У гамельчука скралі танк
Незвычайную заяву атрымаў аддзел па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій гомельскай абласной міліцыі.
Заяўнік распавёў, што страціў танк у віртуальнай прасторы папулярнай онлайн гульні World of Tanks.
Зламыснікі ўзламалі скрыню электроннай пошты карыстальніка і гэтак атрымалі доступ да гульнявога акаўнта. Разглядаць выпадак як звычайны кур'ёз, аднак, не выпадае, піша "Ежедневник". Гамяльчук уклаў у гульню значную суму рэальных грошай, каб удасканаліць свой танк.
Міліцыянты не пакінулі зварот без увагі, бо гаворка ідзе пра значную шкоду. Праблема ўскладняецца тым, што ў ранейшым выглядзе танка ў гульнявой прасторы ўжо няма — зламыснік прадаў яго па частках іншым карыстальнікам.
Праверка па факце першага ў практыцы гомельскай міліцыі "ўгону танка" працягваецца.