Рок-фэст у Нямеччыне спыніўся з-за ўдару маланкі
Папулярны рок-фэст Rock um Ring у горадзе Мендыг на захадзе Нямеччыны быў скарочаны на адзін дзень. Трэці дзень фэсту адмянілі пасля таго, як ад удару маланкі пацярпелі прынамсі 8 наведвальнікаў, перадае Бі-Бі-Сі.
Фэст Rock um Ring ладзіцца ўжо 31 год. Яго праводзяць пад адкрытым небам у горадзе Мендыг за 100 км ад Франкфурта. Сёлета сярод яго хэдлайнераў былі Red Hot Chilli Peppers, Black Sabbath, Foals, Deftones і We Are Scientists.
Па словах арганізатараў фэсту, мясцовыя ўлады вырашылі адмяніць канцэрты ў сувязі з тым, што прагноз абяцае далейшае пагаршэнне надвор'я.
Дарэчы, яшчэ ў суботу некаторыя выступы давялося адмяніць з-за навальніц і залеваў. Аматары року чакалі ў сваіх аўто або пад навесамі.
Зрэшты, некаторыя закідаюць арганізатарам папрокі, што яны не адмянілі фэст раней. Ужо ў суботу зранку не менш за восем чалавек моцна пацярпелі ад удару маланкі.
Летась на гэтым жа рок-фэсце ў лякарню пасля ўдару маланкі трапілі 33 чалавекі.