RetroElektro. "Буйство красок".

120706 Agljadacha.mp3

У сучаснай культурнай прасторы так шмат творцаў, якія "гуляюць" у канцэптуальнае мастацтва, што ўбачыўшы заяву "канцэптуальны электра-рок" і на дэбютніку мінскай альтэрнатыўнай каманды RetroElektro можна насцярожыцца. Але ў дадзеным выпадку аматары а-ля постмадэрністскіх штучак знойдуць, чым заняцца – пласцінка дзіўнаватых RetroElektro сапраўды буяе самымі рознымі колерамі і цалкам адпавядае заяўленай канцэпцыі.

Ужо першай кампазіцыяй альбома "Здравствуйте, уважаемая публика" RetroElektro нібыта запрашаюць на свой своеасаблівы, постмадэрнісцкі спектакль з завязкай, 2-ма антрактамі, кульмінацыямі і развязкамі. Падрыхтуйцеся: ужо з першых секунд "Буйства красок" зразумела, што чакаць ад гэтай дзеі літасці не варта – наперадзе 1,5 дзясяткі "смачных" нумароў сярэдняй працягласцю ў 3,5 хвіліны.

zdravstvujte.mp3

Кожная з песень альбома нібыта ілюстрацыя да розных настрояў і станаў музыкаў RetroElektro. І, варта адзначыць, настроі тут вельмі зменлівыя. Ужо на другім трэке пласцінкі "Балаганчик" каманда прымусіць вас шматзначна моршчыць лоб над непрыкрытымі едкімі жартачкамі і бясконца смакуемымі рэфрэнамі. І яшчэ адзін сюрпрыз – у гэтай псіхадэлічнай імправізацыі вы нават не заўважыце, як пачнецца наступная кампазіцыя. 

balaganchik.mp3

Яшчэ адзін астральны нумар пласцінкі – кампазіцыя "Ещё красивей". RetroElektro  у ёй запрашае на прасторы "акадэмічнага" постмадэрнізму з хаатычнымі структурамі, цытаваннем класікаў літаратуры (няхай і дзіцячай) эклектычным змяшэннем стыляў. Але гульня ў эксперыменты ўсё ж ідзе ў разумных дозах і без нецэнзурнай лексікі . Пра гэтую "страту" музыкі часткова ўзгадаюць у наступнай песні.

esche krasivee.mp3

Нават адносныя астраўкі спакою кшталту песні "Дыхание" гучаць балюча і сыра. Затое словы выдатна пасуюць музыцы – тэкстурныя, адточаныя, вынаходлівыя, аздобленыя атмасфернай электронікай і салодкай меланхоліяй. Паслухайце самі

dihanie.mp3

Увогуле, "Буйство красок" гучыць гратэскна і смачна, на адным дыханні, і не хочацца абысці ўвагай ні адну з песень  – ды і вырываць іх з кантэксту агульнага "спектаклю" не варта. Апошняя, заключная песня альбома "Весна" – быццам адна вялікая меланхалічная імправізацыя без пачатку і без канца – нібыта папуры. "Весна" не гучыць як кропка альбома, хутчэй, яго коска, якой RetroElektro запрашаюць круціць пласцінку "на паўторы", настолькі ўсе яе трэкі гарманічна выцякаюць адзін з другога. На "Буйство красок" проста абавязаныя звярнуць увагу усе тыя, хто цікавіцца змрачнаватай і незвычайнай музыкай.

vesna.mp3

Такім чынам, перад намі адна з тых пласцінак, якія ўключаюць у надзеі разагнаць сум – калі вам не падабаецца параўнанне са спектаклем, вы можаце паставіцца да "Буйства красок" як да аўтарскага кіно, якое не кожнаму захочацца пераглядзець другі раз. Гэткі арт-хаўз у музыцы. Але, калі вы наладзіцеся на транслюемую музыкамі хвалю, гэтая пласцінка падарыць вам больш за гадзіну вострых адчуванняў.

І апошняе: не шукайце ў "Буйстве красок" адказаў на паверхні. Ці наадварот – не лезьце занадта глыбока, калі RetroElektro гуляюць не ў вашу гульню, ці не спрабуйце ставіць ім адзнакі  - яны ўсё роўна застануцца на галаву вышэй за многія альтэрнатыўныя каманды, хаця б таму, што яны нібыта з іншага сусвету, дзе ніхто не ведае, што гэта такое.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі