600 тысяч кітайцаў хочуць прыехаць працаваць у Беларусь
Такая лічба закладзена ў тэхніка-эканамічным абгрунтаванні будаўніцтва кітайска-беларускага Індустрыяльнага парка.
Лічба ў 600 тысяч кітайцаў, якіх нібыта хуткім часам паселяць ля Смалявічаў і тыя будуць будаваць там Індустрыяльны парк, Еўрарадыё падалася дзіўнай. У Міністэрстве эканомікі, тым не менш, кажуць, што такія дадзеныя ёсць. Але іх не трэба ўспрымаць усур’ёз.
600 тысяч працаўнікоў — не больш як меркаванне, якое выкладзена ў тэхніка-эканамічным абгрунтаванні кітайскага боку, тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Міністэрства эканомікі Кірыл Карацееў:
“Гэта рабіўся праект папярэдняга тэхніка-эканамічнага абгрунтавання. 600 тысяч працуючых — папярэдняя лічба, якая рабілася больш за год таму. Без прывязкі да мясцовасці. Без дэталёвых буйных разлікаў. Фактычна гэта крайне арыентыровачны паказчык. Вы яго сур’ёзна не ўспрымайце”.
Гэтае тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне журналістам не паказваюць, бо “яно носіць канфідэнцыйны характар”. А перш чым называць лічбы, спачатку трэба правесці ацэнку мясцовасці.
Кірыл Карацееў: “Калі мы правядзем ацэнку мясцовасці — аэрафотаздымкі, геадэзічныя працы. Калі падыдзем да падрыхтоўкі праекта. Калі будзе зразумела, на якіх пляцоўках можна будзе будаваць, з якімі водступамі ад лесу, ад населенага ўчастку… Тады можна будзе зрабіць карэктна, паводле нашых норм, пралічыць, колькі свабодных плошчаў, колькі з іх будзе, магчыма, забудаваныя прамысловымі прадпрыемствамі, колькі жыллём — тады можна будзе даць”.
Беларусь і Кітай распачынаюць сумесную будоўлю Індустрыяльнага парка ля Смалявічаў. Згодна з разлікамі кітайскага боку, прыкладны кошт праекта будзе 30 млрд долараў. Праект указа прэзідэнта “Аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку” можна знайсці ў інтэрнэце.
“Безумоўна, там няма звышрэвалюцыйнага, кшталту — высяліць усіх! Чаго баяліся мясцовыя жыхары... ”, — каментуе Еўрарадыё актывіст “Гавары праўду” Міхась Пашкевіч. Ён дапамагае смалявіцкім жыхарам у адстойванні правоў.
Мясцовыя жыхары баяцца, што кітайцаў будзе нават больш за 600 тысяч чалавек.
Міхась Пашкевіч: “А далей проста мясцовыя жыхары прыкінулі, што калі ў сярэднім працуе адзін кітаец і ў яго ёсць жонка і дзіця — то гэта ўжо не 600 тысяч кітайцаў, а як мінімум 1,5 мільёны. Гэта такі эмацыйны падыход”.
Цалкам магчыма, што ў парку працаваць будуць сапраўды толькі кітайцы.
Міхась Пашкевіч: “Мы бачым цяпер у Бярозе ці Навалукомлі… У кітайскага бізнесу ёсць правіла: максімальнае выкарыстанне кітайскага рэсурса — працоўнага і інш. Я не здзіўлюся, калі тут насамрэч увесь працоўны патэнцыял будзе прадстаўлены кітайскімі працоўнымі. У нас і так да мільёна жыхароў рэгулярна выязджаюць на заробкі ў іншыя краіны”.
Еўрарадыё даведалася, чаму ў выпадку з будаўніцтвам АЭС у Беларусі
спачатку вызначыліся з тэхнічнымі характарыстыкамі і толькі пасля
падпісалі пагадненне... А тут спачатку пагадненне і толькі пасля —
тэхнічныя характарыстыкі! У Мінэканоміцы нам патлумачылі розніцу:
"АЭС — гэта быў канкрэтны аб’ект. Тут мы проста ствараем рэжым
гаспадарання — вось вызначана тэрыторыя, на якой будуць ільготы, на якой
мы створым адміністрацыю, нейкі механізм ільготнага гаспадарання,
механізм упраўлення... Такі зачын. Пасля гэтага зачыну наш бок у асобе
"Гарызонта" і кітайскі бок пачынаюць рыхтаваць праект, траціць грошы,
які ўжо пасля будзе падлягаць абмеркаванню, разлікам... Магчыма, пасля
спатрэбіцца яшчэ рашэнне, асобныя нарматыўныя акты", — кажа
начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Міністэрства эканомікі Кірыл
Карацееў.
7 студзеня гэтага года набыў моц закон Рэспублікі Беларусь "Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку". У пагадненні вызначана месца парку — Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, планаваная плошча — каля 80 квадратных кіламетраў. Згодна з планам, пад знос патрапяць 15 вёсак, 30 дачных пасёлкаў і дзіцячыя летнікі.
Фота: realt.onliner.by