Самасуд у мінскай краме: дробных злодзеяў збівалі і голымі выганялі на вуліцу

Самасуд у мінскай краме: дробных злодзеяў збівалі і голымі выганялі на вуліцу

У Мінску ў Серабранцы ў краме, якая належыць буйной гандлёвай сетцы, адбываўся самасуд над дробнымі злодзеямі. Іх збівалі, голымі выганялі на вуліцу, інфармуе агенцтва “Мінск-навіны” са спасылкай на пракуратуру. Міліцыя даведалася пра гэта пасля таго, як патэлефанавала жанчына, якая ўбачыла голага мужчыну, які выбег з крамы. Пачалася праверка інфармацыі. Высветлілася, што пацярпелым аказаўся 38-гадовы мужчына, дарэчы, раней неаднаразова асуджаны за крадзяжы і ўхіленне ад выплаты аліментаў. Ён паспрабаваў скрасці бутэльку гарэлкі, але быў затрыманы работнікамі крамы. Дырэктар і загадчык аддзела яго збівалі, у тым ліку малатком, патрабавалі кампенсаваць страты за раней скрадзеныя тавары. Мужчына адмаўляў дачыненне да тых крадзяжоў, і яго словы пацвердзіліся. У выніку яго прымусілі распрануцца і голым выгналі з будынка.

Яшчэ адзін пацярпелы — 54-гадовы беспрацоўны, які раней дзевяць разоў быў асуджаны. І ён спрабаваў скрасці алкаголь, быў затрыманы. Над ім здзекаваліся, збівалі, плюхнулі каву ў твар, а пасля голым выгналі на вуліцу.

Усіх затрыманых, каб яны не аказвалі супраціву, звязвалі, рот ім заклейвалі скотчам. У аднаго з пацярпелых зламаны нос. Праваахоўнікі не выключаюць, што пацярпелых можа быць шмат, але многія баяцца звяртацца ў міліцыю.

У дачыненні 40-гадовага дырэктара і 30-гадовага загадчыка аддзела распачалі крымінальную справу. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, абодва мелі праблемы з законам. Той жа дырэктар быў асуджаны за гвалт у дачыненні даішніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі