Карл Більт: У Беларусі можа быць горш, чым у Грэцыі

Сёння ў Люксембургу замежныя міністры 27-і краін Еўрасаюза чарговы раз абмяркоўваюць, як рэагаваць на сітуацыю ў Беларусі.

Напярэдадні зачыненага паседжання старшыня дыпламатычнай службы ЕС Кэтрын Эштан запэўніла, што ціск на Беларусь працягнецца

Кэтрын Эштан: "Гэтай раніцай мы будзем абмяркоўваць Беларусь і мы працягнем аказваць свой ціск, будзем рабіць тое, што вымагае ад нас сітуацыя".

Фінскі замежны міністр Аляксандр Стаб прызнаў, што сярод еўрапейскіх міністраў маюцца разыходжанні ў поглядах наконт эканамічных санкцый. Але заявіў, што згоду знайсці ўдасца.

Аляксандр Стаб: "Ключавае пытанне вакол эканамічных санкцый: як пры гэтым не зашкодзіць тым людзям, якія выступаюць за змены. І санкцый супраць асобных кампаній — найлепшае выйсце ў такой сітуацыі. На 100% у эфектыўнасці санкцый я не ўпэўнены, часам яны працуюць, а часам і не".

Асобна выказаўся і шведскі міністр Карл Більдт, вядомы сваёй увагай да Беларусі.

Карл Більт: "Сёння раніцай я бачыў выказванне Лукашэнкі, што ў краіне магчыма катастрофа. І гэта праўда! Хай ён запытае сябе: хто за гэта адказны? Ён сам! Мы ўважліва сочым за эканамічнай сітуацыяй у Грэцыі, але ў Беларусі можа стаць яшчэ горшы фінансавы калапс!"

Палітолаг Алесь Лагвінец лічыць, што ЕС чакае і глядзіць, да чаго прывядзе эканамічны крызіс. На яго думку, сярод еўрапейскіх міністраў ёсць сумневы, што санкцыі будуць мець пажаданы эфект, а не "паслужаць прапагандзе, якая скажа, наколькі злы і варожы да беларусаў заходні сусед". Разам з тым, верагоднасць увядзення санкцый супраць прадпрыемстваў застаецца, лічыць эксперт.

Алесь Лагвінец: "Верагоднасць пашырэння кропкавых санкцый застаецца. Пасля зваротаў Еўрапарламента і ранейшых рашэнняў Савета Міністраў усё ідзе да таго, каб увесці пэўныя абмежаванні да некаторых беларускіх прадпрыемстваў".

Рашэнне еўрапейскіх міністраў па Беларусі будзе чакацца ў 18-19 гадзін па беларускім часе.

Нагадаю, папярэднія паседжанні замежных міністраў неаднакроць прымалі рашэнні аб пашырэнні спіса чыноўнікаў, адказных за паслявыбарныя рэпрэсіі, якім забаронены ўезд у ЕС і замарожаныя актывы. Магчымасць кропкавых эканамічных санкцый супраць асобных прадпрыемстваў застаецца адкрытай.

Фота — pravdu.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі