На "Вольным паветры" кідаліся кізякамі і шукалі новае этна (+фота)

110829 Zybliuk 6abli.mp3

На хутары Шаблі прайшоў доўгачаканы міжнародны фестываль новай этна-музыкі “Вольнае паветра”. Фэст, які пачынаўся як вялікі оўпэн-эйр і прайшоў этап напаўзачыненай віп-імпрэзы, вярнуўся да сваіх вытокаў. Шаблі гэтым разам прадстаўлялі сабой вялікую фестывальную пляцоўку з дзвюма сцэнамі, рэстаранамі, кіназалай, клубам, галерэяй, крамамі, намётавым мястэчкам, паркоўкай, аховай і паўтарыма тысячамі прыгожых людзей. Заўважаная сярод рознакаляровай публікі этна-дзіва Вераніка Круглова параўнала “Вольнае паветра” з замежнымі фэстамі.

Вераніка Круглова: “Такога адчування шчасця я не бачыла ні ў якім замежжы толькі таму, што там гэта звычайная рэч. Там яно раскіданае без прычыны. А тут шчасце па прычыне – людзі проста шчаслівыя. Такі згустак энергіі і шчасця – я балдзею ад гэтага! Людзі ўсе цудоўныя і прыгожыя. Такі неверагодны пазітыў! Клубок нейкага сонца і цуда!”

Спявачкі Света і Вераніка Кругловы

Людзі ехалі ў Шаблі па некалькіх прычынах. Многія – проста прыемна пабавіць час і апынуцца ў эпіцэнтры грандыёзнай падзеі, якія не так часта здараюцца ў нашай краіне. Нехта – за новай музыкай. Іншыя – пакідацца каровінымі лепяхамі. Дарэчы, чэмпіянат па кіданні кізякоў выклікаў вялікую цікаўнасць у публікі. Перамог у ім Дзяніс Ложкін, які ў момант стаў знакамітым на ўсю Беларусь. Аказваецца, ёсць у нас адмысловы клуб па кіданні прадуктаў жыццядзейнасці.

Дзяніс Ложкін: “Так, у нас ёсць клуб – minskonsight.com. Усе прыходзьце! Будзем кідаць! Мы ўсе прафесійна кідаем лайно. Мы ў гэтым майстры”.

Падрыхтаваныя для ўдзелу ў чэмпіянаце каровіны кізякі

Нумар 27 — Каця Пытлева

Пераможца чэмпіянату Дзяніс Ложкін атрымаў скрыню шампанскага

Дагляд пры ўваходзе на фэст

Дзіцячыя забавы

Гімнастыка для душы і цела

Кармільцы

Галоўная сцэна

У адрозненні ад кізякоў, з музыкай было ўсё больш складана. Фэст мусіў прадставіць “новае этна” Беларусі і замежжа. Аднак часам падавалася, што этна тут зусім не пахне. Гучала што заўгодна: джаз ад Apple Tea, дыджэйскія сэты DJ Wojcio і Бадьян Сауна Систем, цікавы і не зусім зразумелы рок ад расіян Комба Бакх. Аднак што такое новае этна, меламаны так і не зразумелі. Праўда, айцы-ідэолагі сёлетняга “паветра” Аляксандр Багданаў і Яўген Калмыкоў выкруціліся з сітуацыі і прыдумалі новае азначэнне фэсту.

Яўген Калмыкоў: “Мы вызначыліся! Нам падказаў Дзіма Безкаравайны. Кажа: “Увогуле гэта world-music. Усім будзе больш зразумела”. Дык вось. Аказваецца, гэта world-music-фестываль”.

“На самой справе, гэта адно і тое ж”, - дадае Багданаў.

Аляксандр Багданаў (Папа Бо) і Яўген Калмыкоў

Ды і музыкі не адчувалі сябе лішнімі на свяце жыцця і любымі шляхамі даказвалі сваю прыналежнасць да этна-музыкі. Гурт "Гурзуф", сэт якога ўразіў фестывальным размахам, па словах баяніста Ягора Забелава, можа падладзіцца пад любую стылістыку.

Ягор Забелаў: “Я магу лёгка аднесці творчасць нашага гурта да любога стылю, да любога фэсту. Хочаце, мы заўтра сыграем на метал-фэсце і будзем у тэму абсалютна? То бок, парвем залу. Я лічу, што на сённяшнім канцэрце ў нашай музыцы этна было звышдастаткова – маса, маса мінімал-этна”.

Тым не менш, многія засталіся незадаволенымі музычнай часткай фэсту. Некага напружвала накладка гуку з абедзвюх сцэн. Музыкі гурта Apple Tea паскардзіліся ў Фэйсбуку на дыскамфорт падчас свайго сэта, маўляў, з-за гучнай музыкі, якая валіла з другой сцэны, удзельнікі гурта часам зусім сябе не чулі. Вось, што напісаў Аляксандр Сапега:

“Арганізатары хацелі ўсё зрабіць па заходніх узорах, але размах не той і магчымасці. Не варта груба капіраваць тое, што ўбачыш на велізарных фэстах – там яны будуюць адмысловыя гукаізаляцыйныя экраны, а часцей карыстаюцца проста асаблівасцямі ландшафту. У Шаблях жа ўсё зрабілі для таго, каб музыка з Галоўнай сцэны сваёй моцай заглушала музыкаў малой сцэны, якая стаяла на пагорку. Напачатку мы наогул не чулі, што гралі самі. Дзіўны досвед!”

Apple Tea

НагУаль

Бадьян Сауна Систем (Украіна)

DJ Wojcio set (Польшча)

Уладарка "Шерстяного шкафа" Анака Шапашнікава

Нельга казаць у дадзеным выпадку пра “першы блін комам”, аднак тэхнічныя хібы былі магчымымі – такога маштабу фэст Шаблі прымалі ўпершыню. Гэта падкрэсліў арганізатар і гаспадар хутару Уладзімір Шаблінскі.

Уладзімір Шаблінскі: “Для мяне гэта проста новы досвед. Мы паставілі сцэну ўнізе, мы развіваем новую тэрыторыю. Для мяне гэта новае адчуванне. Я проста цешуся тым, што ён проста адбыўся, і гэта ўсяляе аптымізм. Больш вольнага паветра ў нашай краіне!”

Комба Бакх (Расія)

Павел Юрцэвіч, кіраўнік студыі гуказапісу "ОСМАС"

Вадзім Касалапаў, вакаліст У нескладовага

Гурзуф

Shazalakazoo (Сербія)

Яўген Калмыкоў паабяцаў у наступным годзе шмат зорак і беларускамоўных каманд на фэсце і выглядаў пры гэтым досыць аптымістычна.

Яўген Калмыкоў: “Сённяшні фэст нам насамрэч усяляе аптымізм. Відавочна, што тэрыторыя можа змясціць больш людзей, і я думаю, што гэтаму фестывалю быць!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі