Унук Аркадзя Куляшова: Лёва Би-2 мне не брат!
Сваяк пісьменніка абвяргае словы музыканта, а прэс-сакратар гурта “Би-2” кажа, што, магчыма, гэта быў жарт.
Шура Би-2 падчас прэс-канферэнцыі перад канцэртам гурта ў Мінску, распавёў, што яго калега Лёва – ўнук беларускага паэта Аркадзя Куляшова.
“У Лёвы, дзякуючы яго дзеду, Аркадзю Куляшову, вядомаму беларускаму паэту, была дома багатая бібліятэка. Я перыядычна ў яго тырыў кніжкі і прыносіў настаўніцы па беларускай як хабар”, – прыводзіць словы гітарыста БелаПАН.
Лідар фолк-гурта "Ліцвіны" Уладзімір Бербераў, якому Аркадзь Куляшоў дакладна прыходзіцца дзедам, пералічыў для Еўрарадыё ўсіх унукаў знакамітага пісьменніка.
Уладзімір Бербераў: "Унукаў я магу пералічыць усіх. Я самы старэйшы. Пасля ёсць Мікалай Уладзіміравіч Куляшоў, далей Зміцер Уладзіміравіч і апошні Аркадзь Аляксандравіч. Больш ніякіх унукаў Куляшова, калі не казаць пра ўнучак, не існавала. Калі гэты Лёва не псеўданім кагосьці з пералічаных асоб, то гэта жарт".
Сапраўднае імя Лёвы Би-2 – Ягор Міхайлавіч Бортнік! Атрымліваецца, што Шура... пажартаваў?!
"Шчыра кажучы, гэта, напэўна, жарт, але дакладна не ведаю", – адказвае на наша пытанне прэс-сакратар “Би-2” Марыя В'югіна.
А гэта Аркадзь Куляшоў.
Усё ж такі нечым яны падобныя!