Турбаза на беларускім возеры даражэйшая, чым мора ў Чарнагорыі
Еўрарадыё ацаніла турыстычныя прапановы на выставе “Адпачынак 2013”.
“Я не адпачываю даражэй чым за тысячу долараў ці еўра, — адразу папярэджвае дырэктар турфірмы “Комарк” Кацярына Ковель, якую сустракаем на выставе “Адпачынак 2013”. — Мне вельмі спадабалася Марока. Унікальная краіна, але мала экскурсій, трэба самому ездзіць”.
Але фірма Кацярыны ў Марока не возіць. Асноўныя напрамкі: Турцыя, Кіпр, туры па Еўропе. Ёсць нават адмысловы тур для дзяцей. Кошты, як кажа дырэктар, амаль леташнія. Але сёлета больш шырокае ранняе браніраванне. І беларусы плацяць за адпачынак больш, чым летась.
Каля стэнда беларускай базы адпачынку “Чачэлі”, што недалёка ад Мінска, чаргі з патэнцыйных турыстаў няма. Кошты ўражваюць!
“Кошты ў нас растуць, для беларусаў робіцца непрымальным адпачынак. Суткі прыблізна 40 долараў — гэта пражыванне і харчаванне. Астатняе за дадатковыя грошы. Мільёнаў 10 выйдзе дакладна за два тыдні. Але ўсё адно нам цяжка выйсці ў плюс: выдаткі на электрычнасць, добры выгляд”, — расказваюць супрацоўніцы базы “Чачэлі”.
Парадокс, але пры такіх коштах жадаючых хапае, у асноўным — расіяне. А самі супрацоўніцы адпачываюць у Балгарыі.
Каля стэнда турфірмы “Смалянка”, якая займаецца адпачынкам у Чарнагорыі, цікаўных шмат. Гэта з-за коштаў, запэўнівае мяне намесніца дырэктара Наталля Міхайлава.
“Крыху падаражаў самалёт, але так, кошты не мяняліся. На два тыдні ад 430 еўра і вышэй. У гэтым годзе нейкі бум з Чарнагорыяй”, — адказвае Наталля.
Сама адпачывае таксама ў Чарнагорыі, у Бечычах.
Студэнтка Алеся, якая разглядае стэнд з прапановамі па адпачынку, ужо вызначылася, дзе праводзіць лета. Збіраецца ў тур па Еўропе.
“Ёсць прапанова паехаць у тур па Еўропе: дзевяць краін старога свету. Такі тур каштуе 540 еўра. Паездка 12 дзён і адпачынак на моры ў Іспаніі — тры дні”, — рыхтуецца да адпачынку Алеся.
Яўген улетку збіраецца на Міжземнае мора. Мінулае лета ён правёў у Крыме, цяпер назбіраў грошай на Еўропу.
“У Еўропу куды-небудзь збіраемся. Можа, у Чэхію, а можа, да Міжземнага мора. Цяпер ужо ёсць нешта, каб паехаць”, — гаворыць Яўген.
Летась з Беларусі выехала паўмільёна турыстаў, паведамляе Белстат. Найбольш беларусаў ездзіла ў Расію, Украіну, Балгарыю, Грэцыю, Егіпет, Іспанію.