Якой была беларуская эканоміка і палітыка ў 2011 годзе?

2011 год быў адметны тым, што гэта — год пасля выбараў. Пра тое, як змянілася праца праваабаронцаў пасля 19 снежня, расказвае праваабаронца Алена Танкачова.


Алена Танкачова: Сёння мы маем найбольш жорсткае рэагаванне ўлады, якое выявілася ў крымінальным пераследзе Алеся Бяляцкага — нашага сябра і калегі. І я мяркую, што гэта форма ясна дэманструе, што праваабаронцы прыраўнаваныя да палітычнай апазіцыі — улада ўспрымае нас як ворагаў. З аднаго боку — так, цяжка, але з іншага боку — гэты выклік быў настолькі моцны, што ён падштурхнуў да таго, што прафесіяналы пачалі больш актыўна праяўляцца ў праваабарончай сферы.


Сярод адвакатаў, няхай і з цяжкасцямі, але мы працягваем знаходзіць спецыялістаў, якія гатовыя працаваць з палітычна матываванымі справамі. Кансультацыйная дзейнасць працягваецца сіламі прафесійных юрыстаў, якія працуюць у непасрэднай сувязі з праваабарончымі арганізацыямі.


Выбух у мінскім метро і суд над падазраванымі сталі ці не найбольш запамінальнымі падзеямі 2011 года. На судзе можна было назіраць метамарфозу: некаторыя сведкі і пацярпелыя выступалі ледзьве не ў абарону хлопцаў. Што за гэтым стаіць?


Алена Танкачова: Найперш мы бачым стрэс і шок у грамадстве. І амаль імгненная рэакцыя недаверу дзяржаве. Адразу з’яўляюцца вялікія сумневы, што гэта справа рук тэрарыстаў. Нягледзячы на тое, што яны дастаткова хутка схопленыя і, здавалася б, выдатна спрацавала праваахоўная сістэма. Але замест таго, каб адзначыць пазітыў у працы праваахоўнікаў, грамадства кажа: “А мы не верым! Нешта тут не тое. І гэта неяк не так, і тое неяк не гэтак”… Тое ж зараз адбываецца ў судзе.


Яшчэ адна гучная падзея сыходзячага года — суд над Алесем Бяляцкім. Пра гэты працэс і недавер да судоў у краіне разважае Алена Танкачова.


Алена Танкачова: Людзі зараз успрымаюць суд як элемент дзяржавы. І вось як адразу пасля тэракта ўзнік недавер да дзяржавы, так ён зараз і рэтранслюецца ў судзе.


У эфіры Еўрарадыё старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына прыгадвала сыходзячы год. Яна прызналася, што стаўленне да жанчынаў, якія выходзілі на плошчу пасля выбараў, у яе не змянілася.


Еўрарадыё: Ці не шкадуеце вы пра сваю ўжо крылатую фразу пра боршч?


Лідзія Ярмошына: Больш за тое — я гатова паўтарыць яе некалькі разоў! Я страшэнна расчараваная жаночай часткай маладога пакалення — яны агідныя маці, яны дрэнныя жонкі, яны не добрыя, не міласэрныя людзі. Таму — як хутчэй трэба іх заклікаць да баршча, дзяцей, кніжак і гэтак далей. Я лічу гэтую фразу, а боршч — гэта тое, што патрапіла на язык, сімвалам хатняй утульнасці. Не абавязкова боршч — можна торт пячы. А яшчэ лепш — кніжку свайму дзіцяці пачытаць. Даўно гэтыя дамачкі, які блукалі па гэтай плошчы, кніжкі сваім дзецям чыталі? Я — фанатычная маці. Я лічу, што калі ты становішся маці, для цябе не існуе нічога, апроч твайго дзіцяці. Яно можа існаваць, але дзесьці на другім месцы. І ты не маеш права рызыкаваць сабой. А гэта рызыка — прыйсці на плошчу і браць удзел у незаконнай акцыі. Ты не маеш права а 9 гадзіне вечара ў нядзелю кінуць сваё дзіця і боўтацца недзе з мужыкамі. Ты жанчына і маці. Нельга даводзіць эмансіпацыю да абсурду. А яна даведзеная. Калі чалавецтва загіне, то — па віне жанчын. Бо яны забываюцца на сваё прызначэнне жанчыны і маці.


Ад палітычных тэмаў — да эканомікі. У 2011 годзе эканоміку Беларусі моцна штарміла. Узгадваюцца чэргі ля абменнікаў, спісы з сотні людзей, якія не гублялі надзею купіць валюту, чэргі па зліткі ў Нацбанку, ажыятаж, калі беларусы змяталі з прылаўкаў цукар ды алей.


Сярод іншых спецыялістаў у студыі Еўрарадыё пабываў эканаміст Аляксандр Гатоўскі. Разам з ім узгадаем, як пачалася хваля фінансавага крызісу ў Беларусі.


Аляксандр Гатоўскі: Увесь гэты ажыятаж пачаўся з рашэнняў Нацбанка, якія прывялі да зніжэння даверу да нацыянальнай валюты. Вы памятаеце, што там былі ўведзеныя 30 дзён на рэзерваванне, і плюс Нацбанк перастаў укідваць свае грошы з рэзерваў на валютны рынак. Гэтыя два фактары прывялі да высокіх тэмпаў дэвальвацыі. Спачатку гэтыя тэмпы не прызнаваліся, афіцыйны курс захоўвалі на пастаяннай планцы, але рынак дыктаваў свае ўмовы. І той курс, па якім фактычна ажыццяўляліся здзелкі, хутка сышоў у цень на абсалютна іншы ўзровень.


Эканаміст Сяргей Чалы зазірае ў наступны, 2012, год. Ён упэўнены, што рана ці позна беларускім уладам давядзецца правесці структурную перабудову эканомікі.


Сяргей Чалы: Умоўна 2012 год — гэта год стабілізацыі, адыходу ад усяго маразму і ўсталявання раўнавагі. Для таго, каб мець хоць нейкія крыніцы для росту, для павышэння прыбыткаў — нічога, акрамя структурнай перабудовы, няма. З паветра немагчыма нічога стварыць.


Вы можаце надрукаваць пэўную колькасць грошай, на нейкі час вы нават можаце ў намінальным выразе павялічыць прыбыткі насельніцтва, але ў рэальным — з-за таго, што курс ужо іншы — на гэтыя заробкі можна будзе купіць такую ж колькасць долараў і такую ж колькасць тавараў. У лепшым выпадку. А тое і менш.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі