Рыгор Васілевіч: Дзеючае заканадаўства не заўжды адпавядае Канстытуцыі
Чаму і кім парушаюцца гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды грамадзян, размаўляем з былым старшынёй Канстытуцыйнага суда Рыгорам Васілевічам
Даведка Еўрарадыё: Васілевіч Рыгор Аляксеевіч, з чэрвеня 1993 па красавік 1994 гадоў — загадчык юрыдычнага аддзела Сакратарыята ВС РБ. У красавіку 1994 года абраны сябрам Канстытуцыйнага суда. Працаваў над праектам Канстытуцыі, прапанаваным Лукашэнкам на рэферэндуме 1996 года. 5 снежня 1996 года прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні Канстытуцыйнага суда, а пазней і старшынёй. У 2008 годзе прызначаны Генеральным пракурорам. 20 верасня 2011 Васілевіч вызвалены ад пасады Генпракурора. Цяпер — загадчык кафедры Канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ.
Праблема кампенсацыі маральнай шкоды да гэтага часу не вырашаная
Еўрарадыё: У адным з апошніх сваіх інтэрв’ю вы звярнулі ўвагу, здавалася б, на банальную гісторыю, што адбылася ў адной з прыгарадных электрычак…
Рыгор Васілевіч: У размове з “Беларускай думкай” я звярнуў увагу на прысуд, які быў вынесены грамадзяніну Беларусі, які здзейсніў хуліганства ў дачыненні да фізічнай асобы. Па гэтым прысудзе на вінаватага быў накладзены штраф — выплаціць 13 мільёнаў рублёў на карысць дзяржавы, а на карысць пацярпелага прысудзілі выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1 мільёна 200 тысяч рублёў ці, калі перавесці — 150 долараў. Пра гэты выпадак быў сюжэт па тэлебачанні, і я бачыў, да якой ступені гэты пацярпелы быў збіты, твар страшны, адзенне — парванае. І мне падаецца, што гэтая кампенсацыя маральнай шкоды была непараўнальна малой у параўнанні з тым, што атрымала дзяржава.
Еўрарадыё: Чаму гэты выпадак прыцягнуў увагу загадчыка кафедры Канстытуцыйнага права, пры чым тут Канстытуцыя?
Рыгор Васілевіч: Бо Канстытуцыя прадугледжвае больш адэкватную абарону чалавека, які пацярпеў ад любога парушэння яго правоў і свабод. У 2 артыкуле Канстытуцыі ідзе гаворка пра ўзаемную адказнасць дзяржавы і чалавека адно перад адным. І ў Канстытуцыі абвешчаны прыярытэт правоў і свабод чалавека, і чалавек абвешчаны вышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. А ў дадзеным выпадку дзяржава атрымала ў выглядзе штрафу 13 мільёнаў — з аднаго боку, а з другога мы маем 1 мільён 200 тысяч на карысць пацярпелага. Увогуле, праблема кампенсацыі маральнай шкоды, колькі я з ёй не змагаўся, да гэтага часу не вырашаная. Падчас працы Генпракурорам я звяртаў увагу на тое, што кампенсацыя маральнай шкоды за забойства на карысць родных пацярпелага відавочна неадэкватная той абароне, якая прадугледжваецца Канстытуцыяй. У сувязі са смерцю чалавека спаганялі ўсяго 5-6 мільёнаў. Я кажу пра 2008-2009 гады, але і па тым часе гэта смешныя сумы. Прычым, па рэспубліцы гэтыя сумы вагаліся: у Брэсцкай вобласці — 5-6 мільёнаў, у Віцебскай — 10-12 мільёнаў. Цяпер сітуацыя крыху змяняецца, але на прыкладзе, з якога мы пачалі гаворку, бачна, што яна ўсё адно не ў поўнай меры адпавядае нормам Канстытуцыі. І ўвогуле, праблема ўдасканальвання права прымяняльнай судовай практыкі да гэтага часу існуе.
Еўрарадыё: Якімі заканадаўчымі нормамі рэгулюецца пытанне, якой павінна быць выплата на карысць дзяржавы, і якой павінна быць кампенсацыя пацярпеламу?
Рыгор Васілевіч: Гэта той выпадак, калі суадносіны выплат павінна фармаваць судовая практыка. У нас, як і шмат у якіх іншых дзяржавах, няма нейкіх спецыяльных законаў, дзе былі б прапісаныя крытэрыі “падзелу” выплат кампенсацыі — колькі дзяржаве і колькі пацярпеламу. Карысна было б суддзі паставіць сябе на месца таго ж пацярпела ў электрычцы і паглядзець, ці задаволіла б яго сума кампенсацыі ў 150 долараў? Ці калі казаць пра кампенсацыю маральнай шкоды блізкім за забойства іх роднага: 5-6 мільёнаў, ці 2-3 тысячы долараў, ці можна тут казаць пра поўную кампенсацыю? Жыццё чалавека павінна цаніцца значна вышэй. Справа злачынцы, як ён будзе кампенсаваць, ці паспее ён гэта зрабіць, калі будзе вынесены смяротны прысуд. Ведаеце, колькі гадоў таму я чытаў пра тое, што жанчыне за дрэнна зробленую ў цырульні прычоску выплацілі 700 долараў кампенсацыі. Ёсць іншыя прыклады, калі пацярпеламу выплачваюцца сотні тысяч долараў кампенсацыі. Гэта на Захадзе, але і мы паступова рухаемся ў гэтым накірунку — зламыснікам прысуджаюць выплаціць больш значную кампенсацыю пацярпелым. Але праблема застаецца нявырашанай.
Еўрарадыё: Але ж гэта пракурор у судзе выступае з прапановай да суда прысудзіць абвінавачанаму тое ці іншае пакаранне!
Рыгор Васілевіч: Але канчатковае рашэнне прымае суддзя, які ставіць кропку ў пытанні прысуду. Дык няхай суддзя правільна ставіць гэтую кропку! Зразумела, ёсць нагляд у межах судовай сістэмы, якім павінен быць адпаведным Канстытуцыі. Таму тут нельга папракаць пракурораў у тым ці іншым падыходзе — гэта пытанні судовай улады.
З 1994 года не было ніводнага запыту суда агульнай юрысдыкцыі ў Канстытуцыйны суд. Што, не было праблем з супярэчнасцямі паміж дзеючым заканадаўствам і Канстытуцыяй?
Еўрарадыё: Чаму і з кім Вам падчас працы Генпракурорам не ўдалося дамовіцца, каб вырашыць гэта пытанне?
Рыгор Васілевіч: Ведаеце, першая рэакцыя заўжды была такая: “Усё добра”. Можа, не хочацца прызнаваць сваю неправату. Праўда, паступова сітуацыя ў гэтым накірунку змяняецца, хоць і не ў той меры, як гэтага патрабуе Канстытуцыя. Я вам казаў пра разыходжанні ў суме кампенсацыі за аднолькавае злачынства ў розных абласцях. Але ў нас ёсць канстытуцыйны прынцып роўнасці ўсіх перад законам і судом. У бацькоў з Віцебскай воласці, якія страцілі сваё дзіця, пакуты эмацыйныя такія ж, як і ў бацькоў з Брэсцкай вобласці. А чаму сумы маральнай кампенсацыі розныя? Тут відавочнае парушэнне канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і судом. І на гэта мы звярталі ўвагу. Рэакцыя не была хуткай, але цяпер, мне падаецца, практыка развіваецца ў рэчышчы канстытуцыйных патрабаванняў.
Еўрарадыё: Канстытуцыю і яе адпаведныя артыкулы тым, з кім спрабавалі на гэту тэму размаўляць, паказвалі?
Рыгор Васілевіч: У мяне такое адчуванне, што некаторыя па заканчэнні юрыдычнага факультэта гадоў 40 таму апроч Кодэксаў іншыя юрыдычныя крыніцы рэдка адкрываюць. А для таго, каб зразумець сэнс зместу канстытуцыйных норм, трэба пастаянна разважаць: што ж хаваецца за гэтым канстытуцыйным палажэннем, якая глыбіня, якія межы рэалізацыі канстытуцыйнай нормы і прадпісання. Трэба вывучаць замежную канстытуцыйную практыку, погляды навукоўцаў, як яны ўспрымаюць тую ці іншую канстытуцыйную норму. Ды і ўвогуле, неабходна ведаць, як рыхтаваўся праект Канстытуцыі, якія думкі ўкладалі распрацоўшчыкі. Трэба пранікаць у канстытуцыйны тэкст, жыць ім і тады, можа быць, нешта атрымаецца. Адзначу, што ў артыкуле 112 Канстытуцыі прадугледжанае права судоў на запыты ў Канстытуцыйны суд. Але з 1994 года ніводнага запыту ў Канстытуцыйны суд суда агульнай юрысдыкцыі не было. Прайшло 20 гадоў з прыняцця Канстытуцыі — што, не было ніколі праблем з супярэчнасцямі паміж дзеючым заканадаўствам і Канстытуцыяй? Тым больш, у судовай практыцы? Канстытуцыйны суд за 20 гадоў сваёй працы вынес мноства рашэнняў, заключэнняў і іншых актаў, у якіх звяртаў увагу, што дзеючае заканадаўства і правапрымяняльную практыку неабходна прыводзіць у адпаведнасць з Канстытуцыяй. Але яшчэ застаецца шмат праблем, якія патрабуюць свайго рашэння.
Крымінальны кодэкс — з моманту яго прыняцця туды больш за 60 разоў уносіліся змены. Што гэта за палігон такі для навучання норматворчай дзейнасці?!
Еўрарадыё: Скаргі на тое, што законы ў нас добрыя, але правапрымяняльная практыка не на вышыні і таму адбываюцца парушэнні, я чую не першы раз. Што ж у нас не так з гэтай правапрымяняльнай практыкай, што ў выніку, нягледзячы на добрыя законы ды кодэксы, у нас парушаюцца правы чалавека і свабоды?
Рыгор Васілевіч: У нас з ёй гэтак жа, як і ў іншых дзяржавах. Нельга сказаць, што напісалі Канстытуцыю, і ўсе адразу пачалі на 100% рэалізоўваць і ўспрымаць канстытуцыйную норму. Сумясціць рэальнае жыццё з канстытуцыйным тэкстам няпроста. Нават так званыя дэмакратычныя дзяржавы прайшлі складаны шлях, каб канстытуцыйныя нормы сталі больш-менш рэалізаваныя на практыцы. Іншая справа, што сістэма органаў і службовых асоб павінна быць арыентаваная на тое, каб як мага хутчэй карэктаваць правапрымяняльную ці судовую практыку, калі яна не адпавядае Канстытуцыі.
Да прыкладу, падчас маёй працы Генпракурорам, мы выявілі сітуацыю, калі па аднолькавым “сюжэце” ў адной вобласці выносіўся абвінавачвальны прысуд, а ў іншай — апраўдальны. Але ж забеспячэнне адзінай судовай практыкі — задача не толькі пракуратуры, але і судовай улады, яны ж ажыццяўляюць нагляд. Гэта недапушчальна. Правапрымянальная практыка базуецца на заканадаўстве, але што гэта за заканадаўства, калі яно нестабільнае? Узяць той жа Крымінальны кодэкс — з моманту яго прыняцця туды больш за 60 разоў уносіліся змены. Адміністрацыйны кодэкс — больш за 60 разоў таксама ўносіліся змены ў законы. Што гэта за палігон такі навучання норматворчай дзейнасці?!
Крымінальны кодэкс павінен быць адным з самых стабільных актаў. А дзе прагноз таго, што гэтыя акты будуць дзейнічаць доўгатэрмінова? Я часам гляджу, якія ўносяцца змены, і задаю сабе пытанне, ці трэба дзеля гэтага тузаць сам Кодэкс. Як могуць працаваць бізнес-структуры, грамадзяне выконваць гэтыя нормы, калі заканадаўства нестабільнае?
З 1989 па 1994 гады мне пашчасціла працаваць загадчыкам юрыдычнага аддзела Вярхоўнага савета. Мы прынялі больш за 500 заканадаўчых актаў, новых, якіх не было раней ўвогуле, бо будавалася новая дзяржава. І гэтыя акты не супярэчылі адзін аднаму, адрозніваліся стабільнасцю. Цяпер больш за 2 тысячы законаў, камп’ютарныя тэхналогіі, спецыялісты ў розных галінах — можна прагназаваць, што будзе пасля прыняцца таго ці іншага акта.
А ў нас часцяком гучыць “Ура!” калі рыхтуецца і прымаецца чарговы праект, а праходзіць паўгода, і трэба зноў лезці ў Кодэкс і нешта карэктаваць. Гэта нонсенс. У самым крайнім выпадку трэба карэктаваць акты такога кшталту.
Былі прыклады, калі і за 30 тысяч рублёў атрымлівалі 7-8 гадоў пазбаўлення волі. Замест таго, каб прызначыць папраўчыя працы
Еўрарадыё: Можаце назваць іншыя нормы Канстытуцыі, якія ў нас парушаюцца?
Рыгор Васілевіч: Рэч у тым, што Канстытуцыя ўтрымлівае не толькі нормы, але і прынцыпы. І самае складанае, вызначыць змест гэтых прынцыпаў. Да прыкладу, адпаведнасць суразмернасці адказнасці здзейсненаму ўчынку. Мы можам казаць пра крымінальную адказнасць, адміністрацыйную — гэты прынцып адпаведнасці пакарання здзейсненаму не зусім, мне падаецца, не ў поўнай меры ў нас рэалізуецца. Прычым, судамі. Па шэрагу крымінальных злачынстваў выносяцца звышсуровыя прысуды.
Еўрарадыё: Да прыкладу?
Рыгор Васілевіч: Я доўга біўся супраць судовай практыкі, калі які-небудзь доктар ці інжынер СТА за 20-30 долараў хабару (а былі прыклады, калі і за 30 тысяч рублёў) атрымлівалі 7-8 гадоў пазбаўлення волі. Замест таго, я не кажу цяпер пра сістэматычнае атрыманне хабараў, каб прызначыць папраўчыя працы. Але за адзін факт і такі тэрмін — гэта шкода дзяржаве, грамадству і самой гэтай асобе. Адказнасць павінна быць адэкватнай.
Гэта прымусіла мяне ініцыяваць перад кіраўніком дзяржавы прыняцце канцэпцыі “Аб удасканальванні сістэм мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання”. Днямі мы аналізавалі на прававым савеце пры прэзідэнце рэалізацыю гэтай канцэпцыі. Пракуратура робіць усё, каб канцэпцыя была рэалізаваная, а вось пра судовую практыку я такога сказаць не магу — у адсоткавых суадносінах сітуацыя не змянілася. Тая ж сітуацыя з пазбаўленнем волі, з прысуджэннем штрафаў — тут суды не надта імкнуцца змяніць сітуацыю.
Размова не ідзе пра тое, каб толькі змяншаць адказнасць і па шэрагу накірункаў я акурат за ўзмацненне адказнасці: за наркотыкі, за згвалтаванне, забойствы, разбойныя нападзенні і гэтак далей. Але ёсць злачынствы, дзе чалавек мусіць мець магчымасць рэабілітаваць сябе перад грамадствам і кампенсаваць страты пацярпелым.
Канфіскацыя аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў цалкам адпавядае Канстытуцыі
Еўрарадыё: Сапраўды, калі за кошык скрадзенай бульбы і за скрадзеныя тысячы долараў прысуджаюць аднолькавы тэрмін — гэта выглядае неяк нелагічна… Да каго гэтае пытанне: дэпутатаў парламента, якія не ўнеслі адпаведныя праўкі ў закон, ці да Вярхоўнага суда?
Рыгор Васілевіч: Гэта пытанні судовай практыкі, наколькі яна адэкватная? Калі прасачыць за гэтай практыкай, то яна мае хвалепадобны характар. За адно і тое ж злачынства адзін час прысуджалася занадта суровае пакаранне, а ў іншы час — занадта мяккае.
Еўрарадыё: Аналізавалася, з чым звязаныя гэтыя хвалі?
Рыгор Васілевіч: Не ведаю, з чым гэта звязана. Трэба проста разумна дзейнічаць, разумна рэалізоўваць нормы заканадаўства. З іншага боку, і Крымінальны кодэкс — не шэдэўр. Мяне здзіўляе розніца паміж мінімальным і максімальным памерам санкцый. Часам даходзіць да 10 гадоў паміж мінімумам і максімумам. І гэта карупцыйны фактар: што значыць два-тры гады дадаць ці зменшыць? Але калі сам Кодэкс недасканалы, то трэба практыкай займацца і думаць, як будзе лепш для дзяржавы і для грамадства, для канкрэтнай асобы?”
Дарэчы, пра больш жорсткае пакаранне: у 2008 годзе я выступіў з прапановай канфіскоўваць транспартныя сродкі за кіраванне ў нецвярозым стане. І два гады я і міністр унутраных спраў даказвалі неабходнасць прыняцця гэтай нормы, але супрацьдзеянне было з боку кіраўніцтва судовай улады. Але ж вы пагадзіцеся, што ёсць людзі, якія нічога не разумеюць, і ім ў такім выпадку супрацьпаказана давяраць аўтамабіль — яго неабходна канфіскоўваць! Іншая справа, што я быў за канфіскацыю ў выглядзе адміністрацыйнага пакарання, а не за крымінальнае, якое цягне за сабой і судзімасць, і накіраванне ў месцы пазбаўлення волі. Можна было абмежавацца буйным штрафам і канфіскацыяй, а не павялічваць колькасць вязняў.
Тым не менш, статыстыка паказвае, што сёння колькасць кіравання ў нецвярозым стане зменшылася амаль у два разы. Але вяртаючыся да правапрымяняльнай практыкі, хачу адзначыць: добра, што ў 2014 годзе будзе амністыя, і некалькі тысяч чалавек будуць вызваленыя ад пакарання. Гэта пазітыў. Але з іншага боку, гэта азначае, што цяпер за кратамі некалькі тысяч “лішніх” людзей. І калі б ад пачатку суд прызначыў адэкватную меру пакарання, то, можа, і не спатрэбілася б амністыя.
Еўрарадыё: А наколькі гэтая норма адпавядае канстытуцыйнаму праву грамадзян на недатыкальнасць асабістай уласнасці?
Рыгор Васілевіч: Цалкам адпавядае. Артыкул 44 Канстытуцыі прадугледжвае магчымасць прымусовага адчужэння ўласнасці, праўда, з поўнай кампенсацыяй яе кошту, калі гэта адчужэнне ажыццяўляецца ў інтарэсах грамадскіх патрэб. Да прыкладу, знос дома пад будаўніцтва дарогі. І іншая падстава — у адпаведнасці рашэнню суда. А калі яшчэ паглядзець у 23 артыкул Канстытуцыі, то там сказана, што абмежаванне правоў і свабод чалавека дапускаецца ў інтарэсах абароны нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя, маральнасці, правоў і свабод іншых асоб. Такім чынам, гэта абмежаванне дапускаецца для таго, каб мы з вамі, знаходзячыся ў транспартным патоку, былі ўпэўненыя, што насустрач нам не будзе ехаць той, хто з-за алкаголю неадэкватны за рулём.
Магчыма, ёсць пытанні наконт юрыдычнай сілы дэкрэтаў прэзідэнта
Еўрарадыё: Наколькі дзеючая Канстытуцыя адпавядае сённяшняму часу, і калі браць яе цалкам, і калі разглядаць яе асобныя нормы?
Рыгор Васілевіч: І цалкам, і ўсімі сваімі нормамі Канстытуцыя цалкам працаздольная. Яна дазваляе органам дзяржаўнай улады эфектыўна функцыянаваць, забяспечвае правы і свабоды грамадзян, прымушаць калі неабходна грамадзян і юрыдычных асоб да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў. Я часта заглядаю ў канстытуцыйны тэкст і бачу, што і сістэма ўлады такая, што яна выбудаваная ў імя інтарэсаў грамадзян, і грамадзяне валодаюць шырокім наборам правоў і свабод.
Мяркую, вам цяжка будзе знайсці прыклад каб даказаць, што нейкая норма абмяжоўвае правы і свабоды. На пэўным этапе Канстытуцыя была скарэктаваная, але гэтага не пазбеглі ўсе краіны СНД. Парадаксальна тое, што Канстытуцыя Беларусі з пэўнымі зменамі была вынесеная на рэферэндум, народ падтрымаў гэты тэкст Канстытуцыі, і гэта выклікала непрыняцце ў пэўнай часткі насельніцтва, а вось Канстытуцыя Расіі, якая была прынятая 12 снежня 1993 года ў вельмі складаных умовах шляхам народнага галасавання, дзе шмат супярэчнасцяў і “ляпаў”, успрымаецца грамадствам як дакумент, да якога неабходна ставіцца вельмі паважліва і рэалізоўваць яе нормы.
Еўрарадыё: Можа, тая “пэўная частка насельніцтва” не прыняла не самога факту ўнясення зменаў у Канстытуцыю, а адной канкрэтнай ўнесенай нормы?
Рыгор Васілевіч: Я чытаю ў асобных публікацыях, што “24 лістапада 1996 года — чорны дзень календара”. Такімі падыходамі і прыніжаецца значэнне Канстытуцыі. Так, часам даводзіцца пагаджацца з тым, што ёсць, хоць і не хочацца, каб такая рэдакцыя была. А вы наадварот надайце Канстытуцыі большую вагу!
Еўрарадыё: Я кажу пра змены, калі знялі абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў…
Рыгор Васілевіч: Я не кранаю цяпер 2004 год, я кажу выключна пра 1996 год. І кажу пра тое, што дзеючая Канстытуцыя дастаткова сучасная. Вы не знойдзеце там ніводнай нормы, якая б выпадала з агульнага заходнееўрапейскага кантэксту. Магчыма, ёсць пытанні наконт юрыдычнай сілы дэкрэтаў прэзідэнта — можа, тут магчымае ўзмацненне. А ў астатнім…
Еўрарадыё: Вось, маем мы выдатную, атрымліваецца, Канстытуцыю, якая гарантуе нам усе магчымыя правы і свабоды. У тым ліку, і права на свабоду сходаў, мітынгаў і дэманстрацый. А паглядзім на рэчаіснасць: праводзіць мітынгі і пікеты апазіцыі практычна забаронена… У чым прычына?
Рыгор Васілевіч: Адкажу так: адмова ў прадстаўленні вуліцы ці парка для правядзення масавага мерапрыемства можа быць абскарджаная ў судзе. У дадзеным выпадку ўсе пытанні да старшыні Вярхоўнага суда: як фармуецца судовая практыка? Ужо колькі я па шэрагу пытанняў з асобнымі спадарамі спрачаўся, вам не перадаць. І не хачу на гэтым спыняцца. Але палітычныя правы — гэта, безумоўна, канстытуцыйныя правы. Як і права на судовую абарону. І 60 артыкул Канстытуцыі так і гучыць: “Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, непрадузятым і незалежным судом”. Вось, хай таварышы суддзі адпрацоўваюць свой хлеб — я лічу, што кожны орган улады павінен працаваць па-сапраўднаму.
Еўрарадыё: Скажыце шчыра, наколькі ў часы Вашай там працы і сёння пракуратура палітычна заангажаваная? Я кажу пра так званыя палітычна матываваныя прысуды, на якіх, вынікае, настойвае пракурор?
Рыгор Васілевіч: Пракурор абараняе інтарэсы дзяржавы і інтарэсы тых грамадзян, якім патрэбная абарона. Я не думаю, што пракуратура з’яўляецца палітычна ангажаваным органам улады. Закон “Аб пракуратуры” накіраваны на тое, каб пракуратура дзейнічала ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам. Я ведаю, што шмат пратэстаў выносілася і выносіцца пракуратурай, і многія з іх задавольваюць, але шмат і адхіляецца. Як бы там ні было, кропку, як кажуць, ставіць суд. І судовая ўлада фармуе і вызначае практыку і органаў следства, і органаў пракуратуры, і практыку іншых органаў улады.