Рускі нацбол Ермакоў: Вашы паліцэйскія на нашым баку па пытанні Данбасу

Рускі нацбол Ермакоў: Вашы паліцэйскія на нашым баку па пытанні Данбасу

16 лютага ў сталічным "Прэзідэнт-гатэлі" чатыры расійскія нацыянал-бальшавікі спрабавалі сарваць брыфінг прадстаўніка АБСЕ ў Кантактнай групе па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе Марціна Сайдыка. Яны раскідвалі ўлёткі аб непрызнанні мінскага фармату перамоваў і крычалі: Данбас — у склад Расіі!”. Адзін з удзельнікаў акцыі, Цімафей Ермакоў, быў затрыманы, правёў пяць дзён за кратамі і быў дэпартаваны ў Расію.

Пра тое, чаго яны хацелі дамагчыся сваёй акцыяй, Ермакоў расказвае ў інтэрв’ю карэспандэнту Еўрарадыё.

Еўрарадыё: У Мінск вы прыехалі па ўласнай ініцыятыве ці па заданні партыі?

Цімафей Ермакоў: Структуры ў партыі пабудаваныя такім чынам, што ініцыятыва вітаецца. Да ўсяго, інфармацыя пра сустрэчу ў Мінску з’явілася даволі позна, мы за дзень ці за два пра яе даведаліся і вырашылі прыехаць. Бо мерапрыемства важнае, і мы хацелі яшчэ раз агучыць нашу пазіцыю па Данбасе.

Цалкам размову з Цімафеем Ермаковым можна паслухаць тут:

Еўрарадыё: Сустрэчы гэтыя праходзяць ужо трэці год, чаму толькі цяпер на іх увагу звярнулі?

Цімафей Ермакоў: Увагу даўно звяртаем, заўжды публічна выказвалі да Мінскіх сустрэч катэгарычна адмоўнае стаўленне. Бо гэта не працуе: украінскі бок прынцыпова не выконвае “Мінскія пагадненні”. Да ўсяго, позна ўжо займацца палітычным урэгуляваннем канфлікту — гэта ўжо поўнамаштабная вайна і людзі даўно забыліся, чаго хацелі на пачатку вайны. Спачатку людзі хацелі федэралізацыі, а цяпер яе ніхто ўжо не хоча — там проста ніхто не хоча жыць ва Украіне. Дакладней, на Украіне, калі па-руску казаць.

Еўрарадыё: Проста цікава, а чаму правільна “на Украіне”? Вы ж не кажаце “на Расіі” ці “на Беларусі”.

Цімафей Ермакоў: Калі вы этымалагічна паглядзіце на назву “Украіна”, то гэта ўскраек. І атрымліваецца, што “на ўскрайку”, а не “ва ўскрайку”. Я разумею, што ўкраінцы кажуць “прыехаць у краіну”, а не “на краіну”. Але справа ў тым, што Украіна да такой ступені маладая дзяржава, як дзяржава незалежная, што ўспрымаць яе як асобную дзяржаву, на самой справе, не варта. Я думаю, што Украіна рана ці позна ўводзе ў склад Расіі. Як, уласна кажучы, і Беларусь. Мы за такое, не эканамічнае, а тэрытарыяльнае аб’яднанне. Як Крым увайшоў, як, мы спадзяемся, уводзе Данбас. У прынцыпе, Украіна — гэта і ёсць частка Расіі. Проста яны заблукалі ў сваіх перакананнях і чамусьці вырашылі, што яны з намі ваююць. Але з імі ніхто не ваюе, яны ваююць з уласным народам.

Еўрарадыё: Ну, гэта з якога боку глядзець на ўскраек: магчыма, гэта Расія — ускраек Украіны і Беларусі, калі глядзець з боку Вялікага Княства Літоўскага.

Цімафей Ермакоў: Стаўленне людзей да Расіі пачынаецца з гісторыі. Спачатку нам раскажуць, што ўкраінцы, рускія і беларусы — гэта цалкам розныя народы, ВКЛ там і ўсё такое. Як гэта было, калі развальвалі СССР: дзялілі па нацыянальнай прыкмеце і казалі, што лепш быць маленькім і незалежным. Але калі ты маленькі і незалежны, ты слабы, а калі ты вялікі і ўсе адно ад аднаго залежаць — ты моцны.

Еўрарадыё: І ўсё ж, ваша пазіцыя па Данбасе — якая яна?

Цімафей Ермакоў: Мы хочам, каб Данбас увайшоў у склад Расіі. Але калі браць шырэй, то ў нас ёсць лозунг “Гнаць хунту да Львова”. Каб і Харкаў, і Днепрапятроўск, і Адэса, і Запарожжа ўвайшлі ў склад Расіі. Гэта мара, а пакуль хочам каб ДНР/ЛНР увайшлі ў склад Расіі як паўнапраўныя рэгіёны.

Еўрарадыё: А што, калі Беларусь прапануе Расіі даць больш суверэнітэту нейкай расійскай аўтаномнай акрузе?

Цімафей Ермакоў: Беларусь не можа сабе гэтага дазволіць, а Расія можа. Так пабудаваныя адносіны сярод людзей і краін: калі ты вялікі і моцны, то можаш дыктаваць свае ўмовы маленькім і слабым. Украіна — дзяржава, якой цалкам кіруюць звонку. Гэта нявыгадна Расіі, і відавочна, што яна будзе ставіць свае ўмовы. Яна іх ставіць, але, як мы лічым, не вельмі настойліва патрабуе іх выканання. Дапамога мусіла быць аказаная значна раней і быць яна павінна больш відавочнай.

Еўрарадыё: Вернемся ў Мінск: як атрымалася, што затрымалі толькі вас аднаго?

Цімафей Ермакоў: І добра, што так атрымалася! Бо калі “прымаюць” некалькі чалавек, то пачынаюцца розныя псіхалагічныя гульні… Атрымалася так, што я выйшаў першы з канферэнц-залы і быў затрыманы аховай.

Еўрарадыё: Вы сапраўды называліся журналістамі “Нашай Нівы”? Чаму менавіта гэтага СМІ?

Цімафей Ермакоў: Так, але мы так назваліся толькі калі заходзілі ў канферэнц-залу на брыфінг. На ўваходзе стаяла дзяўчына, якая цікавілася, хто які СМІ прадстаўляе. Яна ў нас і пасведчанне запатрабавала. Але ненастойліва. У адваротным выпадку ўсе нашы планы зламалі б. Назвалі СМІ тое, якое першым у галаву прыйшло. Не было мэты “Нашу Ніву” неяк дыскрэдытаваць.

Еўрарадыё: Вам нейкі штраф выпісалі? Вы яго аплацілі?

Цімафей Ермакоў: Штрафу не было. У вас іншае: у камеры на дзвярах вісіць аб’ява: “Увага асуджаным! Вам будзе неабходна аплаціць дзень пражывання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў — 11 рублёў 50 капеек за адзін дзень”. На нашы грошы гэта недзе 350 рублёў у дзень. Я там быў пяць дзён. Мне далі квітанцыю, але я нічога аплачваць не стаў — не лічу патрэбным плаціць грошы за тое, што мяне ўтрымлівалі ў ізалятары. Кармілі, што праўда, нядрэнна, але вельмі мала, гэта не каштуе такіх грошай.

Еўрарадыё: Вас жа там яшчэ і ахоўвалі — таксама грошай каштуе!

Цімафей Ермакоў: Па шчырасці, супрацоўнікі міліцыі і ахова паводзілі сябе вельмі добра. Я там нават парэкамендаваў прыехаць і даць нашым мянтам майстар-клас па этыцы, этыкеце і выхаваным стаўленні да затрыманых. І галоўнае, што не было для мяне дзіўным, але проста пацвердзілася яшчэ раз, большасць супрацоўнікаў вашай паліцыі, якія са мной так ці інакш мелі справу, былі салідарныя з нашай акцыяй. Што на Данбасе час ужо завяршаць ваенныя дзеянні, вайну трэба спыняць. Прычым, супрацоўнікі паліцыі былі не на баку Украіны, а на баку апалчэння. Казалі: “Мы гэты пункт гледжання падзяляем, мы б цябе выпусцілі, але ў нас закон”. Яшчэ вашы супрацоўнікі мяне да аэрапорта давезлі. Ветлівыя, прыемныя людзі — не тое што ў нас!

Еўрарадыё: Штамп неўязнога ў Беларусь паставілі, выконваць забарону будзеце?

Цімафей Ермакоў: Штамп ставіцца ў замежны пашпарт, а ў мяне з сабой быў толькі звычайны, таму нічога не паставілі. Але ў базу мяне занеслі і на пяць гадоў закрылі ўезд у вашу краіну. І калі я прыеду, гэта будзе крымінальным злачынствам, якое караецца зняволеннем на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Таму ў найбліжэйшыя пяць гадоў я ў сонечную Беларусь не паеду — мне такія прыгоды не патрэбныя. 

Фота са старонкі ў Фэйсбуку Цімафея Ермакова

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі