«Тэатр восьмага дня» рыхтуе ў Мінску неспадзяванку
“Тэатр восьмага дня” з Польшчы выступіць 10 кастрычніка у Мінску.
Спектакль пад назвай “Фэйскантроль” мінская публіка зможа паглядзець у будынку Новага драматычнага тэатра. Прыезд трупы тэатра ў сталіцу Беларусі адбудзецца ў рамках праграмы “Польскае старшынства 2011- Абяцанне”.
Пра спектакль распавядае вядучая акторка “Тэатра восьмага дня” Ева Вуйцяк.
Вуйцяк: “Гэта прадстаўленне аб “людзях-ценях”. Яно было створана некалькі год таму. Цяпер Польшча з’яўляецца часткай Еўропы, а калісьці таксама была ў становішчы сённяшняй Беларусі. У гэтым спектаклі мы зрабілі спробу паставіць пытанне: ці цяпер, калі мы ў Еўропе, ці памятаем мы свой досвед некалькіх дзесяцігоддзяў таму? Героі нашага спектакля – людзі, якія знаходзяцца па-за межамі ўсяго лепшага. У гэтай сітуацыі пад “лепшым” мы разумеем Заходнюю Еўропу”.
“Тэатр восьмага дня” быў заснаваны ў Познані сорак пяць год таму як студэнцкі тэатр. У гады камуністычнай дыктатуры ягоныя акторы пераследваліся за тое, што высмейвалі польскіх партыйных босаў і камунізм увогуле. Неафіцыйна трупу называлі “Тэатрам Салідарнасці”. Па словах Евы Вуйцяк, тэма дыктатуры ў спектаклі “Фэйскантроль” займае цэнтральнае месца.
Вуйцяк: “Спектакль прысвечаны тэме ўлады ўвогуле, якая паказана тут пры дапамозе гратэску. Таму, мяркую, што публіка ўсё зразумее. Ад сябе скажу, што мы хочам, каб Беларусь стала дэмакратычнай краінай. Канечне, і ў Польшчы з дэмакратыяй не ўсё ідэальна, аднак у нас ёсць свабода слова, якая шануецца. А гэта самае галоўнае”.
Усё тая ж дыктатура стала для пані Евы і іншых актораў тэатра прычынай, па якой яны задумаліся, ці ехаць на гастролі ў краіну, у якой правіць тыранія.
Вуйцяк: “Калі мы атрымалі запрашэнне выступіць у Беларусі, у нас былі сумневы: ці ехаць, ці байкатаваць. І ў рэшце рэшт вырашылі ехаць. Калі Польшча была таталітарнай дзяржавай, да нас таксама прыязжалі артысты са свабодных краінаў, і мы былі ім за гэта вельмі ўдзячныя”.
Як прызнаецца Ева Вуйцяк, трупа тэатра не ў стане змяніць сітуацыю у Беларусі да лепшага, але свой маленькі ўклад яны заўжды гатовыя ўнесці. Падчас выступлення акторы збіраюцца прадэманстраваць беларускаму гледачу, што яны дагэтуль застаюцца вернымі ідэалам дэмакратыі. Як яны збіраюцца гэта рабіць, пакуль застаецца таямніцай, аднак той, хто 10 кастрычніка прыйдзе ў Новы драмтэатр, пабачыць гэта на ўласныя вочы.