Справа “шпіёна” Гайдукова: два месяцы за кратамі і мінімум інфармацыі
За час расследавання ў справе з’явіўся яшчэ адзін падазраваны. Дата суда па-ранейшаму не вядомая.
“Два разы адвакат спрабаваў сустрэцца. 29-га сядзеў цэлы дзень. Нічога не атрымалася. Маўляў, дазвол на сустрэчу атрымоўвайце, калі ласка. Але ўмоваў для сустрэчы няма”, — расказвае маці наваполацкага “шпіёна” Андрэя Гайдукова Вольга.
З часу вяртання яе сына ў “амерыканку” інфармацыі пра яго амаль няма. 29 снежня сястра адвезла перадачу, але невядома нават, ці атрымаў яе Андрэй Гайдукоў да надыходу Новага года.
За кратамі Гайдукоў ад 8 лістапада, а афіцыйнай інфармацыі пра яго справу — вобмаль. Вядомае толькі прозвішча следчага — Барысевіч — і артыкул — “здрада дзяржаве”. Больш нічога. Гайдукова спачатку перавезлі з Віцебска ў Мінск у “амерыканку”, затым ён трапіў у віцебскі СІЗА, адкуль напрыканцы снежня зноў нечакана вярнуўся ў Мінск. Правёў некалькі дзён у “Валадарцы”, пасля зноў трапіў у “амерыканку”. Тыя яшчэ прыгоды.
Валянцін Стэфановіч, праваабаронца з “Вясны”, выказвае незадаволенасць адсутнасцю інфармацыі па справе Гайдукова. Спадзяецца, што хаця б суд атрымаецца зрабіць адкрытым.
“Будзем патрабаваць правядзення адкрытага судовага працэсу, каб даць поўную ацэнку таму, што адбываецца. А ўлічваючы тое, што іншы фігурант справы знаходзіцца пад падпіскай (Ілля Багданаў — Еўрарадыё), я думаю, што не было б ніякай шкоды ад вызвалення Гайдукова з-пад варты”.
Але, калі той суд адбудзецца і ці адбудзецца ўвогуле, ніхто не ведае. Стэфановіч гаворыць, што следства можа зацягнуцца. Гэта ўжо — як следчы вырашыць.
Пра тое, што яно вядзецца, сведчаць не толькі пастаянныя перамяшчэнні Гайдукова паміж рознымі СІЗА. За амаль два месяцы у справе з’явіўся яшчэ адзін падазраваны — Ілля Багданаў. Яго ўпершыню затрымалі таксама 8 лістапада, але адпусцілі пасля першага допыту ў тую ж ноч, прывёзшы з Віцебска ў Мінск. Прычыны ператварэння са сведкі ў падазраванага Багданаву не вядомыя. Размаўляючы аб гэтым з карэспандэнтам Еўрарадыё хлопец моцна хвалюецца.
“Я нават не ведаю. Мне падаецца, што, чым больш падазраваных па гэтай справе, тым лепш… Як мне сказалі, паказанні разыходзяцца, і таму мяне перавялі ў разрад падазраваных”.
Тым часам закрытасць справы нараджае шмат чутак і версій. Сярод віцебскіх апазіцыянераў найбольш папулярная версія пра тое, што спецслужбы жадаюць паставіць на месца найбольш актыўных дзеячаў. Маўляў, Гайдукоў з паплечнікамі разгарнулі занадта шырокую дзейнасць. Асабліва ў галіне міжнародных кантактаў. За што і паплаціліся.
Праверыць гэтую версію немагчыма, хоць пераслед апазіцыянераў з боку беларускіх спецслужбаў не з’яўляецца нечым незвычайным. Аднак афіцыйна Гайдукоў затрыманы за “здраду дзяржаве”. Падрабязнасці стануць вядомыя (калі гэта ўвогуле адбудзецца) толькі падчас суда.
“Будзем патрабаваць правядзення адкрытага судовага працэсу, каб даць поўную ацэнку таму, што адбываецца. А ўлічваючы тое, што іншы фігурант справы знаходзіцца пад падпіскай (Ілля Багданаў — Еўрарадыё), я думаю, што не было б ніякай шкоды ад вызвалення Гайдукова з-пад варты”.