацца на прахадныя балы, бо гэта вельмі ўмоўныя дадзеныя.
Нягледзячы на агульныя 365 балаў — у тым ліку 100 балаў па гісторыі Беларусі, выпускніца з Навагрудка Наталля Гірыс за сваё паступленне вельмі хвалюецца. Усю ўступную кампанію дзяўчына правяла за камп'ютарам, адсочвала прахадны.
“Дакладна ведаю, што прайшла на гістарычны факультэт БДУ. Але хвалююся, ці прайшла на маю спецыяльнасць — "музейную справу”, — распавядае Наталля. Дзяўчына кажа, што абрала спецыяльнасць “музейная справа”, бо пасля сканчэння ВНУ можна працаваць менеджарам па турызме. Вельмі перажывае, бо перад ёю ажно два чалавекі з большым балам!
Выпускніца сярэдняй баранавіцкай школы № 18 Вераніка Ляончык вырашыла будучыню ў першы ж дзень — аднесла дакументы ў Медуніверсітэт. Яе мара — “фармакалогія” — была выбраная два гады назад. Паводле рэкамендацыі настаўніцы хіміі Вольгі Андрэеўны.
“Маці перажывала і настаўніца, а я — не. Толькі ў апошні дзень, 25 ліпеня, пачала праглядаць, хто з якімі баламі падаваў дакументы, а так была спакойная. Згодна з маімі падлікамі, я іду ці восьмая, ці дваццатая. А бюджэтных месцаў — 49. Павінна прайсці, але я вельмі хвалявалася менавіта ў апошні дзень”, — прызнаецца Вераніка.
Двайная стобальніца Таццяна Бараноўская — пагроза для ўсіх, хто паступае на перакладчыка ў Лінгвістычны універсітэт. Таня хваляванняў не адчувае, што з 392 (!) баламі не дзіўна!
“Папраўдзе? Не хвалююся ўвогуле! Хаця са мной паступаюць па-за конкурсу і з ільготамі — алімпіяднікі. Але, мяркую, мне дакладна хопіць!”.
З жаданнем быць перакладчыцай Таццяна вызначылася яшчэ ў 11-м класе. Тым не менш 100% паступленне Таня не святкавала — чакае, калі яна на свае вочы пабачыць спісы першакурснікаў.
Еўрарадыё распытала мінакоў пра іх таленты. Адказы ў апытанцы:
Фота з асабістых старонак vk.com