У Пінску сёння пройдзе "Ноч у музеі"

Як паведаміла БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік Ірына Федаровіч, падчас акцыі адбудуцца некалькі вернісажаў. Гэта выставы халоднай зброі канца ХVII — пачатку ХIХ стагоддзяў; работ украінскіх мастачак — ураджэнак Пінска — Галіны Сідарэвіч (работы са шкла) і Наталлі Аксёненка (фарфор). Апрача таго, будзе адкрыта экспазіцыя вясельнай фатаграфіі перыяду пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя па цяперашні час.

"Сёння вечарам у нашым музеі яшчэ можна будзе ўбачыць шоу пясчаных карцін, а таксама такую форму авангарднага мастацтва, як бодзі-арт", — дапоўніла Федаровіч.

У музеі будзе гучаць сярэдневяковая музыка, гасцей будуць сустракаць рыцары, а таксама польскі кароль Сігізмунд I і яго жонка каралева Бона, якой ён пасля скасавання ў 1521 годзе Пінскага ўдзела перадаў яго землі. Суправаджаць караля і каралеву будзе світа. Гэтыя ролі выканаюць акцёры Палескага драматычнага тэатра. 

Завершыцца акцыя канцэртам беларускага гурту "J:Морс".

Акцыя "Ноч у музеі" арганізавана ў Пінску ўпершыню.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі