Саша з дуэта “Саша і Сярожа” і Вадзім Галыгін сабраліся на "Еўрабачанне"
Квартэт OXY_YETI, ідэйным натхняльнікам якога з'яўляецца мастак Аляксей Хацкевіч, вядомы па дуэце з Сяргеем Міхалком "Саша і Сярожа", заявіў пра свой удзел на нацыянальным адборы на "Еўрабачанне".
"Гэта наўрад ці прыкол, бо наша песня не вельмі сур'ёзнымі метадамі даносіць сур'ёзныя рэчы. Але і лішні піяр не перашкодзіць", — кажа ў размове з Еўрарадыё Аляксей Хацкевіч.
Летам Хацкевіч са сваімі сябрамі, дызайнерам абутку для байкераў Аляксандрам Лапкоўскім і музыкам гурта J_морс Юрыем Герашчанкам, стварылі гурт "Дзеці Еці". Пасля таго, як да іх далучыўся Вадзім Галыгін, каманда перайменавалася ў OXY_YETI ("Кіслародныя Еці") і вырашыла ўдзельнічаць у "Еўрабачанні".
"З Вадзімам у нас акурат квартэт атрымліваецца. А то мы ўтрох крыху саромеліся", — прызнаецца Хацкевіч.
У візуальным і творчым плане OXY_YETI, ці як яны сябе называюць, апалагеты айчыннага аграхіпстарства, працягваюць традыцыі "Сашы і Сярожы":
"Дуэт быў такім паўмульцікам. І мы далей працягваем гэты паўмульцік. З'явіліся новыя персанажы. Мы не працуем у нейкім ярка выражаным жанры. Мы шукаем. А больш я вам нічога не скажу".
У сакрэце пакуль трымаецца і песня OXY_YETI для "Еўрабачання".