Тэхнічных магчымасцяў клуба Re:Public не хапіла для выступлення IQ48
Затое :B:N: ды Pananieba адыгралі канцэрт з выдатным гукам.
Раніцай у дзень запланаванай салянкі гуртоў Pananieba, :B:N: ды IQ48 у клубе Re:Public раптоўна з'явілася інфармацыя, што "айк'юшнікі" выступаць не будуць. Як не спрабавалі даведацца, чаму, ніхто дакладнага адказу даць не здолеў. Тым не менш квіткі перад канцэртам здалі толькі каля дзесяці чалавек.
Пачынаў канцэрт рэп-гурт Pananieba, які даволі якасна, хоць і неяк па-аматарску адчытаў 5 трэкаў. Высветлілася, што за пэўны час да выступу арганізатары папрасілі хлопцаў падоўжыць праграму на хвілін 10-15. Можа, з-за гэтага іх выступ і выглядаў не вельмі прафесійна. Але ўжо пад канец канцэрту публіка "раскачалася" і трэк "Людзі на балоце" спявала разам з музыкамі.
"Калі б гэта адбылося пяць год таму, то нас бы закідалі яйкамі, - дзеляцца ўражаннямі ўдзельнікі Pananieba. - А сёння частка публікі нас успрыняла і падтрымала. На апошнім трэку, думаю, ўжо было заўважна, што народ нас успрымае. Мы ўвогуле хацелі па-іншаму падыйсці да гэтага выступу. Мы хацелі выступіць з жывым складам, але неяк не здолелі сабрацца ўсе разам. Але для нас гэты эксперымент цікавы".
Музыкі прызналіся, што будуць працягваць практыку выступаў з рокерамі, маўляў, гэтыя напрамкі ўзаемазамяняльныя. Праўда, да наступнага такога канцэрту ўсё ж паспрабуюць сабраць музыкаў, бо рок-публіка лепш рэагуе на жывыя склады, чым на чытку "пад мінус". І сапраўды, наведвальнікі не вельмі чакалі рэпераў на разагрэве, былі і такія, хто крычаў "фу", але большасць усё ж з цікавасцю прыслухоўвалася да тэкстаў хлопцаў.
Выхад :B:N:, безумоўна, быў вельмі чаканым, бо бярозаўскія музыкі граюць у Мінску раз-два на год. Акурат перад іх з'яўленнем на сцэне кампанія моладзі вырашыла выйсці з клубу папаліць, але пачуўшы прывітальныя словы музыкаў, яна з віскам кінуліся назад да сцэны. І з першай жа песні на сцэну пачалі выскокваць ужо добра знаёмыя па канцэртах у Re:Public стэйдж-дайверы. Музыкі адыгралі вялікі, амаль 2-х гадзінны сэт і выйшлі двойчы.
Здаецца, што ніхто нават не заўважыў новага бубнача Змітра Харытановіча, добра вядомага беларускаму слухачу па Drum Ecstasy, Hasta La Fillsta і іншых праектах. Зміцер за тры рэпетыцыі распісаў па нотах усе ўдарныя партыя :B:N: і адыграў канцэрт не зрабіўшы ніводнай заўважнай памылкі.
Як высветліла Еўрарадыё, Харытановіч быў запрошаны як сесіёншчык і супрацоўнічае з бярозаўскім гуртом часова, бо пакуль невядома, што будзе са сталым бубначом каманды. Але музыкі прызналіся, што ўсё ж працягваюць працу над новым альбомам, прэзентаваць які ў Мінску плануецца недзе ўвосень.
"Была думка, выдаць дыск ужо перад гэтым канцэртам, - прызнаецца гітарыст гурта Макс Літвінец. - Усе магчымасці для гэтага былі, але мы вырашылі не спяшацца. Ёсць, над чым там яшчэ папрацаваць. У сэнсе канчатковай апрацоўкі запісанага матэрыялу. Мы вырашылі, што выдадзім яго напрыканцы вясны на пачатку лета. Там будзе 14-15 трэкаў. І недзе ўвосень зладзім ужо сапраўдную, паўнафарматную прэзентацыю".
Нягледзячы на тое, што :B:N: ужо шмат год выконваюць адну і тую ж праграму, людзі разыходзіліся вельмі задаволенымі. Бярозаўскі гурт, натуральна пакідае вельмі добрыя ўражанні і нясе даволі моцную хвалю пазітыву. Але адсутнасць IQ48 не магла не адбіцца на настроі некаторых наведвальнікаў.
На выхадзе з клубу былі размовы пра незразумелую адмену. А ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што каля Re:Public чакаюць аўтазакі. Натуральна, гэта быў чыйсьці не вельмі ўдалы жарт, але ён вярнуў усіх, хто затрымаўся ў клубе да нашай рэчаіснасці.
Адмены канцэртаў гуртоў, якія трапілі ў "чорны спіс", даўно ўжо для нас не дзіва. Тым не менш, музыкі працягваюць безвыніковыя спробы выступіць для прыхільнікаў, а прыхільнікі ў сваю чаргу перастаюць набываць квіткі, каб потым не ехаць іх здаваць.., журналісты амаль перасталі пісаць пра такія падзеі, а чытачы, адпаведна, прагортваюць гэтую інфармацыю, як нецікавую і няновую... Такое адчуванне, што ўсе па-беларуску змірыліся з сітуацыяй і вырашылі перачакаць.
Але, як звычайна і бывае ў такіх выпадках, пераможца робіць наступны крок, гэтым крокам, відаць, становіцца пашырэнне праславутага "спіса". Першым званочкам для такіх думак стала адмена чарговага "Тузіна. Unplugged" 29-га сакавіка, калі мусілі выступіць гурты "Гаротніца" ды "Аддис Абеба". Зноў жа, містычным "званком зверху" і зноў без тлумачэнняў. Менавіта такім жа "мудрагелістым чынам" з салянкі Pananieba, :B:N: ды IQ48 зніклі апошнія выступоўцы.
"Па тэхнічных прычынах", - сказалі арганізатары напрыканцы канцэрта, гэтак жа казалі і музыкі са сцэны... Толькі вось, што гэта за тэхнічныя прычыны? Не хапіла манітораў для выступу пяці музыкаў? А можа дратоў, каб падключыць тры гітары і мікрафон? Гэтага таксама нікому не патлумачылі... А самі "здаровыя лосі", арганізатары ды клуб адмаўляюцца хоць неяк каментаваць сітуацыю. Карацей, усё па-старому! "Хавайся ў бульбу...", як калісьці спяваў на канцэртах цяпер ужо забаронены гурт "Крама".
Вулічная апытанка да тэмы: Ці верыце вы ў існаванне забароненых музыкаў у Беларусі? Што трэба зрабіць, каб гэтыя спісы зніклі?