Сасновіч выйшла ў трэці круг, Азаранка пакідае Уімблдон
Вікторыя Азаранка саступіла ў другім крузе Уімблдона румынцы Саране Кірсця / Reuters
Беларусы Аляксандра Сасновіч і Ілья Івашка выйшлі ў трэці круг Уімблдонскага турніру.
Сасновіч (100-е месца ў рэйтынгу WTA) напярэдадні перамагла японку Нао Хібіна (85-е месца ў рэйтынгу WTA) у двух сэтах 6:4, 7:6. Наступная гульня ў Сасновіч у суботу, яе саперніцай стане немка Анжаліка Кербер (28-е месца ў рэйтынгу WTA). Нагадаем, у першым крузе саперніцай Аляксандры была 7-разовая чэмпіёнка Уімблдона легендарная Серэна Уільямс. Але з-за траўмы амерыканка не здолела працягнуць гульню. Сасновіч залічылі тэхнічную перамогу.
У мужчын у трэці круг выйшаў Ілья Івашка. Ён гуляў з французам Жэрэмі Шардзі, устапіў у першым сэце— 4:6, наступныя тры выйграў 6:3, 6:2, 6:4. У суботу ён сустрэнецца на корце з аўстралійцам Джорданам Томпсанам.
Працягвае барацьбу на турніры і Арына Сабаленка (4-е месца ў рэйтынгу WTA). Сёння яна сустракаецца на корце з тэнісісткай з Калумбіі Марыяй-Камілай Осорио-Серрано, якая займае 94-ю пазіцыю ў рэйтынгу WTA.
Яшчэ адна беларуска, 14-я ракетка свету, Вікторыя Азаранка напярэдадні, на жаль, завяршыла сваё выступленне на турніры. У другім крузе яна саступіла румынцы Саране Кірсця 6:7(5), 6:3, 4:6.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.