Рутэнка: у “Барселоне” я не чуў пераканаўчых довадаў за аддзяленне Каталоніі

Рутэнка: у “Барселоне” я не чуў пераканаўчых довадаў за аддзяленне Каталоніі

1 кастрычніка ў Каталоніі прайшоў рэферэндум, на якім вырашалася пытанне аддзялення ад Іспаніі. Кіраўніцтва рэгіёна заявіла, што за незалежнасць выказаліся 90% жыхароў. Пры гэтым яўка склала крыху больш за 42%. Мадрыд называе плебісцыт незаконным, бо такім яго прызнаў Канстытуцыйны суд Іспаніі. З гэтай нагоды правядзенню рэферэндуму актыўна супрацьдзейнічалі іспанскія спецпадраздзяленні, накіраваныя ў Каталонію Мадрыдам. У сутыкненнях з паліцыяй пацярпела больш за 800 чалавек. Траўмы атрымалі дзясяткі праваахоўнікаў. Еўрарадыё запытала пра ўнутраную сітуацыю ў Каталоніі, агульныя настроі і патрыятычны рух у беларускага гандбаліста Сяргея Рутэнкі, які выступаў за клуб “Барселона” з 2009 па 2015 год і за гэты час выйграў пяць чэмпіянатаў і чатыры Кубкі ASOBAL а таксама стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў.

Еўрарадыё: Падчас вашага выступлення за “Барселону” ці абмяркоўвалася неабходнасць незалежнасці ад Іспаніі?

Сяргей Рутэнка: Ну так, было. У камандзе рэгулярна былі дэбаты на гэтую тэму. Пра гэта увогуле шмат размаўлялі. Нават тыя людзі, з якімі мы там пазнаёміліся, у сваёй большасці былі за аддзяленне. Але я згодны з тымі выказваннямі, якія цяпер бачу па тэлебачанні, што рашэнне Мадрыда павесці сябе менавіта так абсалютна незразумелае. Бо на той момант, калі я быў у Барселоне, усё ж было шмат людзей, якія былі і супраць аддзялення. А такімі дзеяннямі, мне падаецца, Мадрыд толькі падштурхнуў гэтых людзей да змены меркавання.

Еўрарадыё: А як каталонцы ставяцца да іспанцаў, ці існуе нейкі культ каталонскай мовы, ці патрабавалі ў вас у клубе вывучыць менавіта каталонскую мову?

Сяргей Рутэнка: Нейкай варожасці я асабліва не адчуў. За сем гадоў у мяне было, можа, пара выпадкаў, калі на мяне коса глядзелі з-за таго, што я размаўляў па-іспанску а не па-каталонску. Але, ва ўсялякім выпадку па маім досведзе, усё было ў даволі спакойным рэжыме. Натуральна, што віталася, калі ў прыватнасці спартсмены размаўлялі на каталонскай. Я крыху ўлавіў гэтую мову, і падчас інтэрв’ю на некаторыя пытанні мог адказаць на каталонскай мове. Але мне было складана размаўляць. Каталонцы з гэтага ніякай праблемы не рабілі. Яны віталі тое, што ты разумееш іх, спрабуеш нешта сказаць, але такога, каб яны цябе падштурхоўвалі вывучыць менавіта каталонскую, не было.

Еўрарадыё: Ці падтрымліваеце вы аддзяленне Каталоніі?

Сяргей Рутэнка: У нашых сяброўскіх дэбатах я быў заўсёды супраць. Мы шмат на гэты конт размаўлялі, і мне было цікава пачуць іх пазіцыю, але яна мне падалася неаргументаванай. Меркаванне такое крыху зманіпуліраванае. Маўляў, гэта гістарычна, так было даўно… Але мне падаецца, што Каталонія моцная менавіта за кошт таго, штознаходзіцца ў складзе Іспаніі. Сёння ёсць прыклады іншых рэгіёнаў, тых жа Баскаў, якія здолелі з Іспаніяй дамовіцца. На мой погляд, такое развіццё падзей было б правільным. Гэта магло паменьшыць тыя хваляванні, якія цяпер адбываюцца. Але Мадрыд чамусьці вырашыў пайсці іншым шляхам. Але спадзяюся, што ўсё гэта ўсё ж такі суціхне. На мой погляд, Каталоніі было б больш выгадна і правільна застацца ў складзе Іспаніі. І ў нашых размовах мяне ніхто не здолеў пераканаць. Бо я так і не пачуў ніякіх моцных аргументаў на карысць аддзялення. Бо ўсё што гучала — патрыятычнае жаданне і размовы пра тое, што гістарычна гэта асобная краіна.

Еўрарадыё: Многія каталонскія спартоўцы выступілі ў падтрымку незалежнасці. Ці мусіць спорт усё ж заставацца па-за палітыкай, ці ў сучасным свеце гэта ўжо норма?

Сяргей Рутэнка: Можа, я кансерватыўных поглядаў, але я заўсёды выступаў за тое, каб спорт быў па-за палітыкай. Узгадаць хоць бы прынцып алімпійскага руху і той факт, што падчас Алімпіяд спыняліся войны. Я прыхільнік менавіта такіх поглядаў. Верагодна, гэта вельмі кансерватыўна. Але пры гэтым, колькі я сябе памятаю, спорт быў моцна пераплецены з палітыкай. Але апошнім часам гэта стала ўвогуле вельмі моцна заўважна. Як, напрыклад, на сочынскай Алімпіядзе. І мяне, як спартоўца, гэта вельмі засмучае. На жаль, мы, як спартоўцы, ніяк не можам гэтаму супрацьстаяць. Я магу зразумець гульцоў, якія агітавалі за незалежнасць Каталоніі, думаю, што збольшага яны менавіта мясцовыя жыхары. А тыя замежнікі, якія гуляюць у Каталоніі, натуральна, будуць падладжвацца пад палітыку клуба. Не будзем крывіць душой, вы і самі разумееце, што яны людзі нанятыя, яны прагнуць добрага стаўлення з боку заўзятараў, з боку кіраўніцтва клуба.Таму іх я магу ў гэтым сэнсе зразумець. Але, калі казаць у глабальным сэнсе, то я за тое, каб палітыкі ў спорце не было. Але, на жаль, у сучасным свеце палітыка і спорт вельмі моцна пераплеценыя і цяпер палітыка вельмі часта выкарыстоўвае спорт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі