У Мінску судзілі шматдзетную маці, якая пратэставала супраць смяротнай кары
Таццяну Гацуру затрымалі і аштрафавалі ў яе дзень народзінаў.
Цяжарную Таццяну Гацуру сёння, 9 снежня, судзілі ў Цэнтральным судзе Мінску. Суддзя Аляксандр Хадановіч прысудзіў ёй штраф — 700 тысяч рублёў за "парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах".
***
Таццяна Гацура будзе аспрэчваць сваё затрыманне
Пра гэта жанчына паведаміла ў каментары Еўрарадыё.
Нагадаем, цяжарную Таццяну Гацуру затрымалі сёння зранку. Некалькі дзён таму гэтая шматдзетная маці разам з сваімі двума сынамі правяла перфоманс у цэнтры Мінску. Яна пратэставала супраць смяротнай кары ў краіне. Сёння яе прызналі вінаватай у парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі на 700 тысяч рублёў (20 базавых велічыняў).
Гацура прызнала, што парушыла беларускае заканадаўства. Але падкрэслівае, што беларускія законы парушаюць яе права на мірныя сходы і свабоду слова. Акрамя таго, кажа Таццяна, затрымлівалі яе таксама з парушэннямі закону.
Гацура: "Я запаркавалася каля свайго пад'езду. Адразу за мной запаркавалася машына, з якой выйшлі два чалавекі ў цывільным, здалёк паказалі мне дакументы, не далі мне магчымасці запомніць ні прозвішча, ні пасаду — нічога. Адзінае, што я ведала — што яны з Цэнтральнага РАУС. Яны патрабавалі, каб я з імі ехала ў Цэнтральны РАУС. Я адмовілася ў сувязі з гэтымі парушэннямі з імі ехаць, патрабавала ад іх позву. Тады яны мяне на руках клапатліва аднеслі да сябе ў машыну і паклалі на задняе сядзенне".
Па словах Гацуры, яна паспела паведаміць пра затрыманне мужу і праваабаронцы Алене Танкачовай. А потым тэлефон у яе забралі і даслалі з яе мабільніка sms-паведамленне Танкачовай з фальшывай інфармацыяй пра тое, што нібыта Гацуру вязуць у суд на вуліцу Сямашкі.
***
Невядомыя затрымалі Таццяну Гацуру
Затрыманне адбылося ў 9.20 9-га снежня. Жанчына паспела паведаміць праваабаронцам, што яе вязуць у Цэнтральны РУУС.
Нагадаем, што шматдзетная маці Таццяна Гацура 6 снежня накіравала кіраўніку краіны свой зварот. У ім яна папрасіла памяняць смяротнае пакаранне Дзмітрыю Канавалаву і Уладу Кавалёву на пажыццёвае зьняволенне.
Каб перадаць зварот Аляксандру Лукашэнку Тацяна Гацура наладзіла пэрформанс. Разам зь дзесяцігадовым і дзевяцігадовым сынамі яна накіравалася да Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы з плакатам “Спадар прэзідэнт, у мяне чацвёра дзяцей, хто гарантуе ім права на жыццё?”.
***
Своеасаблівы перфоманс Таццяна Гацура зладзіла разам з двума сваімі сынамі 6 снежня. Жанчына разгарнула расцяжку, намаляваную яе дзецьмі, і пад гэтай расцяжкай панесла ў Адміністрацыю прэзідэнта свой зварот. Былая праваабаронца Гацура адзначыла, што яна шматдзетная маці: у яе трое дзяцей, і цяпер яна цяжарная чацвёрты раз. У сваім звароце яна напісала, што не хоча, каб у яе краіне забівалі людзей.
У каментарыі журналістам Гацура сказала, што не верыць у магчымасць звярнуцца да прэзідэнта праз нейкія інстанцыі. Таму яна і звярнулася непасрэдна праз Адміністрацыю.
Пры паходзе да Адміністрацыі сям'ю Гацуры і журналістаў, якія суправаджалі іх, міліцыя не спыняла. Падаць зварот, праўда, не атрымалася. У жанчыны пры сабе аказалася толькі вадзіцельскае пасведчанне, а ахова запатрабавала пашпарт. Маўляў, з іншым дакументам звароту не прыме. У выніку Гацура вырашыла скарыстацца паслугамі пошты, каб данесці свае ідэі кіраўніку дзяржавы.