У Мінску затрымлівалі юрыста за публічнае чытанне Бібліі
Байцы спецназа жорстка сцягнулі Сяргея Луканіна з парапета, заламалі рукі і адправілі ў пастарунак.
Юрыста царквы "Новае жыццё" Сяргея Луканіна ўчора затрымлівалі міліцыянты ў Мінску каля "Макдональдса". Ён чытаў Біблію і заклікаў людзей ва ўмовах крызісу звяртацца да Бога, а не панікаваць і масава скупляць тавары. Як паведаміў Еўрарадыё Луканін, міліцыю выклікалі людзі, якія спачатку самі спрабавалі яго спыніць.
Луканін: “Былі нейкія хуліганы, якія з крыкам: “Ваш бог памёр”, сцягнулі мяне з парапета, я моцна ўдарыўся аб асфальт. А потым зноў забраўся на парапет, і калі яны ўбачылі, што я працягваю прапаведваць, яны выклікалі міліцыю. Прыйшоў нарад спецназа, два байцы спецназа, яны вельмі жостка мяне сцягнулі мяне з парапета, заламалі рукі і адправілі ў Цэнтральны аддзел міліцыі”.
У міліцыі на Луканіна спачатку склалі пратакол, палічыўшы, што, паколькі ён сабраў вакол сябе натоўп, то гэта была "несанкцыянаваная акцыя". Але, як адзначыў Луканін, пасля 23-й гадзіны яго адпусцілі і ніякага пратаколу ён больш не бачыў.
Адзначым, што юрыста царквы "Новае жыццё" затрымлівалі ужо пяць разоў. Кожны раз ён атрымлівае папярэджанне, але спыняць публічнае чытанне Бібліі Луканін не збіраецца.