Вызначаныя першыя фіналісты адбору на фестываль "Соседний мир"
За выступ на міжнародным украінскім open-air змагаюцца 32 гурты, але на яго сцэну выйдуць толькі дзве нашы каманды.
Пачатак гэтага года стаў даволі багатым на розныя музычныя конкурсы. Ужо праходзіць чарговы Graffiti Open Music Festival, актыўна рыхтуецца другая "Премия в Кедах", у красавіку пачнуцца паўфіналы адбору на фестываль Emergenza і гэта толькі частка таго, што сёлета запланавана.
А днямі стартаваў яшчэ адзін конкурс, пераможцы якога паедуць на фестываль "Соседний мир". Адбор праходзіць у Мінску ўжо другі раз, у мінулым годзе на ўкраінскім open-air выступілі гурты "Мутнаевока" ды The Fraiz. Сёлета ж за выступ змагаюцца 32 беларускія гурты.
"Адборам займаўся аргкамітэт самога фестывалю, а таксама рэгіянальныя прадстаўнікі Беларусі, Украіны ды Расіі, - распавядае пра тое, як адбіраліся паўфіналісты, арганізатар Віталь Ціхановіч. - Першапачаткова ім аддалі ўсе заяўкі, і кожны прадстаўнік, які браў у гэтым удзел, адабраў гурты. Удзельнікаў паўфіналу вызначыла супадзенне меркаванняў".
Але бывае і такое, дадае Віталь, што гурты адмаўляюцца ад выступу, у каго гастролі, каму не падыходзяць даты і г.д. Напрыклад, ад удзелу адмовіліся гурты S°unduk ды "Красные звёзды". Іх арганізатары замянілі калектывамі, якія набралі крыху менш балаў.
Тым часам адзін з чатырох паўфінальных канцэртаў ужо прайшоў, паводле яго вынікаў, у фінал выйшлі гурты The Silicon ды Acid Head. Наступныя паўфіналы пройдуць 28 сакавіка ды 4 і 11 красавіка.
"У кожным адборачным канцэрце бяруць ўдзел восем гуртоў, - тлумачыць схему вызначэння пераможцаў Віталь. - Сярод іх шляхам узняцца рук гледачы вызначаюць чатырох лепшых. То бок, кожны наведвальнік можа прагаласаваць за калектыў, які яму спадабаўся. А з гэтых чатырох два гурты выбірае кампетэнтнае журы. Прычым, з журы мы дамовіліся, што яны будуць ацэньваць гурты адразу пасля выступу, каб не забыцца пра нешта і, сыходзячы з гэтых адзнак, выбіраюцца пераможцы".
У журы арганізатары запрасілі Алега Хаменку і па адным прадстаўніку ад "Еўрарадыё", парталу Ultra-music ды радыё "Аплюс Рок".
У фінале, які адбудзецца 28-га красавіка застанецца такая ж схема галасавання. Дарэчы, усе фіналісты атрымаюць прызы ад арганізатараў ды партнёраў, але толькі першыя два гурты трапяць на сам фестываль "Соседний мир".
"Першае месца - гэта выступленне на галоўнай сцэне фестывалю плюс – праезд у межах аўтобуснага тура, - распавядае пра галоўныя прызы Віталь. - А другое месца - гэта магчымасць выступіць на малой сцэне "Солнце", але ўжо без праезду на фэст".
Нагадаем, на другім паўфінале выступяць магілёўскія гурты Eihelstraat ды Nizkiz, полацкі калектыў Freelite, а таксама сталічныя Amaroka, Сity A, Russian Roulette ды "Девятый миллиметр", з заменай "Красным звёздам" арганізатары пакуль не вызначыліся.
Сам фестываль "Соседний мир" пройдзе 27-29 ліпеня на беразе Азоўскага мора, на базе адпачынку "Казанціп".
Фотакарткі з першага паўфіналу. Выступалі гурты "АРИ на Радио", Rili Dope, Happy Face, "Теплые вещи", The Silicon, Acid Head, Karavan, "Чип и Дейл". У фінал прайшлі The Silicon ды Acid Head.