Супрацоўнікі КДБ апячаталі кватэру актывіста "Еўрапейскай Беларусі"
Спецслужбіст смяяўся, гледзячы як на актывіста накінуўся з кулакамі мужчына з суседняй кватэры.
Шэсць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, як мінімум два з якіх з КДБ, позна вечарам 26 траўня правялі ператрус на кватэры даверанай асобы Андрэя Саннікава, актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандра Валанцэвіча ў яго адсутнасць. Пра гэта са словаў яго прыяцеля Андрэя Моўчана паведаміла прадстаўніца "Еўрапейскай Беларусі".
У Андрэя Моўчана, які прыехаў да кватэры Аляксандра Валанцэвіча, часова забралі пашпарт і мабільны тэлефон, у яго пыталіся аб месцазнаходжанні апошняга.
Прадстаўніца "Еўрапейскай Беларусі": "Казалі яму: брэшаш, што не ведаеш, дзе ён, абражалі і пагражалі. На некаторы час скавалі кайданкамі да лесвіцы ў пад'ездзе..".
Апрача таго, на Андрэя Моўчана з кулакамі накінуўся мужчына з суседняй кватэры і з абразамі — яго жонка.
"Праваахоўнікі на канфлікт не адрэагавалі. Супрацоўнік КДБ проста смяяўся, гледзячы на гэта", — дадалі ў "Еўрапейскай Беларусі".