“Там узрывалася ўсё… Мы адразу не пайшлі тушыць”

12 чэрвеня ў Навагрудскім раёне ля вёскі Навіны разбіўся вайсковы самалёт. Першымі на месца падзення прыехалі мясцовыя леснікі. Адзін з іх, Аляксандр Урбановіч, расказвае, што тушыць пажар заміналі выбухі.

“У нас тут пажарная машына з шафёрам. Мы дзяжурым увесь дзень. Як толькі нам паведамілі, што дым над лесам — мы адразу і паехалі туды. А там убачылі, што ўсё ўзрываецца, рвецца. Адразу не палезлі. Потым толькі пайшлі тушыць. А пазней людзей панаехала і нас адправілі назад”.

120613 Pilecki Samolet.mp3

Цела лётчыка леснікі не бачылі: самалёт быў моцна пашкоджаны. У вёсцы Навіны перакананыя, што пілот насамрэч адводзіў машыну ў лес, падалей ад хат. Жыхар вёскі расказвае, што Су-25 перад аварыяй праляцеў літаральна над яго галавой.

“Ляталі ўчора самалёты. Мы якраз карову чакалі з поля. Адзін самалёт праляцеў над намі і праз некалькі секунд пачулі грохат металічны. І праз некалькі секунд паваліў чорны дым адтуль. Нам добра з двара было бачна. Мы здзівіліся — што ж там такое. Адразу ціха стала. І дым чорны-чорны некалькі хвілін валіў адтуль”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, палёты самалётаў Су-25 праводзіліся для падрыхтоўкі параду 3 ліпеня. Лідскія лётчыкі рэгулярна ўддзельнічаюць у такіх мерапрыемствах. Можна ўзгадаць выпадак са звяном Су-24, якое напалохала жыхароў сталіцы ў 2010 годзе. Аднак у Міністэрстве абароны гэта не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць. Паведамляюць толькі, што ніякіх зменаў у расклад параду падзенне самалёта не ўнясе.

“Усё, што было запланавана, усё застаецца. Будуць адбывацца палёты, падрыхтоўка авіяцыі, усё іншае”, — гаворыць кіраўнік прэс-службы Уладзімір Макараў.

А пакуль усе палёты вайсковых самалётаў у Беларусі спыненыя. У экспертаў ёсць два тыдні на тое, каб высветліць прычыну катастрофы.

За апошнія тры гады ВПС Беларусі згубілі пяць самалётаў і верталётаў. Прычыны катастроф не публікаваліся. Эксперт па ўзбраенням Аляксандр Алесін лічыць, што прычына гэтага ў састарэласці тэхнікі. Беларускія вайскоўцы проста не хочуць раскрываць праўды пра стан нашых самалётаў.

“Менавіта гэты стан парка авіяцыйнай тэхнікі, які не вельмі добры, і прымушае кіраўніцтва Узброеных сіл Беларусі, у дадзеным выпадку Ваенна-паветраных сіл, не раскрываць прычыны авіяцыйных катастроф”.

У загінулага пілота — падпалкоўніка Мікалая Грыднева — засталася жонка Таццяна і дзве дачкі: 8-гадовая Насця і 8-месячная Варвара. У Мінабароны запэўніваюць, што будуць дапамагаць яго сям’і.

“Ляталі ўчора самалёты. Мы якраз карову чакалі з поля. Адзін самалёт праляцеў над намі і праз некалькі секунд пачулі грохат металічны. І праз некалькі секунд паваліў чорны дым адтуль. Нам добра з двара было бачна. Мы здзівіліся — што ж там такое. Адразу ціха стала. І дым чорны-чорны некалькі хвілін валіў адтуль”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі