Як вярнуць грошы за няякасны абутак?
Жыхарка Брэста спрачаецца з ЦУМам за пару пантофляў розных памераў.
Алена Дзьянкова набыла пантофлі ў Цэнтральным Універмагу горада, калі прымярала абутак ў краме, ён падыходзіў. Аднак дома Алена заўважыла, што пантофлі аказаліся рознымі па памеры. Абураная брастаўчанка вярнулася ў краму, але прадавачкі адмовіліся вяртаць грошы за няякасны тавар, не захацелі таксама абмяняць пантофлі на іншую пару. Больш за тое, у краме не пагадзіліся нават адправіць абутак на экспертызу. Жанчына звярнулася да кіраўніцтва ўнівермага. Там адказалі, што і без экспертызы на абутку можна пабачыць сляды нашэння, бачны пясок на падэшве. Алена ні разу не выйшла на вуліцу ў гэтых пантофлях, а пясок мог з’явіцца з-за таго, што абутак доўга стаяў на вітрыне і шмат хто яго прымяраў, расказвае правабаронца Уладзімір Малей:
“Узяла абутак з вітрыны, людзі якія да пакупніцы прымяралі, мабыць хадзілі. Былі на абутку сляды носкі, хаця сама жанчына абутак не насіла”.
Правабаронца падкрэслівае, што паводле закона абутак мусіць падлягаць абмену на працягу сезона. І калі раптам нехта апынуўся ў такой сітуацыі як Алена Дзьянкова, то варта адразу зрабіць запіс у кнігу скаргаў і прапаноў, а таксама адправіць пісьмовы ліст , па яго юрыдычным адрасе. У лісце трэба пісьмова папярэдзіць, што ў выпадку парушэння закона вы, як спажывец, вымушаныя будзеце звярнуцца ў пракуратуру. Можна таксама шукаць дапамогі ў Беларускім таварыстве Абароны правоў спажыўцоў. Праўда, вырашэнне праблемы з дапамогай Таварыства будзе каштаваць даражэй за новую пару абутку, заўважае юрыст Уладзімір Малей:
“У нас судовая сістэма пабудаваная так, што калі спажывец выйграе судовы працэс, што усе судовыя затраты Таварыства не кампенсуюцца адказчыкам-прадаўцом. Калі спажывец прайграў суд, то, натуральна, судовыя выдаткі не кампенсуюцца Таварыству, і хаця з іскавай заявы ў нас не трэба плаціць дзяржаўную пошліну, аднак, калі іншы бок — прадавец — карыстаўся паслугамі юрыста, ці рабіў экспертызу, то затраты пагашае спажывец”.
У выпадку брастаўчанкі Алены, якая набыла няякасны тавар у Цэнтральным Універмагу, праваабаронца Малей раіць звярнуцца непасрэдна да генеральнага дырэктара крамы Віктара Валюшыцкага, які раней быў дэпутатам мясцовага гарадскога савету, а цяпер з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам жыхарка горада можа скарыстацца сваім правам звароту грамадзян да дэпутата.
Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма