Ці вырастуць цэны ўслед за базавай?
Эканамісты супакойваюць. Мінчукі ўпэўненыя, што за базавай велічынёй павысяцца і цэны.
З 1 красавіка базавая велічыня вырасце з 35 да 100 тысяч рублёў. Вядома, што следам зменяцца памеры штрафаў, стаўка арэнды ды іншыя плацяжы… А вось ці вырастуць цэны?
— Натуральна, што 100% будзе ўсё расці. Нават няма чаго сумнявацца.
— У любым выпадку. Усё прывязана да базавай велічыні: і штрафы, і нейкія прэміі, і заробкі. А, адпаведна, калі людзі атрымліваюць больш грошай, то можна падняць і цэны, — мінчукі ўпэўненыя, што ўслед за базавай падаражэюць і тавары.
Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што такая логіка — няправільная. Гэта не цэны будуць расці з-за базавай, а базавая расце ўслед за цэнамі, — тлумачыць ён.
Сяргей Чалы: “Базавая велічыня не ўплывае, а рэагуе на цэны. Тут адваротная прычынна-выніковая сувязь. Базавая запазняецца за ростам цэнаў…”
Эканаміст прапануе фармуляваць пытанне па-іншаму. Не “Ці вырастуць цэны ўслед за базавай?”, а “Ці вырастуць яны ў прынцыпе?”
Сяргей Чалы: “Пытанне — ці будуць расці цэны далей, незалежна ад таго, што яны зрабілі з базавай велічынёй?”
І тут людзі на вуліцах Мінску адзінадушныя ў сваіх адказах.
— Як звычайна.
— Натуральна.
— Вядома…
— Канешне, як заўсёды. Сыр ужо 60 тысяч!
— У любым выпадку. Цэны растуць — гэта аб’ектыўная рэальнасць.
Цікава, што акурат апошні месяц цэны ў крамах спыніліся!.. Эканамісты тлумачаць, што цяпер колькасць грошай на руках у людзей і цэны дасягнулі раўнавагі.
Сяргей Чалы: “Маецца на ўвазе, што цэны адпавядаюць колькасці грошай, якія ў вас ёсць, якія вы гатовыя патраціць у краме. А калі ў вас вырастуць прыбыткі, цэны, бясспрэчна, на гэта адрэагуюць! Часовы лаг паміж зменамі прыбыткаў хатніх гаспадарак і ростам цэнаў не даўжэй за 4 месяцы. І ў гэтым сэнсе атрымліваецца, што такія эканамічна неабгрунтаваныя павышэнні прыбыткаў абавязкова выражаюцца ў змене цэнаў, якія ў выніку з’ядаюць бонус, які вам далі”.
Калі людзі думаюць, што за базавай вырастуць таксама цэны, ці не прывядзе гэта да чарговага ажыятажу ў крамах? Ці не будуць людзі, як раней, скупляць цукар, гарбату або алей?
Карэспандэнт Еўрарадыё прайшлася па мінскіх крамах. Але там пакуль ажыятажу няма. Кажуць, што “усё ціха”. Праўда, толькі на 8-е сакавіка скуплялі, але, смяюцца, па іншай прычыне.
"Гіпа": “Ды нібыта нічога не змянялася, усё засталося, як і было. Тут яшчэ пасля святаў вельмі цяжка ўвогуле зарыентавацца”.
Крама: “Не скупляюць, праўда, ўчора нешта шмат бралі кансервы рыбныя і тушонку…”
У іншай прадуктовай краме таксама ўсё ціха — аднак тлумачэнне гэтаму знайшлі сумнае.
"Аўтазавадскі": “Не, пакуль ціха. Усё пакуль у парадку, ціха. Ніхто нічога не хапае, не бярэ… У людзей няма грошай, каб хапаць”.
Фота: bymedia.net