Сеанс прынцэса-тэрапіі ад джазавай дзівы Ніны Карлсан

130322_mashka_karlsson.mp3

“Я ўсё-такі да вас даехала”, — кажа са сцэны клуба “Мулен Руж” Ніна Карлсан і ўздымае ўгару мыліцу. На першае прэ-паці Koktebel Jazz Festival пецярбургская спявачка прыехала ў Мінск з пашкоджанымі звязкамі на назе. Аднак гэта не замінае Ніне заваражыць гледача.

“За апошнія некалькі гадоў гэта самае яскравае музычнае адкрыццё для мяне асабіста, — кажа Кацярына. — У музыцы Ніны столькі ўсяго намяшана: і кабарэ, і сучаснае, і старажытнае, і нават “Серебряную Свадьбу” мы пачулі недзе. Вельмі прыемная дзяўчына, вельмі абаяльная, прыгожая, такая светлая — хочацца на яе глядзець і слухаць”.


Ніна забірае слухача цалкам: да караблёў у сэрцы і дрыжыкаў у целе. Ад яе постаці, голасу, выразу твару вее выкшталцонасцю і светам. Карэнная пецярбуржанка ў срэбнай сукенцы дае мінчанкам сеанс прынцэса-тэрапіі.

“Усё вельмі натуральна, сардэчна і цёпла, — захапляецца Нінай яшчэ адна наведвальніца канцэрта Вольга. — Нават не ведаючы англійскай, настолькі трапляеш у хвалю! Усё зразумела! Яе музыка супала з маімі асабістымі перажываннямі. Тут ёсць напружанне на грані: так-не, так-не. Усё вельмі сардэчна і цёпла і, галоўнае, душэўна і шчыра. Ты проста верыш”.


Ніна Карлсан выконвае свае кранальныя, напоўненыя паветрам, і жыццесцвярджальныя, радасныя песні. Пра любоў, адзіноту, веру і беднага няшчаснага палітыка. Спачатку па-англійску, потым па-руску. Але мова не перашкаджае патрапіць на хвалю Ніны і разам з ёй слухаць шэпт марскіх глыбінь.

“Я шмат у апошні час пішу па-руску. І ў будучым альбоме, які мы запішам з маёй камандай улетку, будуць песні на рускай мове, але ў такім ключы, што гэта станецца прыемным сюрпрызам для многіх, — прыадкрывае для Еўрарадыё таямніцу свайго наступнага рэліза Ніна Карлсан.Мяркую, тое, што я задумала, наўрад ці зробіць яшчэ нехта з артыстаў хаця б, як мінімум, у гэтым годзе. Я не магу распавесці, што за сюрпрыз. Але ведаю, што менавіта я магу яго ажыццявіць. І гэта мяне, безумоўна, вельмі радуе і натхняе”.


Не толькі музыку Ніны Карлсан, але і саму спявачку сустракаюць у Мінску вельмі цёпла.

“Я чамусьці чакала, што мусіць быць нешта вельмі блізкае. Так і атрымалася! — распавядае яна. — Цэлы дзень я заўважаю, што людзі ў вас такія прыемныя, не проста кшталту прыемны чалавек, а нешта ў вас усіх ёсць загадкавае і прывабнае. І з дабрынёй усе ставяцца. І гэта проста цудоўна!”


Карацей, артыстцы ў Мінску спадабалася. Таму яна ўжо зараз паабяцала вярнуцца ў Мінск яшчэ ўвесну, з новымі песнямі і ў новым уборы.

Канцэрт Ніны Карлсан падтрымала Аня Жданава з гурта Lilac

 

Прадзюсарка Koktebel Jazz Festival Жэня Стрыжэўская і каардынатар фэсту Алег Ціханаў аб'яўляюць сёлетніх хэдлайнераў

 

 

Яшчэ фота: www.vk.com/album-7115114_171644400

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі