Шакіра станцавала танец жывата з глядачкамі і выканала кавер на Металіку

Канцэрт у межах сусветнага тура "The Sun Comes Out" лацінаамерыканская зорка распачала ў рокавым стылі. Новае гучанне атрымала песня "Why Wait" з перадапошняга альбому "She Wolf", якой спявачка і адкрыла свой выступ у Мінску.

На танцпляцы лунала шмат калумбійскіх сцягоў

Падчас выканання другой песні Шакіра дастала губны гармонік, на якім "падыграла" гітарысту, які граў сола.

"Прывітанне, Беларусь! – павіталася Шакіра. – Я вельмі рада, што вы вырашылі правесці гэты вечар тут, і маё адзінае жаданне, каб вы атрымалі ад яго задавальненне! Гэты вечар – увесь ваш!"- дадала спявачка і распранулася, каб выканаць "цяжкую" версію свайго першага англамоўнага хіта "Whenever, Wherever", які калісьці і дапамог Шакіры прарвацца на сусветны рынак.

Зала завялася з першымі акордамі, і нават на трыбунах шмат хто з гледачоў вырашыў не сядзець на месцах і кінуўся танцаваць. Тут Шакіра вырашыла правесці невялічкі майстар-клас для беларускіх дзяўчат. Падчас пройгрышу яна наблізілася да краю подыюму і пачала ўглядацца ў залу са словамі "Фор вімен онлі!" Так спявачка абрала чатырох дзяўчат, якіх запрасіла да сябе на сцэну і разам з імі выканала імправізаваны "танец жывата".

"Left-right, left-right, left-right, – прыгаворвала Шакіра. – Зараз эраунд, эраунд, тааак, яшчэ (паказвае спявачка, як трэба варушыць сцёгнамі), а зараз jump! Скачам! Скачам!"


Пасля сканчэння кампазіцыі і танцу спявачка падзякавала кожную з 4-х дзяўчат словамі: "Ты, ты, ты, і ты перамаглі, а я звольненая!"


Па "традыцыі" пасля хітовай і гарачай "Whenever, Wherever", на змену ёй прыйшла лірычная балада "Inevitable".

"Гэта песня, якую я спявала шмат гадоў таму са сваімі сябрамі на пляжы ў маёй роднай Калумбіі. Былі толькі зоркі, мора і гітара. Гэта адна з маіх любімых песень".

Пасля "Inevitable" ў зале пагасла святло, а на сцэне з’явілася балерына з ружамі. Паколькі каверамі ўжо даўно нікога не здзівіць, вось і Шакіра вырашыла не цурацца гэтай практыкі. Спявачка выканала кавер на класічную баладу гурта Metallica "Nothing Else Matters" з іх "Чорнага Альбому" (1991), у якой другую частку песні праспявала на іспанскай мове.

Разам з часткай сваёй інтэрнацыянальнай каманды музыкаў Шакіра перамясцілася на самы край подыюма, дзе і знаходзілася некаторы час. Там яна выканала знакамітую "Gypsy" і хіт "Tortura", дзе да спявачкі далучыўся рэпер Wyclef Jean ды гарачыя дзяўчаты з танцавальнага бэнду.

Калумбійская дзіва ніколі не забывалася на свае карані. Так і зараз амаль падчас кожнай песні, а асабліва – кожнага танца, яна падкрэслівала: "Вось так мы робім, калі танцуем у Баранкіле! En Barranquilla se baila asi"- (родны горад Шакіры – заўв.аўтара) - "Я – хітана! (цыганка ў перакладзе з гішпанскай мовы)".

Сваім незабыўным шоў Шакіра безумоўна пацвердзіла рэпутацыю "дзікай дзяўчыны". Ёй не стаялася на адным месцы нават некалькі хвілін, яна танчыла, бегала, віталася з гледачамі, пераапраналася і здзіўляла залу новымі вобразамі. Дарэчы, Шакіра выступала босай, а падчас канцэрту парвала не адзін са сваіх убораў)))

"Ёсць ночы, якія падаюцца больш цёмнымі за іншыя. Але я веру і спадзяюся, што ўсё адно, ўнутры кожнага з вас расце маленькае сонца", – так неадназначна прадставіла Шакіра аднайменную песню свайго апошняга альбому "Sale el Sol".

Пад канец канцэрту музычнае "надвор’е" мянялася з кожнай песняй. Раптоўна выпаў снег з канфеці, які пасаваў да нябеснай сукенкі Шакіры, а сама спявачка ў той момант была падобная на маленькую прынцэсу. Заключнымі кампазіцыямі сталі адны з самых вядомых хітоў Шакіры "Loca", "She Wolf", "Ojos Asi".

Гледачы і не думалі разыходзіцца, але ім давялося "папрацаваць" перш чым спявачка ўсё ж такі выйшла "на біс". Першым "бісам" стала "Antes de las seis" з апошняга альбому, затым "хіт усіх часоў" "Hips Don’t Lie", вядомую у народзе як "Шакіра-Шакіра".

Але завяршальная песня "Waka Waka" прыгадала ўсім, што Шакіра з’яўляецца самым маладым паслом добрай волі ЮНІСЕФ. На вялікім экране з’явіліся афрыканскія дзеці, якія распавядалі пра свае мары. На сцэне разам з Шакірай танчыла вялікая колькасць людзей, а са столі "Мінск - Арэны" паляцелі рознакаляровыя канфеці.

Што тычыцца меркавання гледачоў, то ў асноўным яны ацанілі шоў Шакіры на выдатна. Нават калі некаторым не хапіла пазітыўнай энергіі ці непасрэдна голасу спявачкі.

Света: "Мне вельмі моцна спадабалася. Голас сеў, але я шчаслівы чалавек!".

 

"Супер, класна. Шоў было добрае. Не скажу, што рэпертуар мяне вельмі ўразіў, але шоў было класнае. – працягвае другая - Я далучаюся да сяброўкі, я не такая шматслоўная, мне таксама вельмі спадабалася, цудоўна".

Маша: "Цудоўны канцэрт, Шакіра маладзец, разумніца. Але гук, напэўна, не зусім добры. Не ўсё было чуваць, зразумела, таму можа быць праблема ў тым месцы, у якім мы знаходзіліся. Вельмі спакойна ў параўнанні з канцэртамі Стынга, Элтана Джона, там было вельмі шмат уражанняў. Тут – не зусім той драйв, якога мы чакалі".

Ігар: "Супер, выдатна! У нас голасу няма ўвогуле – крычалі. Але шоў асабліва ніякага не было".

Маша і Даша: "Гэта проста лепшае, што адбылося ў маім жыцці. Такое шоў, па тэлебачанні такога не ўбачыш".


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі