У Нясвіжскім замку пераблыталі герб Радзівілаў і ўзялі на працу... клоўнаў
У замку выяўляюцца чарговыя казусы рэстаўрацыі.
Рэстаўратары Нясвіжскага замка пераблыталі герб Радзівілаў! Шмат стагоддзяў арол на гербе глядзеў выключна налева – то бок, на захад. Цяпер у Нясвіжскім замку вас чакае сенсацыя – на адных печах і лямпах ён глядзіць направа, на другіх – налева. Апагей гэтай памылковасці прывітае вас проста на фасадзе. Там размешчаны два арлы, адзін над другім. Ніжні, правільны, глядзіць налева, а за пару метраў над ім арол паглядае ў бок Расіі!
Апагей пераблытаных гербаў: ніжні, "правільны" арол, глядзіць налева, а арол над ім - направа!
“Гэты герб – гэта проста фурор! – абураецца блогер Глеб Лабадзенка, які суправаджае Радзівілаў падчас іх прыездаў у Беларусь, а таксама выкрывае памылкі рэстаўратараў. – Дайшло да таго, што ў адной зале адзін арол глядзіць направа, другі налева! Гэта, я лічу, проста апагей рэстаўрацыі. Выдатнае дапаўненне да шклопакетаў, пластыкавых дзвярэй, гіпсакардонных скляпенняў і знішчанай старой ляпніны”.
"Фальшывых" арлоў у родным замку імгненна вылічыла 94-гадовая княгіня Эльжбета Радзівіл
На ўсіх свяцільніках арлы - "няправільныя"!
На гэтай выяве арол глядзіць куды трэба
Гэтай печы таксама пашанцавала - арол адпавядае гістарычнай праўдзе. Што праўда, тут у княгіні Радзівіл узнікла іншая прэтэнзія: трубы на шчыце мусяць быць дзве ўверх, адна ўніз.
"Эталон" апла і трубаў кожны можа пабачыць у фамільнай крыпце Радзівілаў пад нясвіжскім касцёлам Божага Цела
Дырэктар замка, якога прызначылі 10 месяцаў таму, і які праславіўся сваім слабым веданнем радзівілаўскай тэмы, кажа, што не прыглядаўся, у які бок глядзяць арлы ў розных месцах.
Сяргей Клімаў, фота labadzenka.by
Сяргей Клімаў: “Я вам не скажу, бо не ведаю, пра якія канкрэтна месцы ідзе гаворка. Але гістарычна ён апісаны гэты герб у гербоўніку Нясецкага. І тое, што рабілі рэстаўратары – яна рабілі па гэтым гербоўніку. Дзе канкрэтна ён там перагорнуты ў супрацьлеглы бок – я, шчыра кажучы, не прыглядаўся, не ведаю”.
Увогуле, у Нясвіжскім замку адбываюцца даволі цікавыя рэчы. Напрыклад, з'явіліся… клоўны. Яны ходзяць у аднолькавых паласатых спадніцах, гумовых ботах. Іх роля – забаўляць турыстаў, каб было каго фоткаць.
Дырэктар Сяргей Клімаў, кажа, што клоўнаў нанялі забаўляць дзетак.
Сяргей Клімаў: “Ну, клоўны – гэта не зусім клоўны. Гэта дзіцячыя праграмы музей праводзіць. Бо музей – гэта рэканструкцыя не толькі радзівілаўскай лініі. Але гэта і рэканструкцыя таго, шт о тут было. У Радзівілаў быў першы ва Ўсходняй Еўропе лялечны тэатр. І гэтая публіка проста спрабуе сябе для дзіцячай аўдыторыі”.
Тым часам, у самім замку плануюць стварыць экспазіцыю... мінералаў.
“Вялікіх навацыяў у экспазіцыях няма, – распавядае супрацоўніца музея. – Ёсць казусныя моманты. Плануюць зрабіць выставу мінералогіі. У Радзівілаў былі прадметы з камню – плошкі, цікавыя міскі. Але пра выставу мінералаў – як проста камянёў – я нідзе не сустракала такой інфармацыі! Які інтарэс турысту будзе глядзець на мінералы, якія цяпер у газетных шапіках прадаюцца!?”
У цэнтры за шырмай - агромністы кандыцыянер. Такія стаяць у большасці музейных залаў замка
Галоўная на сёння зала замка - Гетманская - аздобленая ў чырвона-зялёных танах
Прафесар Надзея Высоцкая знаходзіцца ў жаху ад таго, што ва ўсіх пакоях замка рэстаўратары шчодра размалявалі сценкі і столі золатам – каб было “па-багатаму”. Паводле ўспамінаў княгіні Радзівіл і старых фота, залатыя роспісы былі да вайны толькі ў Зоркавай залі. Надзея Высоцкая ў роспачы.
Надзея Высоцкая: “Ніякай фантазіі! Страшнага нічога няма, што не распісаныя бэлькі – калі яны сапраўды не былі распісаныя!.. Там не робяцца інтэр’еры, а робяцца выставачныя залы з выпадковымі рэчамі. Гэта кепска – мы бачым, бо так ужо зрабілі ў Міры”.
Распісаныя золатам столі выглядаюць, мякка кажучы, безгустоўна
Прафесар заклікае чыноўнікаў неадкладна звярнуць увагу на сітуацыю ў Нясвіжы, якая, на яе думку, набліжаецца да крытычнай.
Кабінет №3 у офісным будынку нясвіжскага музея
Змест гэтай шыльды можна перакласці як "Даследчыцкае таварыства Аненербе ў Нясвіжы". Аненербе - фашысцкая арганізацыя, ідэолагам якой быў Гімлер
А тым часам у замку з’яўляюцца і абразлівыя рэчы для ўсё краіны. Нехта прычапіў на адзін з кабінетаў таблічку, што тут працуе “Даследчыцкае таварыства Аненербе ў Нясвіжы”. Як вядома, гэта фашысцкая арганізацыя, ідэолагам якой быў Гімлер. Што праўда, шыльда правісела толькі дзень ці два – старыя музейшчыкі знялі яе.