Сапраўдны арсенал канфіскавалі міліцыянты ў аршанца (відэа)

Сапраўдны арсенал канфіскавалі міліцыянты ў аршанца (відэа)

У прыватным доме 30-гадовага аршанскага рабочага праваахоўнікі выявілі сапраўдны арсенал, паведамляе прэс-служба МУС.

Там былі знойдзеныя карабін Мосіна ўзору 1938 г. (калібр 7,62 мм), абрэз паляўнічай стрэльбы, аднаствольная паляўнічая стрэльба канструкцыі Фралова 28-га калібра. Таксама мужчына трымаў у сябе прыдатныя для выкарыстання складовыя часткі агнястрэльнай зброі: затвор да вінтоўкі канструкцыі Мосіна; затворную скрынку пісталета-кулямёта Шпагіна ўзору 1941 г. (калібр 7,62 мм); ствольную скрынку кулямёта канструкцыі Дзегцярова (калібр 7,62 мм); ствол нямецкага ручнога кулямёта МГ-34 (калібр 7,92 мм). 

Акрамя таго, у мужчыны знайшлі 19 магазінаў, 33 зваротныя і баявыя спружыны, якія з'яўляюцца дэталямі да пісталета Макарава, ды іншыя элементы зброі, а таксама больш за 50 грамаў бяздымнага пораху.

Экспертыза засведчыла, што карабін Мосіна з'яўляецца наразной агнястрэльнай зброяй, абрэз паляўнічай стрэльбы зроблены самаробным спосабам з двуствольнай гладкаствольнай паляўнічай стрэльбы мадэлі "БМ" 16-га калібра. Абодва "ствалы" прыдатныя для выкарыстання.

На аршанца пачалі крымінальную справу. Раней мужчына не трапляўся на вочы праваахоўнікам. Цяпер высвятляецца, адкуль паходзіць канфіскаваная зброя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі