Румас адмовіўся прагназаваць курс долара на канец 2018 года
Кіраўнік урада Беларусі Сяргей Румас заявіў 5 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў, адказваючы на пытанне журналіста Еўрарадыё, што не можа сказаць, якім будзе курс долара да канца 2018 года.
"Вы ведаеце, асноўная выснова, якую я зрабіў падчас маёй першай працы ва ўрадзе ў 2011-1012 гадах, — ніколі не варта адказваць на пытанне журналістаў "Які будзе курс долара?. Пагугліце, 4600 мне ўспамінаюць дагэтуль", — сказаў Сяргей Румас.
Ён выказаў здагадку, што нават кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр "з раніцы не зможа сказаць, які курс будзе да канца дня".
Прэм'ер-міністр адзначыў, што курс рубля ў апошнія гады стабілізаваўся, вызначаецца рынкавымі механізмамі, і нават насельніцтва паступова пачало лічыць у рублях, а не ў валюце, як гэта было ў часы нестабільнага курсу.
У 2011 годзе Сяргей Румас займаў пасаду віцэ-прэм'ера. Той год запомніўся беларусам амаль трохразовай дэвальвацыяй (з 3000 рублёў 1 студзеня да 8350 рублёў 31 снежня), а ў красавіку ўрад і Нацбанк, спрабуючы стрымаць дэвальвацыю, далі жорсткую вусную рэкамендацыю: курс міжбанкаўскіх здзелак не павінен перавышаць 4500-4600 рублёў за долар. Але гэта толькі паралізавала рынак, і рэкамендацыю адмянілі.